Усё на продаж

Восень працягваецца, і за два яшчэ адведзеных ёй тыдні ў надвор’і магчыма рознае. Але ж больш залатую, чым сёлета, яе і прыгадаць не атрымліваецца. Залатую ў сэнсе кліматычнай спрыяльнасці, у тым ліку і для вядзення палявых сельскагаспадарчых работ. У раёне яны практычна завершаны. Усе прагнозныя на восень аб’ёмы ворыўных работ гаспадаркі раёна выканалі і перавыканалі.

Убраны  агародніна і буракі – кармавыя і іх салодкія “сваякі”.

З 1542-гектарнай салодкай раённай плантацыі сабрана 84500 тон караняплодаў. Сярэдняя ўраджайнасць стандартнай адзінкі плошчы зафіксавана на ўзроўні амаль у            550 цэнтнераў. Найбольш ураджайным – крыху больш за 600 цэнтнераў – па завяршэнні ўборкі  аказаўся жарабковіцкі гектар.

Нашы гаспадаркі-буракавытворцы працягваюць вывазку-продаж вырашчанай і сабранай прадукцыі. Ёсць сэнс адзначыць, што СВК  “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” і ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” з заданнямі па продажу буракоў дзяржаве ўжо разлічыліся: першыя, па стану на пачатак бягучага тыдня, на амаль 113 працэнтаў, другія – на 102. Тым не менш, у запасе кожнай з сельгасарганізацый яшчэ тое-сёе маецца. Розніца паміж колькасцю сабраных і пастаўленых на прыёмныя пункты буракоў складае зараз 268 і 746 тон адпаведна.

Зусім блізка да выканання задання па продажу цукровых буракоў знаходзіцца СВК “Шлях новы”. Па стану на пазаўчарашні дзень гаспадарка адправіла  перапрацоўшчыкам амаль 20 000 тон караняплодаў, прагнозны мінімум пры гэтым перавышае названую лічбу ўсяго на тысячу тон. Пры тым, што агульны бураказбор “Шляху новага” раўняецца ў гэтым сезоне 23 500 тон. У працэнтным выражэнні тэмп продажу цукровых буракоў СВК “Жарабковічы” з’яўляецца некалькі меншым, чым у іншых трох гаспадарках-вытворцах гэтай прадукцыі, і на названы час прагнознае заданне выканана на тры чвэрці ад неабходнага. Аднак, як і ў выпадку з усімі іншымі сельгаспрадпрыемствамі,  наяўны патэнцыял заметна перавышае прагнознае для гаспадаркі заданне па продажу –   амаль на 5 500 тон.

Акрамя дзяржсектара АПК раёна тройка фермерскіх гаспадарак адгрузіла на перапрацоўку больш як 5 000 тон салодкай прадукцыі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *