Адзін дзень з жыцця дзетсадаўца

Заходзіш у двор ясляў-сада №1 –    здалёк даносяцца звонкі смех   і гоман. Гэта дзеткі шчабечуць, вясёлыя і бадзёрыя, нягледзячы на ранні час. Іх «працоўны» дзень пачынаецца ў восем гадзін. Пасля смачнага сняданка дзетсадаўцы занятыя хто чым: хлопчык-міліцыянер сочыць за парадкам, уважлівы    доктар аглядае ножку параненага пацыента, маленькая кухарка гатуе смачныя стравы. Астатняя дзятва ва ўтульным куточку разглядае кніжкі, будуе з канструктара дамы, распавядае лялькам казкі. А ведаюць дзетсадаўцы іх шмат: пачынаючы     ад «Рэпкі» ў малодшай групе, заканчваючы «Папялушкай» у старэйшай. У любой з адзінаццаці груп жыццё ідзе сваім парадкам.
садзе дзеткі не толькі гуляюць і забаўляюцца, але займаюцца лепкай, канструяваннем, робяць аплікацыі, малююць. Дарэчы, напярэдадні розных святаў сюды прыхо-дзяць бацькі, каб разам з малымі пачараваць над аплікацыямі ці чым    яшчэ – агульная справа збліжае.
Чатыры разы на год праводзяцца бацькоўскія сходы. На іх з дапамогай відэаролікаў, прэзентацый паказваецца, як праходзіць дзіцячы дзень у садку. Выхавальнікі раяцца з татамі і мамамі выхаванцаў па многіх пытаннях. Усе хочуць, каб  дзеці выхоўваліся ў добрых умовах, пазнавалі новае і карыснае, развіваліся.
Далей па раскладзе прагулка на свежым паветры. На гульнявых пляцоўках усім хапае месца і заняткаў. Тут мноства розных спартыўных турнікоў, машынак, паравозікаў. Жвавыя і гарэзлівыя, да-шкаляты ні хвіліны не сядзяць на месцы.
Яшчэ яны любяць бываць у дзіцячай бібліятэцы, сярэдняй школе №1 і школе мастацтваў. Усё ім цікава, гэтым маленькім чамучкам.  Пасля такіх заняткаў самы час падсілкавацца і адпачыць. Штогод на аснове тэндара выбіраецца лепшае прадпрыемства, у якога аддзел адукацыі, спорту і турызму купляе прадукты харчавання і прывозіць іх у яслі-сад. Дарэчы, у аснове правільнага харчавання ў дзіця-чым садзе – нормы, распрацаваныя інстытутам харчавання. Для кожнай узроставай групы яны свае. Меню ў садках складаецца на пэўных суадносінах бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. У розную пару года – свае харчовыя   прыярытэты. А для дзетак з алергіяй распрацоўваецца індывідуальнае меню. У яслях-садзе №1,  напрыклад, дзве дзяўчынкі не могуць ужываць малако, і для іх гатуюць стравы без малака.
Пасля падвячорка дашкольнікі зноў адпраўляюцца на гульнявыя пляцоўкі на свежае паветра.
– Часта для дзяцей праводзяцца музычныя заняткі на свежым паветры, калі Наталля Чарэйка ці Святлана Сяргей іграюць на баяне або акардэоне, а дзеці танцуюць, – расказвае выхавальнік Інэса  Карпеня.
Дзетсадаўцы нават Купалле святкавалі. Адгадвалі загадкі, шукалі папараць-кветку, скакалі праз «вогнішча», танцавалі і вадзілі карагоды з Купалінкай. А танцаваць іх вучаць на занятках па харэаграфіі на працягу ўсяго вучэбнага года.
У чэрвені працуе адаптацыйная група кароткачасовага знаходжання, якую самыя маленькія наведваюць ра-зам з бацькамі. Па словах загадчыцы садка Людмілы Бародка, усе дзеці прывыкаюць да распарадку, але для гэтага, безумоўна, патрабуецца час.
«Старшагрупнікі» праз два месяцы стануць першаклашкамі. Яны ўжо ведаюць алфавіт, некаторыя нават чытаюць. Іх вочкі гараць цікаўнасцю і жаданнем даведацца пра навакольны свет як мага больш.
Для малых з пару-шэннямі мовы працуе пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, а для дзяцей с цяжкімі парушэннямі створаны дзве спецыяльныя групы.

Усе пад асобай увагай, з імі    займаюцца выхавальнікі-дэфектолагі, якіх у садзе тры. Дарэчы, яслі-сад № 1 прадстаўляў Ляхавіцкі раён на абласным аглядзе-конкурсе «Бяспечнае дзяцінства». Акрамя гэтага, у адукацыйнай установе другі год на рэспубліканскім узроўні рэалізуецца інавацыйны праект «Укараненне мадэляў педагагічнага суправаджэння ў гульнявой дзейнасці дзяцей да-школьнага ўзросту». Над яго ажыццяўленнем працуюць выхавальнікі Аксана Бондар, Вольга   Ашмарына, Вольга Буйкевіч, Таццяна Новік разам з выхаванцамі трох груп і педагог-псіхолаг Алена Лабанава. А кіруе працэсам намеснік загадчыцы Ірына Гусак. І яшчэ. Сёлета на Галерэі славы раёна з’явіўся новы адрас: ДУДА «Яслі-сад      № 1 г. Ляхавічы».

…Глядзіш – і дзень да канца падышоў, бацькі спяшаюцца за сваімі дзеткамі. Хоць ім у садку сумаваць не было часу, кожны рады бачыць   тату ці маму: столькі цікавага адбылося за дзень, столькі трэба расказаць…

Ірына ШЛОЙДА,

студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *