Што бывае, калі прафілактыка кульгае

Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў, работа па ўхіленні прычын і ўмоў, што ім садзейнічаюць, узаемадзеянне розных службаў па іх недапушчэн-ні – пытанні, якія знаходзяцца на пастаянным кантролі раённай улады.  Разглядаліся яны і на нарадзе ў старшыні райвыканкама.
Як паведаміў намеснік пракурора  раёна  Аляксей  Шчарбакоў, сёлета з пачатку года на Ляхавіччыне зарэгістраваны 4 цяжкія злачынствы, усе яны ўчынены  падчас  ці пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў, пасля чаго адны ўдзельнікі застолля сталі абвінавачванымі, другія – пацярпелымі.  У студзені раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў  крымінальную справу ў адносінах 47-гадовага  жыхара аграгарадка Жарабковічы, які ў нецвярозым стане нанёс цяжкія цялесныя пашкоджанні сваёй сужыцельцы. Напрыканцы мая  ў аграгарадку Востраў п’яны 63-гадовы грамадзянін Расіі ўдарыў нажом мясцовага  жыхара,  які нядаўна вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі  і п’янстваваў. Па падобным сцэнарыі разгортваліся і іншыя злачынствы. У кожнай такой сітуацыі ёсць доля віны адказных службаў і тых, хто жыве і працуе побач з фігурантамі справы.
Пракуратура ўстанавіла, што ў Жарабковіцкім сельвыканкаме не ў поўнай меры арганізавана індывідуальная прафілактычная работа з асобамі, якія злоўжываюць спіртным. Нельга не згадаць і той факт, што незадоўга да трагедыі пацярпелая разам з суседзямі  распівала алкагольныя напіткі ў свой рабочы час (працавала прыёмшчыцай у КПП камунгаса). Ці магло б такое адбыцца пры належным кантролі з боку  адказных службовых асоб КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» за захаваннем працоўнай дысцыпліны?
Ні ўчастковы інспектар, ні Востраўскі сельвыканкам не ажыццяўлялі кантроль за паводзінамі пацярпелага і абвінавачванага. Без іх увагі аказалася і тое, што падазроны ў злачынстве жыў у вёсцы Заполле без рэгістрацыі і дакументаў, што сведчаць асобу, пры тым, што раней ён адбываў пакаранне ў месцах пазбаўлення волі за забойства і разбой.
Старшыня Востраўскага сельвыканкама Уладзімір Тадра расказаў, што ў сельсавеце дзейнічае пункт аховы правапарадку, ладзяцца  выязныя суды, на якія запрашаюцца  ў тым ліку грамадзяне, схільныя да ўчынення злачынстваў, сямейныя скандалісты. Аднак, на яго думку, пакуль мясцовы ўчастковы не будзе жыць на тэрыторыі сельсавета, а не прыязджаць сюды толькі па раскладзе на работу, істотных зрухаў да лепшага ў  прафілактыцы не будзе.
Канешне, не лепшым чынам на крымінагеннай сітуацыі адбіваецца тое, што часта мяняюцца ўчастковыя міліцыянеры. Менавіта гэтыя супрацоўнікі РАУС найбольш кантактуюць з насельніцтвам і павінны ведаць усё пра кожнага, хто жыве на замацаваным участку. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ад кіраўніцтва РАУС у рэшце рэшт вырашыць кадравае міліцэйскае пытанне.
Кіраўнік раённай улады ўказаў на недастатковую прафілактычную работу супрацоўнікаў міліцыі, кіраўніцтва сельвыканкамаў, нізкую якасць  работы наркалагічнай службы, запатрабаваў ад кіраўніцтва  Ляхавіцкай райбальніцы  актывізаваць работу медыкаў па прафілактыцы і лячэнні п’янства і алкагалізму. «Тых, хто злоўжывае спіртным і не працуе, трэба не толькі ведаць, але і імкнуцца разам з іншымі зацікаўленымі службамі дапамагчы гэтым людзям пазбавіцца ад  шкодных звычак і працаўладкавацца. Пакараць прасцей, чым папярэдзіць злачынства», –    зазначыў Вячаслаў Сельмановіч.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *