Не толькі каштоўнае футра…

Фермер Дзмітрый Самсон у сваёй трусінай гаспадарцы.

«Гэта не толькі каштоўнае футра, але і 3-4 кілаграмы дыетычнага мяса» – фраза пра трусоў стала крылатай пасля выступлення вядомых гумарыстаў. Кіраўнік фермерскай гаспадаркі «МітДАСон» Дзмітрый Самсон  з 2012 года  займаецца развядзеннем гэтых звяркоў. Ён добраўпарадкаваў каля 5 гектараў арандаванай зямлі, пасадзіў дрэвы.

Сам фермер дакладна не можа назваць  колькасць пушыстых гадаванцаў  на ферме: за адзін акрол (а іх за год бывае пяць) ад 280 трусіх (самыя распаўсюджаныя тут пароды – нямецкія пярэстыя, бараны, каліфарнійцы) нараджаецца каля 1200 трусянят. Што датычыцца футра, то, па словах фермера, шкурка вырабу не надта вартая. Але і ёй знаходзіцца прымяненне.
– Кармленне, паенне жывёлы – поўнасцю механізаваны працэс, на яго ад сілы затрачваю  паўтары гадзіны, – расказвае Дзмітрый Самсон.  Частку атрыманай прадукцыі фермер прадае  Баранавіцкаму райпо, за што атрымлівае камбікорм, астатняя      амаль поўнасцю  ідзе на экспарт у Расію. У планах – далейшае  пашырэнне вытворчасці.
У Ляхавіцкім раёне дзейнічае 18 фермерскіх гас-падарак, праўда,  дзве з іх знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі – «Мінічы» і  «Салют-7» (не пайшла справа). Астатнія 16 пераважна займаюцца раслінаводствам, хаця апошнім часам  папулярнай становіцца і жывёлагадоўля, у прыватнасці, невялікія фермы.
На слыху ў многіх     гаспадарка «ЛагуЦін» (заснавальнікі  Віктар Лагун і Уладзімір Туцін), дзе ў прыярытэце  малочная жывёлагадоўля.  Іх праект «Доўгая карова» выйграў  у конкурсе  мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы    Беларусь». Дарэчы,  дзякуючы менавіта гаспадарцы «ЛагуЦін», сёлета малочны лідар у прыватным сектары – Ганчароўскі сельсавет, дзе аб’ём закупу малака з пачатку года склаў 158 працэнтаў да аналагічнага перыяду 2016-га.
На Ляхавіччыне фермерская гісторыя пачыналася з Івана Шкляніка, які арганізаваў гаспадарку «Даманскае».   Сёння ён апрацоўвае  190 гектараў зямлі. Да гэтага года ў «Даманскім» вырошчвалі бульбу, чырвоныя і цукровыя буракі, моркву, капусту, зерневыя культуры. Ні адзін з раённых кірмашоў не абыходзіўся без «даманскай» агародніны. Сёлета «культурны» расклад  тут змяніўся – вырошчваюць толькі  цукровыя  буракі  і рапс.
Раслінаводчы профіль выбралі таксама «Шавялі» (кіраўнік Аляксей Бурак),   «Улазавічы» (Алег Бондар), «Ліпнянка-Агра»  (Наталля Малевіч), «Машэй Н. В.» (Мікалай Машэй). Садавінай займаецца «Уладзімір плюс» (Валерый Радзюк). А вось у «ЖарСКу» (Мікалай Скрыцкі) і «Вялікае Падлессе-Агра» (Міхаіл   Крыцкі) галоўная культура –  цукровыя буракі.   У 2016 годзе ўраджайнасць  фермерскага салодкага кораня склала 425 цэнтнераў  з гектара. Што датычыцца агародніны, то з вырашчанага ў раёне летась агульнага аб’ёму  48 працэнтаў на іх   рахунку.
Усяго ў мінулым годзе ўдзельная вага валавой прадукцыі фермерскіх гаспадарак  склала 2 працэнты да агульнага аб’ёму ў цэлым па нашым раёне.  Найбольшыя плошчы адведзены пад зерневыя культуры – 66 працэнтаў ад усіх фермерскіх сельгасугоддзяў.  А, напрыклад, капусту вырошчваюць толькі фермеры: з плошчы ў 25 гектараў сабралі  808 тон.
Гэтыя гаспадаркі хоць і прыватнай формы ўласнасці, але без падтрымкі дзяржавы не застаюцца. У Ляхавіцкім раёне  спрыяльныя ўмовы для тых, хто хоча займацца ўласнай справай аграрнага накірунку. Летась фермерам выдаткоўваліся грошы для набыцця  мінеральных удабрэнняў і  страхавання сельскагаспадарчых культур.  Ёсць магчымасць атрымаць крэдыты і купіць тэхніку па лізінгу. Што датычыцца рэалізацыі прадукцыі, то на  рынках,  кірмашах,  у гандлёвай сетцы і на перапрацоўчых  прадпрыемствах, нарых-тоўчых  кропках спажыў-кааперацыі  якасны і прымальны па кошце фермерскі аграрны тавар папулярны і запатрабаваны.
Ёсць сярод фермераў  тыя, хто займаецца рэдкім для нашага раёна відам дзейнасці. «Прадславіна» першыя крокі ў прыватным бізнесе пачало рабіць пяць гадоў    назад. І ўжо  трэці сезон пастаўляе на рынак буякі. Гэта каштоўная ягада – бліжэйшы сваяк чарніц. Яе можна знайсці ў лесе ці вырасціць на прысядзібным участку. А вось у такіх значных маштабах (у«Прадславіне» пад яе адведзена 30 сотак, на 12 з якіх ужо збіраецца ягадны ўраджай) у нашым раёне развядзеннем буякоў заняліся ўпершыню. І рашылася на гэта  ляхавічанка  Алена Мікуліч.
– Каб атрымаць першы ўраджай буякоў, давялося сур’ёзна папрацаваць. Перавагу аддалі элітным сартам «чандар», «блюголд»,  «дзюк», «элізабет», якія праз год чаранкавалі. Вельмі радаваліся  першаму збору, – расказвае гаспадыня фермерскай гаспадаркі.
Буякі, хоць і  далікатныя ягады, але пры належным доглядзе  ўрадлівыя.  Летась тут  з 400 кустоў сабралі 400 кілаграмаў ягад. Прадавалі іх у асноўным  пад заказ.
Алена Мікуліч спадзяецца на добры ўраджай і сёлета, тым больш, што  хутка пачнуць пладаносіць і больш маладыя саджанцы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “Не толькі каштоўнае футра…

  • 12/07/2017 в 15:10
    Permalink

    Приезжайте к нам за голубикой!

  • 14/07/2017 в 10:59
    Permalink

    Такія мілыя вушасцікі! Каштавала буякі — адменная ягада, а яшчэ вельмі карысная для здароўя. Фермеры наогул апантаныя людзі. Дзякуючы ім расцвітаюць сады, практычна ў гарадской мяжы ўраджаяць ягаднікі, а на паліцах магазіна красуецца казінае малако.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *