Месца сустрэчы змяніць можна

Лета – час добрага настрою і адпачынку. Пташачкі-студэнты прыязджаюць у родныя гняздзечкі да бацькоў на канікулы. Ды і ў маладых ляхавічан пасля работы часу хапае. Пытанні: як праходзяць іх вечары, якія любімыя месцы ў горадзе? «Пунктаў» адпачынку ў нас хапае (кіно, дыскатэка, атракцыёны ў парку, кафэ, стадыён), але ж кожнаму па душы сваё.

Алена, выпускніца школы:
– У Ляхавічах прыгожыя скверы, дзе можна сустрэцца з сябрамі, пачытаць кнігу або проста пасядзець, падумаць. Яшчэ я вельмі люблю паглядзець футбол на стадыёне, не адмаўляюся пагуляць і сама.
Анастасія, студэнтка тэалагічнага факультэта БДУ:
– З сябрамі прагульваемся па цэнтральных вуліцах, заходзім у піцэрыю, «Смайлік». Наведваю бібліятэку, дзе нярэдка праходзяць цікавыя выстаўкі твораў мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Ляхавічах або раёне.
Дзяніс, курсант Ваеннай акадэміі:
– Не супраць прагулкі па парку, ніколі не адмаўляюся ад паездкі на возера з сябрамі.
Алеся, выпускніца школы:
– Фантан, асабліва ўвечары, калі ўсё наўкол прыгожа свеціцца, – маё любімае месца. Часта на пару хвілінак прыходжу палюбавацца. Ёсць нейкая асаблівая атмасфера там у гэты час, неяк чароўна. І гаварыць з сяброўкамі хочацца толькі пра добрае.
На жаль, амаль ніхто не сказаў пра кінатэатр, які ў нас ёсць і працуе. Дарэчы, дарослым зараз можна паглядзець баявік «Час сабак», дзецям – «Рок-Дог». Таксама для юных гледачоў дзейнічае акцыя: пры наведванні кінатэатра два разы на месяц трэцяе – бясплатна. На пытанне, чаму не правесці вольны час там, адказы розныя. На думку некаторых, у нашым «Кастрычніку» мала дэманструецца новых фільмаў. Па словах дырэктара раённай кінавідэасеткі Паўла Фядотава, прычына – у адсутнасці спецыяльнай лічбавай апаратуры. Але плануецца набыць яе… да 2020 года.
У гарадскім парку па вуліцы Дзесюкевіча бываюць дыскатэкі. Народу хапае, музыка таксама нядрэнная. Але большасць моладзі проста сядзіць на лаўках, таму што «занадта светла для танцаў». А яны, дарэчы, доўжацца да 22 гадзін. Па словах студэнткі БарДУ Крысціны, у гэты час толькі пачынае змяркацца, народ «падцягваецца».  Вядома, школьнікам летам можна знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых толькі да 11 гадзін вечара, але ж адпачываючыя на канікулах студэнты не супраць патанчыць крышачку пазней.
На працягу ўжо двух гадоў летам праводзіцца фестываль фарбаў, на які запрашаюць ды-джэяў і вядучых з Брэста, Пінска, Баранавіч. У такія вечары прыйсці ў парк і выйсці неразмалёваным немагчыма. Танцавальная музыка, смех і расфарбаваныя дзяўчаты і юнакі – настрой ва ўсіх вясёлкавы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *