Сацыяльныя прыярытэты

Пытанні сацыяльнага характару –   сярод самых надзённых для многіх нашых землякоў. Гэта пацвердзіў і выязны прыём грамадзян, што напрыканцы мінулага тыдня правёў у Ляхавічах  намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Магчымасцю высветліць пытанні, якія датычаць ільготнага атрымання жылля,  дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, скарысталася жыхарка Задвор’я, маці двух дзяцей.  Яна адна з трох нашых землякоў, якія прыйшлі на прыём па асабістых пытаннях, што праводзіў у Ляхавічах намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.
Жанчына расказала, што з дзецьмі (адзін з іх мае IV ступень страты здароўя), сваёй маці і сям’ёй сястры зарэгістраваны ў 2-пакаёвай кватэры. Стаіць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў  з чэрвеня 2010 года. У жыллёва-будаўнічы  кааператыў, які апошнім будаваўся ў нашым раёне, яна па чарзе не трапіла. А  будаўніцтва па дзяржзаказе сям’і цяжка адолець матэрыяльна. Заяўніцу хвалявала, як у такім выпадку можна вырашыць жыллёвае пытанне.
Аляксандр Румак парэкамендаваў жанчыне  скарыстацца магчымасцю атрымання сацыяльнага жылля, тым больш, што ў бліжэйшы час арэндны дом па адрасе   Леніна, 54 у райцэнтры будзе здавацца ў эксплуатацыю. Яшчэ адзін варыянт – субсідзіраванне згодна    Указа № 240 «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў».
Намеснік міністра падкрэсліў, што ў краіне  надаецца значная ўвага  падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Згодна  новай рэдакцыі закона аб дзіцячых дапамогах, уведзена права на атрыманне бацькамі, якія выхоўваюць такіх дзяцей, паслугі сацыяльнай перадышкі. Прадастаўляецца яна тэрмінам да 28  каляндарных дзён у год: дзеці з сем’яў адпраўляюцца на гэты час ў спецыяльныя інтэрнатныя ўстановы. А дарослыя могуць тым часам вырашыць свае пытанні.
– Бацькі, якія выхоўваюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў і атрымліваюць адпаведную грашовую дапамогу, цяпер могуць працаваць на ўмовах няпоўнай занятасці – не больш як на 0,5 стаўкі ці выконваць работу на даму. Гэта дасць магчымасць  не толькі палепшыць дабрабыт сям’і, але і зарабіць уласны працоўны стаж,  – падкрэсліў Аляксандр Румак. Істотны плюс –  павышэнне памеру дапамогі па доглядзе за дзіцём-інвалідам з ІІІ і IV ступенню страты здароўя да 120 бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Прадугледжаны і іншыя новыя віды сацыяльнай падтрымкі.
Заяўніца  засталася задаволенай вынікамі прыёму і тым, што змагла пракансультавацца не толькі па жыллёвых, але і па іншых пытаннях. 89-гадовую ляхавічанку, інваліда ІІ групы, хвалюе пытанне прызначэння дапамогі па доглядзе за пажылымі інвалідамі.
Пенсійнае пытанне стала  асноўным у звароце да намесніка  міністра жыхаркі вёскі Каўпакі.  Яе пенсійную справу Аляксандр Румак  узяў на разгляд у міністэрства. Па іншых зваротах дадзены тлумачэнні і рэкамендацыі.
– Прызначэнне і памер пенсій, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, ільготы, дзіцячыя дапамогі, працаўладкаванне і занятасць, арганізацыя сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ахова працы – самыя актуальныя тэмы, якія ўздымаюцца грамадзянамі падчас прыёмаў  па асабістых пытаннях, – зазначыў Аляксандр Румак.
А невялікую колькасць  звярнуўшыхся  на асабісты прыём да намесніка міністра начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса патлумачыў тым, што  ў сацыяльнай службе заўсёды гатовы выслухаць заяўнікаў і па магчымасці дапамагчы.
– Па-рознаму складваюцца жыццёвыя абставіны. Часам чалавек сам не ў стане вырашыць тыя ці іншыя праблемы. Раённая ўлада ў  межах заканадаўства гатова прыйсці на дапамогу. Але і сам чалавек павінен па меры сіл зрабіць крок да выхаду з цяжкай сітуацыі, у якую ён трапіў,  – падкрэсліў Леанід Калбаса.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *