Жніво з педагагічным ухілам. Карэспандэнты «ЛВ» вядуць хлебны рэпартаж з ЗАТ «Белпрампрыбор» /фота абноўлена/

На жніўных палях ЗАТ «Белпрампрыбор» шчыруе і сямейны экіпаж – Уладзімір Саган з дачкой Аленай. У свой настаўніцкі водпуск дзяўчына стала сапраўдным хлебаробам.

Была раніца, сонца знаходзілася пакуль толькі ў першай фазе. Як і папярэдні прагноз сіноптыкаў, яно абяцала нам дзённую гарачыню. Але прагнаць ранішнюю расу яшчэ не паспела. А гэта шлагбаўм на шляху выхаду збожжаўборачных камбайнаў у поле. Яны і знаходзіліся ў месцах начной дыслакацыі, пад наглядам сваіх кіроўцаў. Апошнія дарэмна часу не бавілі: дзе пачысціць, штосьці падмасліць, нешта падрэгуляваць. Так штораніцы, з мэтай максімальнага папярэджання збояў тэхнікі, пагаршэння яе якаснага функцыяналу. Іменна якасць з’яўляецца адным з галоўных патрабаванняў уборачнай кампаніі. Яшчэ тэмпы, якія ва ўмовах асабліва сціслага сёлета жніўнага перыяду маюць на рэдкаць важнае значэнне.

У адрозненне ад камбайнаў, для зернесушыльных ачышчальных комплексаў начныя піт-стопы не прадугледжаны. У сітуацыі, калі іх дапамога патрэбна, гарачы бег ЗСК не спыняецца суткамі. Што і адбываецца ў гаспадарках раёна зараз. У тым ліку і ў ЗАТ «Белпрампрыбор», наш «удзел» ва ўборачнай кампаніі якога пачаўся з размешчанага ў Шчэрбаве зернятока. Людміла Мароз тут за непасрэднага гаспадара і за руплівую дакладную гаспадыню. Загадчыца зернясклада, на старце жніва яна ўзяла на сябе яшчэ і абавязкі вагаўшчыцы. Кажа, што часова: з выхадам на пік аб’ёмаў паступаючага зерня падобнае сумяшчэнне наўрад ці магчыма.

Зерняток заўсёды ўяўляўся найбольш індустрыяльным цэхам сельскагаспадарчага прадпрыемства. І самым хлебным: россыпы свежага ўраджаю на фоне высокіх сілуэтаў комплексаў для сушкі і ачысткі. У Шчэрбаве іх два: стары па тэрміне эксплуатацыі, але дастаткова на-дзейны і ў роўнай ступені прадукцыйны стацыянарны. На першым этапе яго праца заключалася ў дапрацоўцы зерня азімага ячменю. «Белпрампрыбор» з’яўляецца адной з дзвюх гаспадарак раёна, дзе сёлета вырошчваўся гэты хлебны злак. Людміла  Мароз назвала лічбу:  у сухім выглядзе атрымалася 250 тон зерня.  У  сухім – пры паказчыку адноснай вільготнасці блізкай да 13 працэнтаў.

Яшчэ адным вытворча-сушыльным прыборам «Белпрампрыбора» з’яўляецца перасоўны аг-рэгат. Яго нам абазначылі як «італьянка» – па краіне паходжання. Для яго сезон пачынаўся з рапсу: з больш як 210 тон алейнага насення на ўваходзе атрымалі каля 180 тон прадукцыі складской вільготнасці.

Але гэта ў мінулым. Зараз прыёмныя бункеры, сушыльныя шляхі комплексаў запоўнены яравым ячменем. Па прыездзе з палетка зерне паказвае прыкладна 20-працэнтную вільготнасць.  6-7 адзінкавых пунктаў з’яўляюцца лішнімі, і месца на складзе для іх няма – не прадугледжана, недапушчальна.

Гэта дакладна кантралюецца загадчыцай склада, адсочваецца аператарамі сушыльных комплексаў. На ролю апошніх у «Белпрампрыборы» прызвалі ўмелых і вопытных, хто не першы год у справе. У той дзень вахту на «польскай» сушылцы неслі Іван Мішкевіч і Ігар Бусел, «італьянкай» запраўляў Іван Некрашэвіч. Гэта іх дадатковая прафесія, сезонны абавязак – дапрацоўка зерня. У іншыя на працягу года перыяды яны, адпаведна, электрык, млынар і работнік будаўнічай брыгады гаспадаркі.

На жніўным палетку нетаропка завіхалася тройка камбайнаў. У гатоўнасці падставіць плечы свежасабранаму ўраджаю бавілі час два самазвалы. Літаральна праз мяжу-дарогу працаваў яшчэ адзін агрэгат – касільны. Нягледзячы на хлебаўборачныя клопаты, пад запыты якіх падпарадкавана ўся гаспадарчая сістэма, у «Белпрампрыборы» працягваецца ўборка траў. Пасля падвяльвання скошанае скруціцца ў рулон, абкруціцца поліэтыленавай плёнкай, ляжа на склад. Мяркуючы па ўбачаным, кормасклад ЗАТ «Белпрампрыбор» адрозніваецца якасцю і, верагодна, багаццем.

Але ж – на хлебную ніву, адзін з камбайнавых экіпажаў на якой  з педагагічным ухілам. Старшы камбайнер Уладзімір Саган узяў сабе ў памочнікі дачку. У Алены чарговы штогадовы водпуск на асноўнай працы. Даволі працяглы, настаўніцкі. Дык чаму б не выкарыстаць яго нетрадыцыйна. Не на паўднёвым моры, напрыклад, а на жніўным полі ў якасці часовага хлебароба. Новы вопыт, дадатковы заробак, цікавая тэма для вераснёўскіх гутарак з вучнямі Тухавіцкай сярэдняй школы. Пра надзённае, роднае і на роднай мове.

Жніво ў раёне набірае ход, з кожным новым днём выходзіць на новыя абароты. З ледзь ці не 16 стартавых тысяч гектараў на ўчарашні дзень было скамбайнавана амаль 4. Сярэдні раённы гектар  «сыпле» 40 цэнтнераў збожжа. Паколькі лепшы хлеб усё яшчэ знаходзіцца на пні і, безумоўна, не трапляе ў лічбы статыстыкі, сярэдняя прадукцыйнасць гектара яшчэ падымецца.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добры настрой - да добрага ўраджаю. Загадчыца зернясклада - Людміла Мароз.

Вадзіцель МАЗа Мікалай Бярэзіч

Сушыльшчыкі Іван Мішкевіч, Ігар Бусел

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *