Яблык з апельсінавым смакам. Ляхавіцкі кансервавы завод зноў уладальнік «Крыштальнага яблыка»

У спартсменаў залаты медаль Алімпіяды, у журналістаў  «Залатая Ліцера», у тэлевізіёншчыкаў  «Тэлевяршыня». А  якасць работы кансерваўшчыкаў ацэньваецца «Крыштальным яблыкам».  Рэспубліканскі конкурс, за перамогу  ў якім  уручаецца  дыплом і «яблычны» прыз, праводзіцца навукова-практычным цэнтрам па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сярод кансервавых заводаў краіны. Другі год запар сярод лідараў гучыць ляхавіцкі адрас. У мінулым годзе ўзнагароду прадпрыемству прынёс  сок ананасавы адноўлены для дзіцячага харчавання. А сёлета на X юбілейнай цырымоніі, якая днямі прайшла ў Бабруйску, у фаварытах  аказаўся сок апельсінавы адноўлены. Ён прызнаны самым смачным у  намінацыі «Сокі, нектары, морсы для дзіцячага харчавання». Каб стаць прадуктам  №1, соку давялося  вытрымаць экзамен перад  дэгустацыйнай камісіяй,  у склад якой увайшлі  прадстаўнікі  шэрага  ведамстваў і арганізацый.
– Прыемна быць сярод лепшых. Радасць узмацняецца, калі ўлічыць, што віды на ўзнагароду мелі  46 прэтэндэнтаў. Атрымаць «яблычак» пашчасціла   толькі 12. Патрабаванні да кансерваванай прадукцыі, тым больш – прызначанай для дзіцячага харчавання, даволі  жорсткія. Перамога накладае і дадатковыя абавязацельствы. Вывучаем попыт, распрацоўваем уласныя рэцэпты саленняў-варэнняў-сокаў,  каб было па-дамашняму смачна, – гаворыць  дырэктар завода Сафія Болтуць.
Дарэчы, у асартыментнай лінейцы  прадпрыемства  больш за 100 найменняў кансерваванай прадукцыі: сокі, нектары, соусы, гарніры, першыя абедзенныя стравы, варэнне і  многае іншае.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *