Асабістая мужнасць Сяргея Свянтэцкага. У няпоўныя дзевятнаццаць ён цаною свайго жыцця спыніў злачынцаў

Памяць надзейна захоўвае вобразы, моманты і падзеі. Занатаваныя шчаслівыя імгненні акрыляюць, дораць радасць. Калі ж сваю пячатку паставіла бяда, то  ўспаміны надрываюць сэрца,   раняць душу.  Хочацца заплюшчыць вочы,   заснуць, а потым прачнуцца – і ўсё добра, усе жывыя і здаровыя.
Дваццаць гадоў, здаецца, зліліся ў адзін дзень. Ала Свянтэцкая прачынаецца і засынае з горкай думай: няма, няма яе сыночка, яе Сярожкі… Пераглядае фотаздымкі, ідзе на дарагую магілу.  Смерць васямнаццацігадовага сына раздавіла, падкасіла Алу і Рычарда  Свянтэцкіх. Не вытрымаўшы ўдару лёсу, памёр бацька…
Добры, шчыры, жыццярадасны, адказны, Сяргей  са  старэйшым братам Эдзікам быў бацькоўскай радасцю і падтрымкай. Браты навучыліся іграць на гітары і з яшчэ адным вяскоўцам стварылі музычную групу. Іх канцэртаў чакалі землякі.
Сяргей з  дзяцінства марыў працаваць у міліцыі, таму вельмі ганарыўся, што ідзе служыць ва ўнутраныя войскі.  Праводзіла ў армію яго ўся вёска.
Бяда ўварвалася ў сям’ю летнім днём 13 ліпеня 1997 года.  На чыгуначнай станцыі «Баранавічы – Палескія» спецвагон асабліва не прыцягваў увагу пасажыраў. Ад іншых ён адрозніваўся толькі кантынгентам – у ім перавозіліся  70 асуджаных, якіх канваіравалі салдаты тэрміновай службы вайсковай часці 7404. Сярод ваенна-служачых быў і наш зямляк Сяргей Свянтэцкі. Менавіта ён стаў на шляху асабліва небяспечных злачынцаў, якія спланавалі ўцёк і напалі на канваіраў. Цаной свайго жыцця ён не даў вылюдкам магчымасці авалодаць зброяй варты…
Цяжка ўявіць, колькі жыццяў тады выратавалі салдаты.  Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ваеннаслужачы ўнутраных  войскаў  Сяргей Свянтэцкі за адвагу і асабістую мужнасць пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць».
Час не бяжыць – імчыць. Зімы змяняліся вёснамі, зацвіталі і адцвіталі сады –прайшло 20 гадоў. Імя Сяргея Свянтэцкага  носіць вуліца ў Крывошыне. На будынку мясцовай  школы размешчана мемарыяльная дошка. Штогод у райцэнтры  вясной праводзіцца конкурс патрыя-тычнай і афганскай песні «Памяць», прысвечаны герою-земляку. Праўда, чамусьці сёлета яго прапусцілі, магчыма, проста перанеслі дату.
У мінулы чацвер у Крывошынскім СДК прайшоў вечар памяці Сяргея Свянтэцкага. І хаця з таго трагічнага дня, калі здарылася бяда,  мінула два  дзесяцігоддзі,  сабралася поўная зала мясцовых жыхароў, вайскоўцаў, гасцей, родных і сяброў. Фільм, зняты беларускім тэлебачаннем па слядах тых трагічных падзей, перанёс у страшны летні дзень, калі здарыўся  адзіны за ўсю гісторыю часці выпадак спробы ўцёку злачынцаў.
Сярод выступаючых на сцэне ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці – пляменніца Сяргея Насця Свянтэцкая. Менавіта яе нараджэнне надало сэнс жыццю Алы Іванаўны. Яе дом з вясны да самых маразоў патанае ў кветках – яшчэ адна аддушына жыцця, падрастае і малодшая ўнучка Кацярына.
Шчымліва ўспамінала   свайго вучня, не магла стрымаць слёзы былы дырэктар Крывошынскай СШ Аліна  Дыдышка.
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай  рабоце в. ч. 7404 Сяргей Козак гаварыў, што ля помніка герою-салдату, устаноўленаму на тэрыторыі часці, прымаюць у піянеры школьнікаў, уручаюць членскія білеты бээрэсэмаўцам і зброю маладому салдацкаму папаўненню, праходзяць многія знакавыя падзеі.  Імя Сяргея Свянтэцкага назаўсёды занесена ў спісы  асабовага складу часці. А ў  казарме  акуратна запраўлены ложак Сяргея. Быццам салдат на баявым заданні.
…Чаканячы крок, пад гукі ваеннага аркестра прайшлі вайскоўцы да могілак, дзе  пахаваны Сяргей Свянтэцкі. Ускладзены кветкі, аддадзены ваенныя ўшанаванні.
Ціха плача неба, сыпле буйнымі кроплямі дажджу. Ветрык хваляй прабягае над хлебнай нівай. А    Сярожа Свянтэцкі па-ранейшаму васямнаццацігадовым    глядзіць са здымка. На помніку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага  архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *