Інфраструктура не пачакае

Колькі грамадзян  стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў?   Ці ўсім, хто вядзе індывідуальнае будаўніцтва, даступна інжынерная інфраструктура? Пра гэта і многае іншае  ішла размова на  ліпеньскім пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, на якім разглядаўся ход індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва на Ляхавіччыне.
Сёлета за першае паўгоддзе ўведзена ў эксплуатацыю  10 індывідуальных жылых дамоў агульнай плошчай 1074 квадратныя метры (36 працэнтаў ад гадавога задання).
Пра  ход індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва на Ляхавіччыне дакладваў галоўны архітэктар раёна Віктар Асташэня. Станоўчы   факт – адсутнасць чаргі на атрыманне зямельных участкаў пад узвядзенне дамоў як у райцэнтры, так і ў вёсках і аграгарадках.  Выключэнне – Конькаўскі сельсавет, дзе ў чарзе  5 грамадзян,  жадаючых мець свой дом у вёсцы Літва, а свабодных участкаў  тут няма. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даручыў  землеўпарадкавальнай службе і кіраўніцтву Конькаўскага сельвыканкама разабрацца з сітуацыяй: напэўна, на тэрыторыі сельсавета ёсць пустуючыя  безгаспадарныя дамы. Іх неабходна знесці, выканаць неабходныя мерапрыемствы, пасля якіх участкі выставіць на аўкцыён.
– Навошта шукаць новыя месцы, пракладваць дарагую інфраструктуру, калі можна абысціся куды меншымі фінансавымі  ўкладаннямі. Трэба быць гаспадаром, – зазначыў кіраўнік раёна.
Па стане на 1 ліпеня ў нашым раёне зарэгістравана  66  свабодных участкаў для індывідуальнага будаўніцтва, з іх  44 у горадзе.  Сёлета грамадзянам, якія стаялі на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у райцэнтры прадастаўлены 3 зямельныя ўчасткі.
Віктар Асташэня патлумачыў, што  землеўпарадкавальная служба  ажыццяўляе кантроль за мэтавым выкарыстаннем прадастаўленых пад  індывідуальнае будаўніцтва ўчасткаў.  У мінулым го-дзе  ў сувязі з тым, што ва ўстаноўленыя  тэрміны  некаторыя грамадзяне так і не прыступілі да будаўніцтва жылля,  было выдадзена  7 прадпісанняў, 2 гаспадары і ўвогуле пазбавіліся зямельных участкаў (з пачатку гэтага    года – адпаведна 10 і 1).
У  раёне востра  стаіць праблема  ўводу   жылля ў эксплуатацыю.  Пры заданні  5000 квадратных метраў (з якіх    3000 – індывідуальныя  забудовы) пакуль у  наяўнасці 1100 квадратных метраў.  Вячаслаў Сельмановіч  падкрэсліў, што нельга толькі  спасылацца на  праблемы, трэба прымаць неадкладныя меры  па выпраўленні сітуацыі. І звярнуць сур’ёзную  ўвагу на якасць будаўнічых  работ.
А вось прыемная акаліч-насць: хутка ў Ляхавічах адбудзецца   наваселле – пасля рэканструкцыі  ключы  ад 35 кватэр (агульнай плошчай 2029 квадратных метраў) атрымаюць будучыя жыльцы дома № 54  па вуліцы Леніна. Па стане на 1 ліпеня 2017 года ў раёне  933 чалавекі стаяць у чарзе, як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з іх 118 – мнагадзетныя сем’і, 108 – сіроты.
У 2017 годзе на будаўніцтва аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры для індывідуальнага будаўніцтва з абласнога бюджэту выдаткавана амаль 495000 рублёў, асвоена каля  410000  рублёў.
Завершаны работы па добраўпарадкаванні  квартала індывідуальнай жылой забудовы ў межах  вуліц Леніна, Палявой, Інтэрнацыянальнай у райцэнтры (кошт праекта 81410 рублёў). У квартале  індывідуальнай забудовы «Патапавіцкі», дзе з выдзеленых 92 участкаў  22 – свабодныя, у эксплуатацыю ўведзены  сеткі водаправода, электра- і газазабеспячэння, вулічнага  асвятлення. Зараз выбіраецца падрадчык  для  працягу добраўпарадкавання гэтага квартала.
У рашэнні райвыканкама пастаўлены канкрэтныя задачы перад землеўпарад-кавальнай службай, аддзелам архітэктуры і будаўніцтва, КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», мясцовай структурай УКБ г. Баранавічы па першым пытанні парадку дня.
Другое датычыла стану работы па ахове працы ў нашым раёне:
– Ніякія, нават самыя высокія,  паказчыкі, працэнты і дасягненні не вартыя жыцця чалавека. Асноўная задача кіраўніка любога ўзроўня – стварыць на прадпрыемстве, ва ўстанове ці арганізацыі бяспечныя ўмовы працы, – зазначыў Вячаслаў Сельмановіч.
Менавіта гэтаму важнаму пытанню быў  прысвечаны і ліпеньскі раённы дзень аховы працы.  Акцэнт – на прафілактыку і строгую дысцыпліну:
– Без строгай працоўнай дысцыпліны змяніць сітуацыю ў лепшы бок цяжка. З года ў год  сустракаемся з аднымі і тымі ж праблемамі – недаглядзелі, недапрацавалі, пусцілі на самацёк. Хацелася б большай актыўнасці  прафсаюзаў  у пытаннях аховы працы, – зазначыў старшыня райвыканкама.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *