Чытайце і ганарыцеся!

БЕЛТА.

Беларускае кнігавыданне ў гэтым годзе прадставяць на выстаўках у Кітаі, Сербіі і Германіі. Аб гэтым паведаміла міністр інфармацыі Лілія Ананіч на прэзентацыі кнігі «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі 3 жніўня.

У гэтым годзе беларуская кніга была прадстаўлена ў Літве, Чэхіі, Францыі. «Цяпер мы рыхтуемся да прадстаўлення нацыянальнага кнігавыдання і юбілейнай даты (500-годдзя беларускага кнігадрукавання. – Заўвага БЕЛТА) у Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў Пекіне. У гэтым годзе яшчэ пабываем на выстаўках у Сербіі, Германіі», – сказала Лілія Ананіч. Беларусь, нягледзячы на імклівае развіццё камп’ютарных тэхналогій, не страчвае сваіх пазіцый у кнігавыданні, адзначыла міністр. Друкаваная кніга ў краіне мае моцныя пазіцыі, дадала яна.

Гаворачы аб праекце «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» Лілія Ананіч падкрэсліла: «Мы ганарымся, што напярэдадні 500-гадовага юбілею беларускага кнігавыдання мы зрабілі адну з лепшых кніг, якія ўвайшлі ў скарбонку нацыянальнага і, упэўнена, сусветнага кнігавыдання».

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар адзначыў важную асветніцкую дзейнасць Францыска Скарыны. Яго рэвалюцыйны ўклад у кнігадрукаванне, на думку пасла, заключаецца не толькі ў перакладзе Бібліі, але і ў распаўсюджванні ідэй адукацыі і асветы сярод простых людзей. «За гэта мы павінны быць глыбока ўдзячныя вашаму вялікаму суайчынніку», – дадаў дыпламат.

500 гадоў таму – 6 жніўня 1517 года – у Празе выйшла першая друкаваная беларуская кніга – Псалтыр, якая лічыцца адной з самых папулярных і распаўсюджаных у хрысціянстве кніг Бібліі. Гэтай кнігай першадрукар Францыск Скарына паклаў пачатак усяму беларускаму кнігавыданню, якое развівалася ў цеснай сувязі з еўрапейскім і ўсходнеславянскім. Унікальная кніга «Сусветная спадчына Францыска Скарыны», выдадзеная па заказе Міністэрства інфармацыі Беларусі выдавецтвам «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Багата ілюстраванае выданне выйшла ў серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў» на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай. Упершыню ў адной кнізе прадстаўлены ўсе 25 кніг беларускага першадрукара. У сучасным выданні наглядна прадстаўлена спадчына Францыска Скарыны, што сёння з’яўляецца нацыянальным здабыткам і захоўваецца ў кніжных і музейных зборах многіх краін свету – Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Даніі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Славеніі, Чэхіі, ЗША.

Кніга «Сусветная спадчына Францыска Скарыны» атрымала Гран-пры Міжнароднага конкурсу краін – удзельніц СНД «Мастацтва кнігі – 2017», Гран-пры Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі Eurasian Book Fair 2017.

На прэзентацыю, якая прайшла напярэдадні юбілейнай даты выхаду першай беларускай кнігі, прыйшлі дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса замежных краін, СМІ.

БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *