Прывітанне, лета! Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Ляхавіцкага раёна дружна і масава выйшлі на ўборку збожжа

Старшы камбайнер Эдуард Чалядка (справа) і камбайнер-практыкант Яўгеній Падгурскі з ДП "Нача"

Сабраць без страт – лозунг старых часоў актуальны для хлебаробаў і сёння.  У ДП «Нача» падыход да справы менавіта такі. І не толькі ў дачыненні збожжа, але і саломы. Яго доўга чакалі. Усе, хоць асобныя з песімістаў ужо і не спадзяваліся. І дарэмна, на мяжы сваёй заключнай трэці лета нарэшце завітала. Калі ласка, атрымайце за 30 па Цэльсію.

Што да стану вытворчага надвор’я на жніве, то да названай лічбы правільна будзе выкарыстаць паправачны каэфіцыент, у аснову якога варта пакласці хуткасць рытму і велічыню працоўнага напружання. Іменна тое, што і адбываецца гэтымі днямі на сельскагаспадарчым палетку. Раённым, у разрэзе асобных гаспадарак і сельскагаспадарчых культур.
У гэтым годзе дзяржпрадпрыемства «Нача» паклала пачатак уборкі зерневых у раёне. З таго кароткага выхаду на азімы ячмень мінуў час, але і пазаўчора мы заспелі начаўцаў на ячменным палетку. Працавалі не дома. Дакладней, і дома таксама, дзе палову сваіх уборачных магутнасцяў пакінулі для камбайнавання рапсу. З двухсот першапачатковых гектараў на пні заставалася няшмат больш за паўсотню адзінак плошчы. Ураджайнасць – за 30 цэнтнераў насення на круг пры сярэдняй яго вільготнасці ў межах 12-13 працэнтаў.
– Дасушваем, – тлумачыць расстаноўку ўборачных сіл і сродкаў галоўны аграном прадпрыемства Леанід Ксёнжык. – На рапс працуюць дзве сушылкі – «васьмёрка» і «дзясятка». Ёсць яшчэ і мабільны агрэгат, які   зараз заняты прасушкай пшаніцы.
Не дома – азначае ў ваколіцах вёскі Ганцавічы. Да слова, зямельны інтарэс у гэтым кутку раёна маюць таксама і СВК «Ляхавіцкі», і льнозавод. 29 гектараў размешчанага тут начаўскага аўсу пакуль не гатовы. Агульны залаты фон «псуюць» і просяць часу на даспяванне яшчэ нярэдкія зеленаватыя плямы. А вось ячменнае поле звініць гатоўнасцю і грукаціць караванам уборачнага комплексу. Пара камбайнаў, такая ж колькасць рулонных прэсаў, 3 аўтамабілі, функцыя якіх заключаецца ў дастаўцы намалочанага збожжа на зерняток. Даволі значная маршрутная дуга – «Ганцавічы-Нача». І дакладна вывераная і практычна адпрацаваная, як гэта і прынята зараз казаць, лагістыка. Два шасцітонных МАЗы запаўняюцца хутка: бункер збожжа з некаторым давескам на борт – і ў шлях. Адзін, другі. Пакуль тыя трымаюць шлях – пад камбайнамі дзяжурыць МАЗ-дваццацітоннік, для якога і трох бункерных выгрузак мала, каб запоўніць аб’ём кузава. А тым часам з хлебнага падарожжа паспявае вярнуцца адзін з аўтамабіляў-малышоў.
Магутным аўто кіруе хлебароб з магутнай практыкай. Уладзімір Падгурскі пачынаў яшчэ за тым – савецкім – часам. Упершыню ступіў на ўборачны палетак у 90-ым годзе ў якасці памочніка камбайнера. Зараз вадзіцель, і ў бягучым годзе ў Падгурскіх палявы падрад. Не побач, але паралельна з бацькам працуе сын. Студэнт Беларускага дзяржаўнага агратэхнічнага ўніверсітэта Яўгеній жнівень правядзе ў якасці камбайнера-практыканта. Настаўнікам, дарадцам, а ў некаторым значэнні і экзаменатарам у яго выступае галоўны ў экіпажы старшы камбайнер Эдуард Чалядка.
Другі камандзіраваны на аддалены ячменны палетак экіпаж узначальвае Аляксандр Пятроўскі. «Вядомым» у яго – Раман Голя. Хлебаробы хоць і пагадзіліся спешыцца для фота – вельмі спяшаліся, не затрымаўшыся і на гутарку.
Ці не ў самым натуральным сэнсе, на хвасце ў кожнага з тандэма камбайнаў «сядзелі» рулонныя прэс-падборшчыкі. Ні грама  страт – гэты старых часоў лозунг актуальны заўсёды. У тым ліку – і ў дачыненні другаснага кампанента ўраджаю саломы.
– Падбіраем і прасуем усё, што вырасла. Падвозім да фермы, складзіруем. Зараз, як і летась, уся яна прыме форму рулонаў. Назапашванне мятай саломы не з’яўляецца практыкай прадпрыемства апошніх гадоў, – адзначыў Леанід   Ксёнжык.
Разважаючы на тэму сельскагаспадарчага года, Леанід Яўгеньевіч кінуў кароткае: «Цяжкаваты». Маўляў, з сярэдзіны жніўня варта і патрэбна пачынаць сеяць азімыя, а тут пакуль толькі першы этап жніва.
Пажадаем хлебаробам усё паспець. І, канешне ж, лета.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны аграном прадпрыемства Леанід Ксёнжык.

Экіпаж камбайна ў складзе Аляксандра Пятроўскага і Рамана Голі.

Вадзіцель Уладзімір Падгурскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *