Афармленне па правілах

Напрыканцы чэрвеня прамую лінію правяла загадчыца натарыяльнай канторы Ляхавіцкага раёна Іна ШАБАЦЬКО. Яна адказала на пытанні, з якімі звярнуліся жыхары раёна.

– Як можна адмяніць завяшчанне, і што такое падназначэнне спадчынніка?
– Завяшчальнік можа ў любы час адмяніць завяшчанне ў цэлым або змяніць яго, дапоўніць, зрабіўшы новае завяшчанне.  Адмяніць завяшчанне ў цэлым можна шляхам састаўлення новага завяшчання ці знішчэння ўсіх яго экзэмпляраў. Завяшчанне, складзенае раней, адмяняецца наступным завяшчаннем поўнасцю або ў частцы, якой яно яму супярэчыць.
Спадчынадавец мае права падназначыць да свайго спадчынніка (гэта значыць да спадчынніка, указанага ў завяшчанні) другога спадчынніка, але толькі на той выпадак, калі ўказаны ў завяшчанні спадчыннік памрэ да адкрыцця  спадчыны, не прыме спадчыну або адмовіцца ад яе, ці калі спадчыннік па завяшчанні будзе адхілены ад спадчыны як недастойны спадчыннік у судовым парадку, а таксама на выпадак невыканання спадчыннікам па завяшчанні правамерных умоў спадчынадаўца.
– Я ў разводзе 10 гадоў. Будучы ў шлюбе, купіла кватэру, а цяпер вырашыла прадаць. Ці будзе   натарыус патрабаваць згоду былога мужа, бо тэрмін іскавай даўнасці ўжо сышоў?
– Артыкул 23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і прадугледжвае, што маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яна набыта або на каго ці кім з іх унесены грашовыя сродкі, з’яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Муж і жонка маюць роўныя правы ўладання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам.
Згода запатрабуецца незалежна ад таго, ці знаходзяцца муж і жонка на момант заключэння здзелкі ў зарэгістраваным шлюбе або іх шлюб скасаваны, прычым не мае значэння тэрмін, які прайшоў з моманту скасавання шлюбу.
Шэраг пытанняў датычыў афармлення аўтамабільных здзелак, пры якіх грамадзяне дапускаюць распаўсюджаныя памылкі.
– Жадаючы спрасціць куплю-продаж транспартнага сродку, людзі адмаўляюцца яго перааформіць на другога ўласніка. Абмяжоўваюцца даверанасцю з правам распараджэння аўтамабілем. У гэтым выпадку рызыкуюць абодва бакі. Пакуль машына знаходзіцца на ўліку на імя канкрэтнага грамадзяніна, гэты чалавек і з’яўляецца яе ўласнікам. Нярэдкія сітуацыі, калі ўласніку аўтамабіля паступаюць паведамленні пра зафіксаванае перавышэнне скараснога рэжыму з аддзела па забеспячэнні дзейнасці адзінай сістэмы фотафіксацыі парушэнняў скараснога рэжыму. Акрамя таго, што для ўласніка гэта можа быць поўнай нечаканасцю, у яго ў данай сітуацыі яшчэ могуць узнікнуць праблемы.
З другога боку, рызыкуюць і так названыя пакупнікі па даверанасці. У жыцці можа здарыцца ўсялякае. Уявіце, калі ўласнік транспартнага сродку памірае, і аўтамабіль будуць разглядаць як частку спадчыны, або такая машына можа стаць аб’ектам спагнання даўгоў ва ўласніка аўтамабіля. Тут ніякая даверанасць не дапаможа. Падобная эканомія прыводзіць да немаленькіх страт. Таму заклікаем грамадзян не толькі да правільнага афармлення маючай адбыцца здзелкі, але і да правільнай ацэнкі сітуацыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *