Малое гарэнне на вялікіх абаротах . У гаспадарках Ляхавіцкага раёна працягваецца ўборка рапсу. Лідзіруюць «Жарабковічы»

Кантрольная работа – частка работы загадчыцы склада вытворчага ўчастка «Падлессе» ААТ «Жарабковічы» Юліі Таранда і сушыльшчыка Валерыя Таранды.

Прырода быццам і не збіраецца ставіць дождж на паўзу. Ці не ўвесь апошні тыдзень ён з настойлівасцю, вартай іншага выкарыстання, нагадвае пра сябе. Да «аранжавых» сітуацый, пра магчымасць якіх сіноптыкі перыядычна нагадваюць, на шчасце, не даходзіць. Але гэта зусім не азначае яркасць настрою ў асяроддзі аграрыяў. Раскруціць на поўную ўборку вырашчанага цяжкай працай ураджаю няма ніякай магчымасці. Але ёсць жаданне, настойлівасць, імкненне прыстасавацца і выкарыстаць кожную ўборачна-спрыяльную гадзіну. Пры гэтым факт: прадукцыя палёў характарызуецца далёкім  ад аптымальнага працэнтам вільготнасці. І гэта азначае дадатковую трату рэсурсаў – працоўных, матэрыяльных, часу – на давядзенне сабраных зярнятак да «сухіх» стандартаў. Ці трэба казаць, што сушыльныя комплексы сельгаспрадпрыемстваў працуюць зараз на максімальных абаротах? Але максі-абароты ў выпадку з рапсам не азначаюць рэжым вялікага гарэння. А іменна рапсам пакуль абмежаваны жніўныя клопаты ў нашым раёне.

Пра асаблівасці сушкі насення рапсу расказалі ў ААТ «Жарабковічы». Прынцыповая тонкасць адна і заключаецца ў далікатнасці тэмпературнага рэжыму.
– Толькі так званае малое гарэнне. Інакш – можна «выпаліць» алей, які ўтрымліваецца ў насенні, і з-за чаго, уласна,   вырошчваецца рапс. А паказчык тэмпературы знаходзіцца ў адваротнай залежнасці з часам сушкі. Работы хапае, – унёс яснасць начальнік вытворчага ўчастка «Падлессе» гаспадаркі Міхаіл Багацкі.
Россып насення, манатонна-роўны гул сушыльна-ачышчальных комплексаў. Ніякай спешкі, а вось дзелавая актыўнасць і вытворчая дакладнасць на таку прысутнічаюць. Дзве сушылкі – польская і брэсцкая, як нярэдка іх абазначаюць у размовах, – працуюць кожная на свой голас і па сваіх вытворчых магчымасцях. Іх рух на працягу сутак калі і спыняецца, то выключна з прафілактычнай мэтай і на непрацяглы час. Мяняюцца брыгады. Пасля сутак у працоўным каравуле адну пару машыністаў-аператараў на кожным з агрэгатаў замяшчае другі дуэт. Дзяжурыць аўтамабіль падвозчык сырога (а з палетка насенне паступае 20-22-працэнтнай вільготнасці), і ён жа адвозчык сухога (каля 6 працэнтаў утрымання вільгаці). ГАЗ-53, канешне, круціцца, але са сваімі функцыямі спраўляецца. Як і дзяжурны франтальны пагрузчык, які і перавальвае ўсе гэтыя тоны багацця. Дарэчы, ураджай рапсу ў гэтым годзе можа лічыцца добрым. У прыватнасці, у «Жарабковічах», якія ўбралі ўжо больш  за палавіну сваіх 650 гектараў. Пры гэтым кожны сярэдні з іх сыпле за 40 цэнтнераў насення.
У рэжыме ўборкі рапсу жывуць гэтым часам і ўсе іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна. Пры сярэднім намалоце прыкладна 25 цэнтнераў з гектара ўбрана больш за палову заяўленых пад жніво рапсавых плошчаў.
Іван КАВАЛЕНКА.

Аператары ЗСК-15 Уладзімір Бурак і Сяргей Страмавус.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *