А з барана больш руна

Для адных стрыжка яшчэ не наступіла...

Яшчэ б толькі рамантычную постаць пастушка на фоне блакіту нябёс – і перад намі ўзорная карціна-пастараль. Ласкавая раніца, зялёная бясконцасць пашы і чароды авечак на ёй, нібы «скарасное» белае воблака. Рэдкі немясцовы аўтамабіліст з праязджаючых ля Канюхоў не скіне газ, каб углядзецца, зафіксаваць убачанае на ўласную «матрыцу».

У авечкаводаў сваё «жніво», і назва яму – стрыжка. Што гэтымі днямі і адбываецца на канюхоўскай ферме ААТ «Жарабковічы». Дні складваюцца ў тыдні, якіх спатрэбіцца тры-чатыры, каб  «абслужыць» усё пагалоўе. Як растлумачыў загадчык фермы Рыгор Зубік, пад стрыжку «ідуць» жывёлы ўзростам год і больш. Такіх у Канюхах 2700 з агульнага пагалоўя 4117 асобін. Такая ж і перыядычнасць: пароды авечак, якія ўтрымліваюцца ў гаспадарцы, трапляюць у рукі стрыгальшчыка раз у год – улетку, з наступленнем устойлівага цёплага надвор’я. Гэта вельмі важны момант, паколькі «голая» жывёла, а такой яна лічыцца два-тры тыдні, можа досыць хваравіта рэагаваць на пахаладанні.
Але і спазніцца са стрыжкай не ёсць добра: у гарачыню натуральнае футра істотна прыгнечвае яго ўладальніка. Авечкі-баранчыкі страчваюць апетыт, адзначаецца млявасць паводзін, зніжаецца актыўнасць, праяўляюцца іншыя нездаровыя сімптомы. І гэта ўсяго толькі адно і кароткае абгрунтаванне моманту стрыжкі і яе неабходнасці.
Работу выконвае, канешне, майстар, а не інструмент. Але і апошні значыць нямала. Як хутка, наколькі якасна і ашчадна пройдзе «цырульніцкая» працэдура, залежыць ад рукі і ад таго, што ў руцэ. У руках жарабковіцкіх стрыгальшчыкаў машынкі дарагія, прафесійныя, трывалыя. Па словах    Рыгора Іванавіча, стракочуць зрання да цямна і далёка не першы сезон. Пры патрэбным наглядзе, рэгулярнай даводцы-падводцы рэжучых элементаў. Але не ў жалезе поспех – у руках прафесіянала. Думаецца, прафесіі стрыгальшчыка нідзе не вучаць. Ёй вучацца. Асновы практыкі віртуозаў становяцца здабыткам дэбютантаў, тых, хто толькі спрабуе сябе ў нерастыражаванай прафесіі.
Звяно жарабковіцкіх стрыгальшчыкаў уяўляла на момант прыезду газетчыкаў у аўчарню тройку: Дзмітрый Ленкавец, Аляксандр Гаўрыкаў, Аляксандр    Калюбка.
Загадчык фермы адзначае іх уменне, старанне, працаздольнасць. Напрыклад, са стрыжкай «кліента» Аляксандр Калюбка здольны справіцца за лічаныя мінуты. Сем дзясяткаў стрыжак за дзень не з’яўляецца для яго рэкорднай лічбай. Работа Аляксандра ў большай ступені – мастацтва, чым рамяство: аўтаматызм дзеянняў, спрытныя рухі і – самы «чысты і гладкі» вынік на выхадзе.
Матэрыяльным вынікам адной стрыжкі можа быць ад двух з паловай да дзясятка кілаграмаў воўны. Залежыць ад даўжыні, ступені скручанасці шэрсці, габарытаў авечак, якія, як правіла, саступаюць у памерах баранам. Адсюль і рыфма: з барана больш руна.
Цэласнасць працэсу ўяўляецца ў выглядзе своеасаблівага канвеера, функцыянал якога грунтуецца ў значнай ступені на ручной працы. З-пад машынкі воўна трапляе на вагі – ставіцца на ўлік. Далейшы шлях і – прыпынак на сартавальным стале, дзе адбываецца «аперацыя сепарацыя». Якаснае, амаль суцэльным дываном, руно – сабе, так званая абножка – у іншы бок.   Далей прэс, пры дапамозе якога воўна фарміруецца ў цюкі масай па 100-150 кілаграмаў кожны. Ну і ўпакоўка: на ферме ў Канюхах у якасці апошняй выкарыстоўваецца мешкавіннае палатно. Калі ласка, атрымайце якасны  прадукт.
Дарэчы, пра якасць. У адносінах воўны існуе цэлы спіс паказчыкаў, «заўважыць» іх магчыма толькі ў адмыслова абсталяванай лабараторыі. Менавіта па іх спецыялісты выносяць вердыкт наконт якасці воўны. Ці яе няякасці, што нонсэнс у выпадку      з прадукцыяй ААТ «Жарабковічы». Як-ніяк, старэйшына і флагман авечкагадоўлі ў краіне. І пра колькасць. Па выніках мінулагодняга «жніва» гаспадарка атрымала    крыху больш за    8 тон воўны. Сёлета спадзяюцца на большае. І небеспадстаўна, паколькі пагалоўе авечак адчувальна павялічылася. А якасць іх шэрсці як мінімум не пагоршылася.
Але перш чым трапіць на памост для стрыжкі, кожная жывёла праходзіць яшчэ адну абавязковую сезонную працэдуру. Апрацоўка капытоў прадугледжвае іх абрэзванне, апрацоўку антысептычным кампанентам.
– Такі «манікюр-педыкюр» патрабуе спецыяльных ведаў і навыкаў, дакладнасці, – гаворыць Рыгор Зубік. Выконваць іх належыць кваліфікаванаму спецыялісту, якім і з’яўляецца ветэрынарны фельчар фермы Наталля Кукета.
Абстрыжаная, з падпраўленымі капытамі жывёла адпраўляецца нагульваць новую шэрсць і дадатковыя кілаграмы вагі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Спачатку «манікюр-педыкюр» у выкананні ветфельчара Наталлі Кукета...

...затым стрыжка, з якой Аляксандр Калюбка спраўляецца за лічаныя мінуты.

Галоўны па ферме Рыгор Зубік.

За работай сартавальніцы воўны.

...а другія ўжо нагульваюць новую шэрць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *