Крысціна плюс Дзіма

Каралева спорту запрасіла на баль самых лепшых сваіх падданых. За выключэннем некалькіх «цвёрдых» першых нумароў нацыянальнай зборнай, чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сабраў мацнейшых у краіне бегуноў, лепшых майстроў скачковых дысцыплін, асілкаў-«ядзершчыкаў», дыскаболаў і іншых. Словам, поўны каралеўскі расклад.

Авал гродзенскага стадыёна «Нёман» стаў арэнай жорсткіх схватак. Яшчэ і таму, што для спартсменаў Гродна мог стаць трамплінам у Лондан, дзе з 5 па 13 жніўня адбудзецца сусветны лёгкаатлетычны чэмпіянат.
Спачатку пра камандныя рахункі. Для зборнай Брэсцкай вобласці гродзенскія спаборніцтвы сталі залатымі. Тры дні – 4-6 ліпеня – выступленняў, калейдаскоп стартаў-фінішаў-спроб, судзейскія падлікі. І вердыкт: «паклаўшы» сабе ў залік 397,5 бала, берасцейская дружына заваявала галоўны камандны прыз чэмпіянату. На прыступку ніжэй з адставаннем у 9 балаў размясціліся     гаспадары-гродзенцы. Трэці прыз адправіўся на Магілёўшчыну.
А зараз пра самае для нас прыемнае. Ураджэнцы горада выхаванцы мясцовай ДЮСШ Крысціна Гачко і Дзмітрый Равінскі былі на тым балі аднымі з лепшых. Кожны ў сваёй дысцыпліне: Крысціна заваявала серабро ў бегу на 100 метраў з бар’ерамі, Дзіма  стаў «бронзавым» у складзе брэсцкага эстафетнага квартэта 4 па 400 метраў. І гэта дастаткова важкі ляхавіцкі ўклад у агульнакамандную брэсцкую перамогу.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *