Сёння абітурыенты, заўтра – навучэнцы

Сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы Беларусі 20 ліпеня пачалі прыём дакументаў. Прымаць дакументы на бюджэт у абітурыентаў, якія маюць агульную базавую адукацыю, будуць па 3 жніўня. На платныя месцы тэрмін падачы ўстаноўлены па 14 жніўня. Здаць уступныя іспыты яны змогуць 4-8 жніўня. Залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту пройдзе па 10 жніўня, на платнай аснове – па 16 жніўня.

Прыём дакументаў на бюджэт ад паступаючых з агульнай сярэдняй адукацыяй і прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй прадоўжыцца па 9 жніўня, на платную форму навучання – па 16 жніўня. Здаць уступныя іспыты гэта катэгорыя абітурыентаў зможа 10-12 жніўня. Залічэнне на навучанне за кошт сродкаў бюджэту пройдзе па 14 жніўня, на платнай аснове – па 17 жніўня.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі, абітурыент павінен прадставіць у прыёмную камісію ССНУ пасведчанне асобы, заяву, дакумент аб адукацыі, а таксама сертыфікаты ЦТ, медыцынскую даведку, дакументы, якія пацвярджаюць ільготы, калі такія ёсць, і фатаграфіі.

Пачала работу прыёмная камісія і ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы (на здымку). За першы дзень дакументы сюды падалі 4 дзясяткі абітурыентаў. Пераважная большасць з іх жадае стаць ветфельчарамі.

Наогул жа, як паведамілі ў камісіі, на бюджэтныя месцы сёлета плануецца набраць 150 навучэнцаў: па 25 на агранамічнае, ветэрынарнае і заатэхнічнае аддзяленні пасля базавай школы і столькі ж – на заатэхнічнае, ветэрынарнае аддзяленні і на спецыяльнасць плодаагародніцтва пасля сярэдняй школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *