Раднейшай зямлі не бывае

Жыву я ў Расіі ўжо 12 гадоў, а родам з вёскі Свяціца Ляхавіцкага раёна. Старое дрэва каранямі не прырастае, – так, здаецца, людзі кажуць. І назаўсёды ў сэрцы кранаючыя радкі:

Мой родны кут,
Як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы…

У Свяціцы жывуць мае старэнькія бацькі, нікуды з роднай хаты ехаць не хочуць. Гэта атрымліваецца ў іх дзякуючы  клапатлівай Таццяне Васільеўне – супрацоўніцы сацыяльнай службы, добрым суседзям, спагадлівым людзям – аднавяскоўцам, былым калегам па працы. Усім ім вялікі дзякуй. Штомесяц наведваецца з Асіповічаў мая старэйшая сястра, жыве з бацькамі тыднямі. Я ўжо таксама на пенсіі, але яшчэ працую і бываю ў бацькоў раз у год. Сёлета збіраліся мы ў роднай хаце з радаснай нагоды – адзначылі бацькава 90-годдзе. Маці крыху маладзейшая – ёй 83. А разам яны 63 гады. Выхавалі траіх дачок, маюць пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, старэйшы з якіх ужо вучыцца на другім курсе ў адной з ВНУ Мінска. Мама наша былая настаўніца. Наогул, бацькоў ведаюць і паважаюць у вёсцы. Я ганаруся тым, колькі яны пражылі і як пражылі.

Так супала, што адначасова з нашай урачыстасцю  ў Свяціцы адзначалася свята вёскі. Мне пашанцавала быць яго ўдзельніцай. Цудоўнае свята, яркае, звонкае і нейкае вельмі шчырае. Усё фае літаральна патанала ў кветках, якія нібы сапернічалі з вышыванкамі, што экспанаваліся на выставе работ мясцовых майстрых. А якую эмацыянальную асалоду атрымала ад песень на роднай мове ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці! Прагучала шмат віншаванняў і добрых слоў у адрас вяскоўцаў, руплівых працаўнікоў, выдатных гаспадароў. Не забыліся павіншаваць з юбілеем і майго бацьку.

А закончылася свята абраннем чалавека года. Вельмі прыемна, што ім стала былая настаўніца Свяціцкай школы Вера Іосіфаўна Шыловіч. Вясковая настаўніца. Ужо толькі гэтае вызначэнне гаворыць пра вялікую павагу да чалавека, да дастойнай, сціплай жанчыны. Многія ведаюць сваю зямлячку і як аўтара двух цудоўных зборнікаў паэзіі. Вершы яе пра жыццё, пра нашу асляпльна прыгожую прыроду, пра людзей, якія жывуць побач, – добрых, працавітых, чыстасардэчных. “Святло душы” і “Надзея” – так называюцца выданні. А мне хочацца сказаць, што святло сваёй душы ўсё жыццё Вера Шыловіч (Дыдышка) дорыць землякам. Колькі добрых слоў сказала яна ў вершах пра родную зямлю, пра людзей-суседзяў. Да слёз расчуліў мяне яе верш, які да Дня Перамогі паэтка прысвяціла майму бацьку – Аляксандру Сцяпанавічу  Курыловічу, а таксама хрышчонаму – Дзмітрыю Карпавічу Буйкевічу. Толькі іх двое з ветэранаў Вялікай Айчыннай засталося на ўсю Свяціцу.

Разам з мясцовым кампазітарам М. Сокалам Вера Шыловіч напісала песню пра родную вёску, гімн мясцовай школы. Наогул, амаль усе святы праходзяць па яе сцэнарыях. Дзякаваць Богу, хапае сіл на ўсе добрыя справы: і ваенна-патрыятычную, пошукавую работу, і ініцыятыўныя дзеянні ў жаночым клубе, і былую калегу падтрымаць, і яшчэ на многае іншае. Сваім жыццём такія людзі ўпрыгожваюць і месца, дзе жывуць, і час, у які жывуць. Дзякуй за гэта і нізкі паклон.

Паважаная рэдакцыя, калі палічыце магчымым, надрукуйце мой ліст на старонках вашай газеты. Вялікі і вам дзякуй. Дарэчы, мае бацькі, хаця ўзрост іх вельмі шаноўны, атрымліваюць некалькі газет, у ліку іх – “Ляхавіцкі веснік”.

Лідзія ФЁДАРАВА,
г. Азёры Маскоўскай вобласці

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *