Жалезны конь любіць паклон

Да ўборкі ўсё гатова, ва ўнісон гавораць і галоўны інжынер СВК «Ляхавіцкі» Андрэй Новік, і механізатары Генадзій Граблюк і Валерый Ракашэвіч.

У прыроды не бывае дрэннага надвор’я, а вось неспрыяльнага –  колькі заўгодна. У адрас складанай сельскагаспадарчай вясны ўжо пушчана не адна крытычная страла. І сённяшні напамін пра тыя «халодныя» абставіны не павінен успрымацца як кантрольны стрэл –  гэта неабходна для разумення сітуацыі з пачаткам жніва. Вясна некалькі «замарозіла» старт уборкі рапсу, зерневых, зернебабовых. Летась-пазалетась у гэты час зерневыя палеткі ўжо пылілі і грукаталі жалезам. Спецыялісты райсельгасхарчу параілі не фарсіраваць падзеі, маўляў, патрэбна яшчэ колькі дзён, каб той жа рапс выйшаў у фазу ўборачнай спеласці. Пры гэтым не абмінулі зрабіць спасылку на ўсім вядомы факт індывідуальнасці характараў палеткавых участкаў: высокія пясчаныя глебы – адно, паніжаныя тлустыя – іншае.

І гэтыя некалькі дзён – усё, што засталося ў часовым багажы вяскоўцаў, каб канчаткова сустрэць жніво ва ўсеўзбраенні. Тэхнічным, кадравым, з пункту гледжання рэзерву паліўна-змазачных матэрыялаў.
Парк зернеўборачных камбайнаў раёна фарміруюць 70 машын. На кожную ў сярэднім прыпадае 225 гектараў уборачных зерневых плошчаў. Плюс рапс, працэс камбайнавання якога магчымы пры ўмове даабсталявання камбайнаў спецыяльнымі прыстасаваннямі. Апошніх у раёне 42 адзінкі, і гэта азначае, што на долю дадаткова абсталяваных прыйдзецца яшчэ прыкладна па 70 гектараў дадатковай нагрузкі. Але сярэднія значэнні фарміруюць усяго толькі агульнае ўяўленне пра тэхнікаўборачную забяспечанасць АПК раёна. У кожнай гаспадаркі – свая сітуацыя. У адных яна набліжана да сярэдніх паказчыкаў, у некаторых лепшая, у асобных горшая.
«Узрост» любой машыны таксама мае значэнне. Хоць бы ў тым, што знаходзіцца ў адваротнай залежнасці з паказчыкам надзейнасці ці працаздольнасці. Гэта няхітрае правіла асабліва характэрна для найбольш складаных машын, механізмаў, агрэгатаў, тым больш – тэхнічных комплексаў, якім, па сутнасці, і з’яўляецца зернеўборачны камбайн.
Камбайнавы парк раёна не абнаўляўся тры апошнія гады. Самы «свежы» зернеўборачны агрэгат прапісаны ў ААТ «Жарабковічы»: надыходзячы ўборачны сезон для яго стане чацвёртым па ліку.
Агульны па тэрмінах эксплуатацыі расклад наступны: 44 працэнты з камбайнаў раёна эксплуатуюцца ўжо больш за 7 гадоў, 40 працэнтаў – «закрываюць» узроставую катэгорыю ад пяці да сямі, 16 працэнтаў –  ад трох да пяці гадоў. Якасць і паўната перадсезоннай падрыхтоўкі на гэтым фоне мае вялікае значэнне, у тым ліку тэхнічнае абслугоўванне. На гэтыя мэты прадугледжана бюджэтная падтрымка. На пэўнай колькасці зернеўборачных камбайнаў раёна ТА ўжо праведзена, іншыя – у рабоце, асобныя – у «лісце чакання».
Дастаткова даўно ўжо тэхніка канцэрна «Гомсельмаш» з’яўляецца прыярытэтнай на ўборачных палетках не толькі нашага раёна. Напрыклад, КЗС-1218, якіх нямала ўжо ў гаражах раённых аграрыяў, спецыялісты характарызуюць як дастаткова надзейную, прадукцыйную, функцыянальную ў плане эксплуатацыйных характарыстык машыну. Пераважна ў гаспадарках раёна –   КЗС-10К, і пальцаў адной рукі дастаткова, каб пералічыць камбайны-іншамаркі. Райаграсэрвіс працягвае эксплуатаваць «Бізоны», СВК «Ляхавіцкі» – ДжонДзіры, «БелДан» – «Ньюхоланд».
Па інфармацыі райсельгасхарчу, па стане на пачатак месяца ў тэхнічную гатоўнасць прыведзены  63 зернеўборачныя машыны. З кадрамі, якія вырашаюць поспех любой справы, пад жніво вырашана пакуль не ўсё. Калі ў ААТ «Шлях новы», ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Ляхавіцкі», ДП «Нача» асаблівых праблем, сцвярджаюць у райсельгасхарчы, з камплектаваннем камбайнавых экіпажаў не прадбачыцца (па сутнасці, яны ўжо сфарміраваны і гатовы стартаваць), то ў КСУП «Тальмінавічы», райаграсэрвісе, не ўсе вакансіі заняты. З першымі нумарамі экіпажаў становішча больш-менш стабільнае, а вось у іх памочніках райаграсэрвіс, напрыклад, адчувае патрэбу.
Яшчэ адзін магутны актыў, ад гатоўнасці якога залежыць поспех уборачнай кампаніі. На тэрыторыі раёна ўзвышаецца 25 зернесушыльнаачышчальных комплексаў. Узвышаюцца габарытамі, хоць і не ўсе знаходзяцца на вышыні ў плане тэхнічнай гатоўнасці. Але несумненны факт: на месцах не чакаюць літасці ад прыроды. Не спадзяюцца на адсутнасць дажджоў і на яркае, гарачае, «доўгае» сонца. А калі і так, то гэтыя кліматычныя фактары могуць выключыць з уборачнага ланцуга працэс сушкі, аднак, не ачысткі зерня ад, умоўна, жыцікаў. Рыхтуюць базу. Напрыклад, «Жарабковічы»: са старой М-819 на выхадзе з рамонту абяцае атрымацца істотна абноўлены сушыльнаачышчальны комплекс. «Нача «завяршае рамантаваць топкавы агрэгат ЗСК-«дзясяткі», у «Ляхавіцкім» вядуцца перадпусканаладачныя работы.
Дарэчы, пра «Ляхавіцкі», дзе на свае вочы пераканаліся: жніво тут чакаюць. Ніякіх аўралаў, «броўнаўскага руху» на тэрыторыі машыннага двара няма і блізка. Абставіны размеранасці, у кожнага свой клопат і свой участак работы. Што тычыцца падрыхтоўкі камбайнаў, то ўсе сур’ёзныя паломкі, дэфекты і непаладкі былі выпраўлены яшчэ з восені.
Як расказаў галоўны інжынер СВК Андрэй Новік, для «Ляхавіцкага» гэта традыцыйная практыка. На міжсезоннае захоўванне камбайны ставяцца ўжо практычна спраўнымі. На старце сезона застаецца правесці тэхабслугоўванне, удакладніць рэгуліроўкі, выправіць нейкія дробязі функцыянавання механізмаў.
Уся васьмёрка камбайнаў даўно пакінула зімовыя «кватэры», утварыўшы на тэрыторыі машдвара жалезны строй. Яшчэ дастаткова нядаўна гэта назвалі б лінейкай гатоўнасці. І ў дачыненне СВК «Ляхавіцкі» сцвярджэнне ці не абсалютна дакладнае, паколькі вывесці ў поле ёсць што і ёсць каму. Усе экіпажы сфарміраваны, большасць з іх – спрацаваны сумеснымі ранейшымі сезонамі. У чым таксама вытокі стабільнага ўраджайнага поспеху гаспадаркі.
Падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу ў райсельгасхарчы звярнулі ўвагу, па-першае, на адметнасць года. Халодная вясна, якая не дазволіла ў дастатковай ступені «выцягнуцца» не толькі шматгадовым травам, але і зерневым культурам. Саломы мала, таму падыход да яе збору павінен быць максімальна ашчадным. Як мага менш здрабняць і распыляць і па максімуму збіраць, цюкаваць, сціртаваць.
І, па-другое, на самае галоўнае: безальтэрнатыўнае і бездакорнае следаванне нормам аховы працы і правілам тэхнікі бяспекі. На любым узроўні, кожным вітку і месцы хлебаўборачнай кампаніі. Хлеб для здароўя і на здароўе. І ніяк не наадварот.
…Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, адбылася проба камбайнаў. У другой палове панядзелка ДП «Нача» выйшла на азімы ячмень. З парай дзясяткаў гектараў справіліся ў той жа дзень. Ураджайнасць – 44 цэнтнеры з адзінкі плошчы.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *