Статак як дастатак

Штомесячнае падвядзенне вынікаў работы раённай жывёлагадоўлі на гэты раз атрымала статус паўгадавога, а кропкай збору абраны СВК «Ляхавіцкі». Галоўны актыў кааператыва – 3900 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў. Нягледзячы на сціплую іх ацэнку па шкале бальнасці (31), шмат у чым гаспадарка займае лідарскія пазіцыі ў раёне і не толькі.
– Грошай не хапае, але будуемся, – адзначыў намеснік старшыні СВК Аляксандр Вітко.  Як – кіраўніцтва, галіновыя спецыялісты райсельгасхарчу і сельгаспрадпрыемстваў раёна даведаліся на практыцы. На прыкладзе МТФ «Русінавічы» – старой, як называлася падчас размовы. Сёння ферма такой ужо не з’яўляецца. За 5 апошніх гадоў пабудавана-перабудавана 3 жывёлагадоўчыя памяшканні. Укладвацца ў рамонт старых, 40-гадовай даўнасці, будынкаў палічылі не лепшым інвестпраектам. У тым ліку і ў першую чаргу з-за рознасці стандартаў, прыёмаў, метадаў жывёлагадоўлі таго часу і сённяшніх. Так, разлічаныя на трактары той пары заезды з’яўляліся «непралазнымі» для цяперашніх кормараздатачных комплексаў. Лепш  наноў.
У адным з гатовых памяшканняў утрымліваюцца каровы – першым цялём і сутачнай прадукцыйнасцю каля 26 кілаграмаў малака ў дзень. Яшчэ на адным, чацвёртым па ліку, аб’екце работы працягваюцца. Вядуцца яны так званым гаспадарчым спосабам, што, як заўважыў намеснік старшыні СВК, таксама накладна, але істотна танней, чым калі карыстацца паслугамі пабочных арганізацый.
Умовы ўтрымання, рацыён жывёлы – два кіты яе прадукцыйнасці. Збалансаваць кармавы стол статкаў у «Ляхавіцкім» дапамагаюць пасевы бабовых. Паглядзелі на гарох, якому тут надаецца штогадовая ўвага, а пасяўныя плошчы даходзяць часам да 300 гектараў. Культура пачынала ўжо брацца спелай жаўцізною. Тугія струкі хутка трапяць пад абмалот і будуць выкарыстаны ў якасці кампанента для прыгатавання корму. Якаснага, высокапратэінавага.
Старт зернеўборачнай кампаніі (а падзеі адбываліся ў мінулы чацвер) паклаў пачатак размовы, што адбылася ў адміністрацыйным будынку кааператыва. Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вашчук нагадаў пра не лепшую практыку некаторых гаспадарнікаў – гандляваць зернем. Аб’ёмам, якія застаюцца ў сельгасарганізацыях пасля выканання дзяржзаказа, неабходна надаць іншую эканоміку – выкарыстаць з большай, чым у выпадку прамога продажу, эфектыўнасцю. Стаіць задача «перакаваць» зерне ў прадукцыю жывёлагадоўлі. Малако і мяса – гэта прадукцыя ўжо іншай дабаўленай вартасці. Адсюль формула распара-джэння зерневым багаццем: дзяржзаказ, забеспячэнне максімальнай патрэбнасці гаспадаркі па зернефуражу і продаж усяго, што застаецца «зверху». Гандляваць толькі лішкам збожжа.
Што да паўгадавых вынікаў работы ў жывёлагадоўлі, начальнік райсельгасхарчу ахарактарызаваў як нездавальняючыя. Адносіцца гэта і да малака, і да так званай прадукцыі вырошчвання. Адбіваюцца на гэтым недапрацоўкі, што тычацца правіл утрымання жывёлы, паўнаты і якасці яе кармлення, правільнасці даення, іншае. Дробязная, здавалася б, недаашчаднасць на нейкім адрэзку даення балюча «б’е» рублём. Першы гатунак малака, канешне, не брак, але і далёка не экстра. Па цане.
І не тэхналагічнасць ліній, апаратаў і агрэгатаў тут галоўнае. У аснове – адносіны работніка да справы, і ўзорам могуць служыць жывёлаводы ЗАТ «Белпрампрыбор». На добры прык-лад іх работы звярнуў увагу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. На   старых тэхналогіях у Галаўнінцах атрымліваюць прадукт самай высокай якасці.
Дзеля справядлівасці адзначым у працяг тэмы, што сярэдняя цана рэалізацыі малака ў раёне павялічылася, што гаворыць пра рост якасці. Пры гэтым  кропкі росту выкарыстаны пакуль далёка не поўнасцю.
Не лепшым чынам ідуць у раёне справы з узнаўленнем статка буйной рагатай жывёлы. Больш як 460 цялят не дабралі сельгаснікі сёлета ў параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Змінусавалі практычна ўсе гаспадаркі, акрамя якой «Нача», паказчык – 106,6 працэнта ў параўнанні з лічбай леташняга першага паўгоддзя. Прычыны розныя, але і не без агульнага кораня. Не ў час выявілі, несвоечасова або няякасна ці няякасным матэрыялам правялі неабходныя маніпуляцыі, тэхнік-асемянатар спазніўся… Дарэчы, у адрас прадстаўнікоў названай прафесіі прагучала наступнае: яны – галоўная фігура на ферме. Клопат і абавязак кіраўніцтва любога сельгаспрадпрыемства – арганізаваць работу і забяспечыць зарплату тэхніка-асемянатара, зыходзячы з гэтага пастулата. Сённяшнія траты «адаб’юцца» заўтрашнімі эканамічнымі здабыткамі.
Як і клопат па мінімізацыі падзяжу жывёлы, па паказчыку якога раён выглядае не надта прывабна. Крытыку старшыні райвыканкама пачулі ў свой адрас многія спецыялісты-жывёлаводы раёна і не толькі яны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *