Каманда святкаваць, ці Водная феерыя ад ляхавіцкіх выратавальнікаў (фота)

Імчалі пажарныя машыны: адна, другая, трэцяя. Спыняліся прахожыя, трывожна глядзелі ім услед: няўжо нешта гарыць. Але  на гэты раз  абышлося без надзвычайных сітуацый. Проста ў мінулы чацвер  у райцэнтры адбыліся ўрачыстасці з нагоды Дня  пажарнай службы.  Прычым, у выратавальнікаў  атрымалася ператварыць сваё прафесійнае свята ў агульнагарадское, цікавае і запамінальнае  і для    дзяцей, і для дарослых, а яшчэ – на зайздрасць масавае. У чым сакрэт? Разбяромся!
вычайна мы бачым супрацоўнікаў РАНС у спецыяльным абмундзіраванні падчас  ліквідацыі надзвычайных сітуацый ці ў форменным адзенні  на сельскіх сходах,   сустрэчах у працоўных калектывах,  навучальных установах. А  27 ліпеня  парадная форма нібы нагадвала: павіншуйце  агняборца са святам і пажадайце яму  сухіх рукавоў.
Спачатку  ў дзіцячай школе мастацтваў  адбыўся  ўрачысты  сход у гонар ляхавіцкіх выратавальнікаў. Тут сабраўся  амаль увесь асабовы склад РАНС, акрамя тых, хто заступіў на дзяжурства, ветэраны службы. Узнагароджаны лепшыя, аб’яўлена аб прысваенні  чарговых  і пазачарговых званняў. Гучалі добрыя словы, уручаліся падарункі, у тым ліку і музычныя. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч  шчыра павіншаваў супрацоўнікаў РАНС  з Днём пажарнай службы, адзначыў іх прафесіяналізм пры ліквідацыі надзвычайных сітуацый, зладжаную і эфектыўную  прафілактычную  работу.
Увага дзяржавы да службы 101 – пастаянная і дзейсная: абнаўляецца  спецтэхніка, абсталяванне райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Начальнік РАНС Валерый Равінскі расказаў, што сёлета  набыты  сродкі індывідуальнай аховы, разнастайныя  прыстасаванні для тушэння пажараў, шмат робіцца, каб стварыць належныя ўмовы для адпачынку выратавальнікаў. У гэтай прафесіі шмат залежыць ад фізічнай  падрыхтоўкі, таму спартыўнаму абсталяванню ў РАНС можна  па-добраму пазайздросціць.
Фізічную падрыхтаванасць, вытрымку, сілу, спрактыкаванасць, мабільнасць  ляхавіцкія выратавальнікі  прадэманстравалі ў мінулы чацвер у  гарадскім  скверы ля фантана, дзе з размахам прадоўжылася святкаванне.  У праграме –  конкурсы, прэзентацыя пажарнай, аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Дэманстравалася экіпіроўка  супрацоўнікаў МНС  і нават дазвалялася  яе прымераць, чым многія і скарысталіся.  Было нямала жадаючых паспрабаваць сябе ў трапнасці – пастраляць у ціры. Дзятва весела бавіла час на атракцыёнах.  З  нецярпеннем ляхавічане чакалі шоу  ад агняборцаў: падрыхтавалі камеры тэлефонаў, каб усё ўбачанае зафіксаваць.    Дарэчы, у  сусветнай павуціне  відэаролік пра  службу і паўсядзённае  жыццё  камандзіра аддзялення ПАВЧ Ляхавіцкага  РАНС Андрэя Пятрушкі набірае   новыя тысячы праглядаў!
Нашы агняборцы  прадэманстравалі элементы сваёй штодзённай службы, у тым ліку тушылі аўтамабіль, што загарэўся. І гэта трэба было бачыць! Асаблівыя ўражанні атрымалі дзеці, якія літаральна акупіравалі   выратавальную тэхніку і засыпалі пажарных пытаннямі. Такая дэманстрацыя супрацьпажарнай сілы – яскравая ілюстрацыя да шматлікіх прафілактычных акцый, якія праводзяць супрацоўнікі РАНС.  А ўбачанае ў скверы ўздзейнічае  на свядомасць лепш любых слоў.
Шыкоўным завяршэннем свята стала незабыўная    водная феерыя з вясёлкай  ад  выратавальнікаў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *