Уступная кампанія: першыя вынікі

Абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў падвяла прамежкавыя вынікі ўступнай кампаніі 2017 года. Кантроль за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ажыццяўляецца на ўсіх этапах кампаніі.

У чэрвені прайшлі ўступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання па 11 вучэбных прадметах у  4 установах адукацыі, вызначаных пунктамі для яго правядзення, размешчаных на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.

Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ва ўказаных установах вобласці былі зарэгістраваны абітурыенты для выканання 54480 тэстаў (выканана 51904 тэсты).

У цэлым па вобласці цэнтралізаванае тэсціраванне прайшло без праблем, выпадкаў выдалення ўдзельнікаў ЦТ не было (у мінулым годзе мелі месца два выпадкі выдалення ўдзельнікаў цэнтралізаванага тэсціравання за выкарыстанне мабільных тэлефонаў). 28 ліпеня завершаны конкурсны адбор і праведзена залічэнне абітурыентаў для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту.

Усяго ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту ў чатырох універсітэтах вобласці прынялі ўдзел 4156 абітурыентаў, залічана ва ўстановы вышэйшай адукацыі 1926. Кантрольныя лічбы прыёму за кошт сродкаў бюджэту выкананы поўнасцю. У сярэднім конкурс на бюджэтныя месцы склаў 2,16.

У Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт падалі заявы 1306 абітурыентаў на 535 бюджэтных месцаў, даведзеных кантрольнымі лічбамі; у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна – 1074 абітурыенты на 528 бюджэтных месцаў; у Палескі дзяржаўны ўніверсітэт –  809 абітурыентаў на 436 месцаў (за кошт сродкаў бюджэту і Нацбанка); у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт –  967 абітурыентаў на 427 бюджэтных месцаў.

У гэтым годзе назіраецца павышаны інтарэс абітурыентаў да спецыяльнасцяў, звязаных з фізічнай культурай. У Палескім універсітэце конкурс па групе спецыяльнасцяў факультэта арганізацыі здаровага ладу жыцця склаў 2,8 чалавека на месца, у Баранавіцкім універсітэце па спецыяльнасці «фізічная культура» – 3,1.

У Брэсцкім універсітэце імя А. С. Пушкіна найбольш запатрабаванымі сталі спецыяльнасці «псіхалогія» – 6,2, «сучасныя замежныя (англійская, нямецкая) мовы (выкладанне)» – 4,6, «біяэкалогія» – 4 чалавекі на месца.

У Брэсцкім тэхнічным універсітэце традыцыйна павышаным попытам сярод абітурыентаў карысталіся спецыяльнасці «архітэктура» і «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» – конкурс склаў адпаведна 3 і 4 чалавекі на месца.

На перыяд правядзення ўступнай кампаніі працуюць тэлефоны гарачай лініі Брэсцкай абласной камісіі па кантролі за ходам уступных іспытаў, на якія паступілі 5 зваротаў (па двух зваротах дадзены тлумачэнні, бо іх вырашэнне не ўваходзіла ў кампетэнцыю абласной камісіі; па трох зваротах пытанні вырашаны на карысць заяўнікаў).

Кантроль за правядзеннем уступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі працягваецца.

Завершыцца дзейнасць камісій па кантролі пасля прадастаўлення  (да 19 жніўня) у дзяржкамісію справаздачы аб выніках работы з унясеннем прапаноў па ўдасканаленні парадку падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў.

КДК Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *