У першую нядзелю жніўня ляхавіцкія чыгуначнікі адзначаюць прафесійнае свята

Ляхавіцкі чыгуначны вакзал паспяхова трымае марку аднаго з самых добраўпарадкаваных аб’ектаў раёна. На тэрыторыі, без перабольшання,  ідэальны парадак: заўсёды чысціня, кусты падстрыжаны, як пад лінейку, будынак вакзала пафарбаваны. За чысцінёй сочаць самі чыгуначнікі (тутэйшы штат – 11 чалавек). Галоўная адказная за парадак – прыбіральшчыца  Ніна Сяргеева.  Як сама гаворыць, усё яе жыццё звязана з  пуцямі. Як, дарэчы і ў многіх іншых, хто тут працуе.

Начальнік станцыі «Ляхавічы» Ігар Куніцкі расказвае:

– Многія пасажыры, якія праязджаюць праз нашу станцыю, пра Ляхавічы мяркуюць менавіта па выглядзе прычыгуначнай тэрыторыі. Таму стараемся, каб у яе заўсёды быў прэзентабельны выгляд.

Ігар Іванавіч у чыгуначнай справе старажыл, працоўную біяграфію пачынаў 20 гадоў назад  дзяжурным па станцыі, а з 2006 года ўзначальвае калектыў.

Адна з пяці дзяжурных па станцыі Галіна Якавец – таксама чыгуначнік з сур’ёзным стажам: амаль 35 гадоў сустракае і адпраўляе пасажырскія і таварныя цягнікі.

– У нас вельмі дружны і ўзаемазамяняльны калектыў.  Ніна Гладкая, Ларыса Новік, Ларыса Пятроўская працуюць даўно. Але самы вопытны мой зменшчык – Іван Шклянік. Іван Мікалаевіч – наш настаўнік, у многім бяром прыклад менавіта з яго. Дзяўчаты-касіры – маладзейшыя, але таксама на чыгунцы не навічкі, – расказвае пра калег Галіна Іванаўна.

На першы погляд, нічога складанага ў рабоце дзяжурнага няма. На справе ж кожная вахта патрабуе ўважлівасці, арганізаванасці і прафесіяналізму. Прыём і адпраўка цягнікоў,  адсочванне іх далейшых маршрутаў, перагаворы з машыністамі – і так на працягу ўсёй змены.

– Цягнік эканом-класа «Баранавічы-Лунінец» прыбывае на чацвёрты пуць. Будзьце ўважлівыя, – у мікрафон гаворыць  дзяжурны па станцыі і ідзе сустракаць цягнік.

Акрамя сваіх непасрэдных прафесійных абавязкаў, тутэйшым работнікам часам даводзіцца быць і выратавальнікамі, і вартавымі парадку.  На жаль, не ўсе землякі разумеюць, што чыгунка – месца павышанай небяспекі. Вось і даводзіцца пра гэта нагадваць нецвярозым пешаходам, безадказным веласіпедыстам і г.д. Цяпер сачыць за парадкам  дапамагае відэакамера – уся інфармацыя выносіцца на экран у дыспетчарскую, якая, дарэчы, абсталявана сучаснымі тэхнічнымі сродкамі.

Куды ж адпраўляюцца на цягніках нашы землякі? Мінск, Гомель, Гродна – самыя папулярныя накірункі  міжрэгіянальных ліній, Баранавічы, Лунінец – рэгіянальных.  Білетны касір  Анастасія Рубанава  расказвае, што за змену, якая доўжыцца суткі, прадаюць у сярэднім больш за паўтары сотні білетаў. Прычым купіць можна куды заўгодна, дзе ёсць  рэйкі-шпалы. Запатрабаваны  і папярэдні продаж (за 45 дзён да выезду).

Нямала работы і ў прыёмаздатчыкаў грузаў і багажу. А разам з дзяжурнымі па станцыі,  білетнымі касірамі, начальнікам – яны чыгуначная каманда. Як і ўсе іх калегі, у тым ліку, хто працуе на станцыі «Рэйтанаў», у першую нядзелю жніўня яны адзначаюць прафесійнае  свята – Дзень чыгуначніка.  Далучаемся да віншаванняў.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *