Добрым быць – дабро тварыць

Тысяча спраў у валанцёраў.

Вельмі важна, каб чалавек быў добрым, чулым, умеў спачуваць, прыйсці на дапамогу. Гэтаму вучаць бацькі і педагогі. З такой мэтай ствараюцца валанцёрскія атрады. Ва ўсіх школах горада яны актыўна працуюць, займаюцца карыснай і патрэбнай справай. Валанцёры – удзельнікі і арганізатары шматлікіх акцый і  іншых мерапрыемстваў не толькі ў сваіх навучальных установах, але і ў горадзе.

На базе СШ №1 дзейнічаюць адразу два валанцёрскія атрады – «Чыстыя сэрцы» і «Цяпло душы». «Чыстасардэчныя» шчыльна ўзаемадзейнічаюць з БРСМ, працуюць па трох асноўных напрамках: сацыяльным, спартыўным і экалагічным. «Цёпладушэўныя» больш накіраваны на школу і ветэранаў.
Штогод валанцёры праводзяць акцыі і аперацыі для шаноўных землякоў: «Падарунак ветэрану», «Кветкі ветэрану», «Паштоўка ветэрану», «Ветэран жыве побач» і г. д., падчас якіх наведваюць педагогаў-пенсіянераў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
– З радасцю ідзём да іх дадому, дапамагаем добраўпарадкаваць дваровыя тэрыторыі, віншуем са святамі. Занатоўваем расказы пра вайну. Напрыклад, даведаліся пра лётчыка, які збіваў варожыя самалёты. Ветэраны заўсёды вельмі шчырыя, да іх хочацца прыходзіць і дапамагаць ім зноў і зноў, – дзеліцца Алена Капцэвіч, выпускніца школы, якая была старшынёй атрада «Чыстыя сэрцы».
У мінулым годзе гэты валанцёрскі атрад быў адзначаны граматай Ляхавіцкага РК БРСМ за ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – «Добрае Сэрца» ў намінацыі «Добраахвотніцкія справы ў фотааб’ектыве».
У СШ № 2 з 2009 года працуе атрад «Данка». Яго члены папулярызуюць веды аб міжнародным гуманітарным праве, працуюць з дзецьмі-інвалідамі, сіротамі, пажылымі людзьмі. Адна з буйнейшых акцый – «Сад мары», калі валанцёры сумесна з ветэранамі, актывістамі БРСМ, членамі педагагічнага атрада «Мара» пасадзілі 160 яблыняк на школьным участку.
Ёсць свой валанцёрскі атрад і ў гімназіі –  «Пошук» у мінулым лютым атрымаў фінансаванне па праекце «Тэатр без межаў» (донарам выступіў шведскі Чырвоны Крыж). Гэты праект прадугледжвае стварэнне аб’яднання па інтарэсах тэатральнай скіраванасці «Вясёлка» для сумеснай дзейнасці валанцёраў гімназіі, дзяцей-інвалідаў (у тым ліку з парушэннямі мовы і рухальнага апарата) і іх бацькоў.
Ва ўсіх школах праводзяцца акцыі за здаровы лад жыцця, супраць ужывання наркотыкаў, курэння. Валанцёры прымаюць удзел у «Восеньскім марафоне», падчас якога дапамагаюць пажылым людзям у дастаўцы набытай на кірмашах сельскагаспадарчай прадукцыі. Не застаюцца без увагі і дзеці-інваліды.
– Кожны год напярэдадні святаў школьнікі збіраюць канцылярскія тавары, цацкі, грашовыя сродкі, рыхтуюць тэатралізаваныя прадстаўленні, наведваюць нашых дзетак, – расказала дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская.
Валанцёры ў школьнай форме пасля ўрокаў займаюцца дабрачыннымі справамі. І разам  з гэтым выхоўваюць сябе духоўна, прывучаюцца тварыць дабро, дапамагаюць тым, каму гэта дзейсная падтрымка так неабходна. А як жа інакш, гавораць яны, гэта звычайны расклад.

Ірына ШЛОЙДА,  студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя   А. С. Пушкіна.

Фота з архіва СШ №1 і СШ №2

У гасцях у ветэрана.

Агульная мова знойдзена.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *