Чэмпіён з Ляхавіч

У паядынку за тытул Уладзіслаў Цярпіцкі перамог дзюдаіста з Азербайджана Ушангі Какауры.

Беларусь у цэлым і Мінск як сталіца і як галоўная арэна краіны становяцца ўсё больш спартыўнымі. Канешне ж, і ў плане таго, што ўсё больш шчыльна запаўняюцца «трэнажоркі» і памяшканні, абсталяваныя пад розныя іншыя фітнесы. Расце колькасць тых, хто выбірае бег, некаторыя становяцца на колы – завязваюць сяброўства з веласіпедам. Дзве апошнія актыўнасці ўяўляюцца дастаткова дэмакратычнымі – не патрабуюць наяўнасці адмыслова абсталяваных залаў, пропускам куды служыць нятанна куплены абанемент. Даступнае і ў роўнай ступені эфектыўнае аздараўленне.

Але гаворка не аб аздараўленчых практыках і практыкаваннях, а аб спорце і спаборніцтвах высокіх – еўрапейскіх плюс – дасягненняў. На мінулым тыдні і ледзь не паралельна па часе ў Мінску завяршыліся два важкія спартыўныя форумы. Чэмпіянат Еўропы па сучасным пяцібор’і, дзе, прыемна ўсведамляць, беларусы аказаліся досыць паспяховымі, і адкрыты кубак Еўропы па дзюдо, вынікі якога ёсць сэнс пасмакаваць з ухілам на выступленне нашага земляка.
Ёсць некалькі момантаў, якія, павышаючы каэфіцыент, працуюць на і без таго высокі прэстыж і статуснасць еўрапейскага кубка. Напрыклад, спаборніцтвы былі адным з этапаў адбору на Алімпійскія гульні, з’яўляліся зверкай сіл перад маючым адбыцца на мяжы жніўня-верасня ў Будапешце чэмпіянатам свету па дзюдо.
Каля паўсотні дзяржаў дэлегавалі ў мінскі Палац   спорту сваіх спартсменаў. Усяго іх набралася больш за 4 сотні. Абсалютная большасць, вядома, еўрапейцы. Але адкрыты фармат кубка дазволіў заявіцца на турнір таксама і дзюдаістам з пазаеўрапейскіх краін. Што, канешне ж, абвастрыла канкурэнцыю, павысіла градус і падняло відовішчнасць барацьбы.
Беларуская каманда была самай вялікай на турніры. Але не гэты факт стаў прыярытэтным у заваяванні нашымі спартсменамі каманднага кубка Еўропы. Якасць, сіла і моц выступлення асобных дзюдаістаў, упэўнена-роўны крок па татамі астатніх з’явіліся таму асновай. У скарбонку каманды «ўпала» 6 медалёў: два бронзавыя, адзін сярэбраны і тры залатыя. Тытуламі ў сваіх вагавых катэгорыях адзначыліся Дар’я Скрыпнік, Ягор Варапаеў і Уладзіслаў Цярпіцкі. Першыя крокі  на «гібкім шляху» Улад рабіў у Ляхавічах пад апекай трэнера-выкладчыка раённай ДЮСШ Віктара Богуша. Зараз настаўнікам чэмпіёна з Ляхавіч з’яўляецца старэйшына цэха, адзін з заснавальнікаў віда спорту Сямён Гуманаў.
Пасля некалькіх шумных турнірных дзён мінскі Палац спорту прыціх. Ужо не гучаць там у якасці каманд і ацэнак словы з японскай лексікі. Але далёка не ўсе дзюдаісты пакінулі гасцінную Беларусь. З цэнтра сталіцы пераехалі ў Стайкі, дзе прадоўжылі барацьбу ў трэніровачным рэжыме. Набліжаецца ж галоўны старт года.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *