Як рамяство ператварыць у самазанятасць. У Куршынавічах Ляхавіцкага раёна пры падтрымцы ЕС-ПРААН адкрыўся рэсурсны цэнтр развіцця творчасці і рамёстваў

Жадаеце навучыцца маляваць на спілах дрэў, ткаць на станку, авалодаць тэхнікай ласкутнага шыцця ці іншым майстэрствам? Тады  вам  у Куршынавічы ў  міжнародны Дом мастацтваў! На яго базе 7 ліпеня ўрачыста  адкрыўся рэсурсны цэнтр развіцця творчасці і рамёстваў, створаны ў рамках праекта «Садзеянічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца ПРААН. Частковае фінансаванне ад Еўрасаюза распрацоўкі «Падтрымка дзелавой ініцыятывы насельніцтва на аснове развіцця народнай творчасці і адраджэння рамёстваў» (так назваў свой праект, які перамог у конкурсе мясцовых ініцыятыў, дырэктар міжнароднага Дома мастацтваў Валерый Ясевіч)  склала 26,5 тысячы еўра.

Культурная падзея сабрала мясцовых жыхароў і шматлікіх  гасцей не толькі з нашага  раёна.  Сярод ганаровых гасцей – каардынатар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Наталля Стасевіч, каардынатар праектаў ПРААН Вольга Атрошчанка і каардынатар конкурсаў мясцовых ініцыятыў Наталля Адамчык.  Яны падкрэслілі, што ў партнёрстве з ЕС ПРААН рэалізуе больш за 250  ініцыятыў, накіраваных на падтрымку аховы здароўя, экалогіі, культуры і г.д. у мэтах  рэгіянальнага развіцця.  Адна з іх мае куршынавіцкі адрас. Яе працяг і далейшы лёс залежаць ад зацікаўленых, тых, для каго яна прыдумвалася.
Прысутных з адкрыццём творчай установы павіншавала намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень.
Ліліся песні, шмат слоў сказана пра значнасць  аб’екта для арганізацыі занятасці насельніцтва і праяўлення бізнэс- ініцыятывы, распаўсюджвання перспектыўнага вопыту ў сферы дадатковай адукацыі  дзяцей і дарослых. І вось чырвоная стужка перарэзана! Усе паспяшаліся ўбачыць выставу творчасці народных умельцаў і  майстар-клас.  Валерый Ясевіч з натхненнем гаварыў пра далейшыя планы ўстановы. Тут  кожны жадаючы  зможа бясплатна  авалодаць навыкамі ці ўдасканаліць уменні па розных напрамках і відах рамёстваў і творчасці. Прыезджым ёсць дзе спыніцца, прадугледжаны тут  і дзіцячы пакой, у якім знойдзецца занятак малышам.
Валерыю Ясевічу ўдалося для ўвасаблення ініцыятывы запрасіць цікавых і яркіх настаўнікаў, сапраўдных  майстроў  сваёй справы.  У руках сталічнага рамесніка  Наталлі  Гамаюнавай звычайны ліст паперы на вачах ператвараецца ў мастацкі твор. Пра выцінанку, якой яна займаецца 17 гадоў,  расказвае з захапленнем на мілагучнай роднай мове.  Работы мастачкі вытанчаныя, бы карункавыя.
Валянціна Пазднякова і выхаванцы аб’яднання па інтарэсах  «Добры настрой» з СШ № 3    г. Мінска ў Куршынавічах не першы раз.  Ім ёсць што паказаць і расказаць пра сваё захапленне саломапляценнем і выцінанкай. Іх сувеніры і вырабы прыгожыя і душэўныя, цёплыя і вельмі свае, народныя. Адна стараславянская азбука чаго вартая! Дарэчы, у сталічным Палацы моладзі праходзіць персанальная выстава работ гурткоўцаў.
Вырабы Галіны Логінавай са Светлагорска прыцягваюць арыгінальнасцю і шматграннасцю. Тут і лялькі з ільну, і ружы з тканіны, і пчолкі з бісеру, і многае іншае. Надзвычай творчы чалавек, стварае  і рукамі,  і душой,  піша вершы. Цыкл яе малюнкаў «Кветкі сусвету» выклікае  жаданне спыніцца, падумаць, памарыць.
Ніна Казак прыехала з Хатынічаў. 17 гадоў адпрацавала ў тамтэйшым Доме рамёстваў. Зараз на пенсіі – у свабодным плаванні. Удзельнічае ў творчых выставах па ўсёй Беларусі.   Гэта пра яе : «…і тчэ, забыўшыся, рука». Назіраць, як спраўна чаўнок пракладвае сцяжынку і нараджаецца дзіўнай прыгажосці  пояс, рушнік ці іншае рукадзелле – адно задавальненне. Дарэчы,  ад Ніны Мікалаеўны прысутныя даведаліся, што ходнікамі (ад слова хадзіць) называюць на Ганцаўшчыне палавікі.
Вернісаж педагога з Клецкай школы мастацтваў Таццяны Матусевіч прыцягвае нейкім асаблівым святлом. Мастачка расказвае, што любіць маляваць  партрэты. У рэсурсным цэнтры будзе выкладаць азы малявання на спілах дрэў.
Усе гэтыя і іншыя майстры гатовы перадаваць сакрэты сваёй справы ў вучэбна-творчых майстэрнях Куршынавіцкага Дома мастацтваў, у якія, дарэчы, дзякуючы Еўрасаюзнаму фінансаванню, закуплена сучаснае інтэрактыўнае абсталяванне.
Свае работы прэзентавалі і нашы землякі. Мастак малюе фарбамі, а  Ніна Ярошка – ніткамі. Яе вышыванымі  карцінамі захапляюцца  ляхавічане  падчас фестывалю «З крыніц спрадвечных», на разнастайных выставах. Праваслаўныя сюжэты, пейзажы – любімыя яе тэмы. І для экспазіцыі «Куршынавіцкая хата», дзе  частавалі стравамі беларускай кухні, менавіта Ніна Іванаўна прапанавала рэчы хатняга ўжытку.  Прысутныя паласаваліся тут  бабкай.   Ніна  Іванаўна дэманструе драўляную маслабойку, паказвае паўкілю – форму, куды залівалі масла, цюфяк з  сена – сяннік, якому больш за  восем дзясяткаў гадоў. Тут жа  і іншыя прыстасаванні, якія зараз сустрэнеш, пэўна, толькі ў музеі.
Натхненне і замілаванне выклікаюць вырабы творчай сямейнай дынастыі – маці і дачок Івановых.
Лідзія Курловіч са  школы народнай творчасці пры Свяціцкім СДК, таксама прэзентуе вышыўкі. Узоры крыжыкам, гладдзю  на адзенні, невялікія падушкі-«думачкі» – чаго тут толькі няма. Гаворыць, што вельмі любіць упрыгожваць адзенне народнымі ўзорамі і дадае, што ў Доме культуры дзейнічае клуб аматараў вышыванкі, дзе майстрыхі  ствараюць сапраўдныя шэдэўры.
З першага позірку пакарыў фальклорны ансамбль «Бяседушка» з пасёлка Архангельскае Маскоўскай вобласці. Яго  спевы прыемна слухаць, а па самабытных  касцюмах можна вывучаць моду  XIX стагоддзя. Кіраўнік «Бяседушкі» Вольга Гладкіх гатова бясконца  гаварыць пра калектыў, рэпертуар  і пра тое, як ім спадабалася ў Куршынавічах.
Першы дзень работы  рэсурснага цэнтра завяршыўся вялікім канцэртам, у якім прынялі ўдзел калектывы з Ганцавіч, Клецка і іншых месцаў.  А назаўтра свята з яшчэ большым размахам запрашала, гаманіла і спявала. Працягваліся майстар-класы, выставы, можна было атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў наконт  працаўладкавання, высветліць нюансы адкрыцця ўласнай справы і г.д.
Лета. Сонца. Самы час адправіцца ў рэсурсны цэнтр развіцця творчасці і рамёстваў  у Куршынавічы. Тут вас чакаюць.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Каардынатары праекта Наталля Стасевіч, Наталля Адамчык, Вольга Атрошчанка.

Наталля Стасевіч перадае Валерыю Ясевічу падарункі ад ЕС-ПРААН для дзіцячага пакоя рэсурснага цэнтра.

Свяцічанка Лідзія Курловіч.

Ніна Казак – вопытная ткачыха з Хатынічаў.

«Спусціўшы рукавы» – так называецца ўбор, у які апранута кіраўнік «Бяседушак» Вольга Гладкіх.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *