Уборачныя прыпынкі «Шляху новага»

Міхаіл Дзядовіч і Яўгеній Коктыш – адзін з чатырох маладзёжных экіпажаў «Шляху новага».

З раніцы да позняга вечара гудуць на жніўным полі  камбайны. У ААТ «Шлях новы» адзін  з самых унушальных  зерневых клінаў раёна: 1240 гектараў азімай пшаніцы, 200 – яравой, 400 – ячменю, 540 – трыцікале, 400 – зернебабовых, 55 – жыта, 25 – аўсу.  2 збожжаўборачныя звяны па 7 агрэгатаў кожнае – штодня ў полі. На адвозцы зерня задзейнічаны 12 аўтамабіляў, на сушцы  –  3  зернесушыльныя комплексы.  Жніво ўладарыць над часам і людзьмі.

Сямейны хлеб

– Крыху правей вазьмі, каб не разляталася, – раіць Аляксандр Камінскі свайму маладому напарніку, які ўважліва курыруе адказнейшы працэс – перасыпанне намалочанага зерня з бункера камбайна ў прыпаркаваны побач аўтамабіль. – Вось цяпер выдатна.

Здаецца гэтыя двое разумеюць адзін аднаго без слоў. Яны не проста каманда, а сямейны экіпаж Камінскіх: старшы камбайнер, 48-гадовы Аляксандр, і камбайнер, 21-гадовы Яўгеній, – бацька і сын. Абодва загарэлыя, сур’ёзныя і ведаюць кошт хлебу, таму ўважліва праходзяць кожны метр поля, дзе каласіцца азімая пшаніца.

– Жнём да цямна. Потым камбайн – на начоўку, а самі дамоў, – гаворыць старэйшы Камінскі.

Яўгеній, нягледзячы на ўзрост, навічком на хлебнай ніве сябе не лічыць. Гэты ўборачны сезон чацвёрты ў яго механізатарскай біяграфіі. Усяго на месяц Яўгеній Камінскі на камбайне, астатні час – памочнік начальніка ўчастка № 1 «Шляху новага». Малады чалавек з маленства прывучаны да сялянскай працы. А яшчэ ён студэнт-завочнік агранамічнага аддзялення Гродзенскага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Значыць, і веды ў дапамогу!

Сямейны экіпаж Камінскіх.

Увогуле, у гаспадарцы працуе дынастыя Камінскіх. Акрамя Аляксандра і Яўгенія ёсць яшчэ і Сяргей – старэйшы сын і брат – інжынер. І адзіная жанчына ў сям’і, мама і жонка Таццяна, хоць і не працуе ў «Шляху новым», але мае непасрэднае дачыненне да земляробства – яна лабарант у райветстанцыі. Гэта на рабоце. А дома, захавальніца сямейнага ачага і кожны вечар ласкава сустракае са службы трох галоўных у сваім жыцці мужчын.

Маладыя – не зялёныя

Міхаілу Дзядовічу 26 гадоў. Многа ці мала? Калі па ўзросце – то ўсё яшчэ наперадзе. А вось па працы малады чалавек ужо з багатым вопытам. 18-гадовым юнаком упершыню сеў у кабіну камбайна і адразу зразумеў: маё. Настолькі захапіўся і ўборачным працэсам, і магутнай тэхнікай, што цяпер ведае яе ад вінціка да гайкі. Таму і большасць паломак, што часам здараюцца (то каменьчык у механізм трапіць, то спружынка саскочыць) ён ухіляе сам. Напаткае больш сур’ёзная праблема – выклікае хуткую тэхнічную дапамогу гаспадаркі, якая адразу рэагуе на сігнал sos.

– Яшчэ пару тыдняў назад спецыяльна прыязджаў сюды глядзець ці не пара выводзіць у поле свой КЗС-12. Запазнілася сёлета ўборка. Але нічога, справімся, тэхнікі ў гаспадарцы хапае. Вось сёння (4 жніўня – рэд.) за 6 гадзін намалацілі 6 бункераў па 5,5 тоны кожны, – расказвае старшы камбайнер маладзёжнага экіпажа, які спыніўся літаральна на некалькі хвілін для адпачынку: прывезлі падвячорак. Памочнікам у яго сёлета токар «Шляху новага» Яўгеній Коктыш, які ўступае ў размову:

– Я выпускнік Гомельскага каледжа машынабудавання, тэхніку люблю, ведаю і сябрую з ёю. Чым не дадатковая практыка – на камбайне?

– Такія хлопцы – гонар гаспадаркі. Працавітыя, добрасумленныя, напорыстыя, падтрымліваюць адзін аднаго. Прозвішча Дзядовічаў вядомае сярод хлебаробаў. Вельмі працавітая дынастыя. Калісьці ў адной кабіне з бацькам шчыраваў Міхаіл. І сёлета старэйшы Дзядовіч, як і яго яшчэ адзін сын Аляксандр, таксама задзейнічаны на жніве, – характарызуе сваю маладую гвардыю выконваючы абавязкі дырэктара ААТ «Шлях новы» Віталій Кульбіцкі.

Самы смачны хлеб

Карціна на заглядзенне: недалёка ад аграгарадка Навасёлкі па дарозе на Адахаўшчыну, нібы караблі, па пшанічным моры плывуць 7 камбайнаў.

А па скошаным полі імчыць сіняя «Ніва». Начальнік вытворчага ўчастка № 2 Аляксандр Пажога разам з механізатарамі пачынае і заканчвае рабочы дзень, які на полі доўжыцца ад відна да цямна.

– Паглядзіце, якая шыкоўная пшаніца, – беражліва праводзіць рукой па каласках Аляксандр Баляслававіч. Гэта ён разам з агранамічнай службай сельгаспрадпрыемства, пачынаючы з пасяўной, захоўвае тэхналогію вырошчвання кожнай культуры, сілкуе палі мінеральнымі ўдабрэннямі і арганікай. Своечасова праводзіцца падкормка і апрацоўка пасеваў ад шкоднікаў і хвароб. Таму і ўраджай радуе – 50-55 цэнтнераў на круг.

Аляксандр Пажога ўсё гэта ведае выдатна. Вучыўся вырошчваць хлеб, калі жыў у Казахстане. На пытанне, дзе ён смачнейшы, адказвае:

–Самы смачны – вырашчаны ўласнаручна. Дакладна ведаю адно: лёгкага хлеба не бывае.

Старшы камбайнер Генадзій Місько і камбайнер Генадзій Яфімовіч.

Гросмайстарскі ход  Генадзія Місько

У гаспадарцы ведаюць: прайсці школу Генадзія Місько лепш любога ўніверсітэта. Старшы камбайнер – не майстар сваёй справы, а гросмайстар. Колькі сезонаў запар ён у калектыве трывала трымае марку лідара на жніве. І сёлета настроены на працу. У калгас імя Ламаносава Генадзій прыйшоў 16-гадовым юнаком. І вось ужо 32 гады не ўяўляе сябе ў іншай прафесіі. Ён механізатар і ганарыцца гэтым.

– «Доны», цяпер вось КЗС-12 – тэхніка мяняецца. Сучасная больш прадукцыйная і камфортная. Галоўнае – было б што жаць. Цяпер убіраем трыцікале. Душа радуецца за добры ўраджай. Так і працаваць лягчэй, – гаворыць камбайнер і зноў спяшаецца ў кабіну свайго жалезнага магутнага сябра. Не да размоў, калі кожнае імгненне на вагу хлеба.

Калі б у сярэднім за жніўны сезон Генадзій Манікавіч намалочваў тысячу тон зерня (часцей за ўсё лічба значна большая), то колькі атрымліваецца за 32 гады?! Працаваць Місько любіць і ўмее. Гэтым летам вопыт у яго пераймае камбайнер Генадзій Яфімовіч.

Звыклы маршрут

Імчыць з каштоўным грузам магутны МАЗ. Толькі прафесіянал убачыць, наколькі беражліва і ўважліва кіруе аўтамабілем вадзіцель. Так акуратна па звыклым маршруце «поле-дарога-элеватар» да 15 рэйсаў за дзень робіць яшчэ адна жніўная зорка «Шляху новага» вадзіцель на адвозцы зерня Юрый Тарабеш. Яшчэ падлеткам кожнае лета наведваўся з інтэрната да сваякоў у Ціткаўшчыну. Пасля арміі прыехаў сюды, як аказалася, назаўсёды. Ажаніўся, з жонкай выгадавалі дваіх сыноў, яны ўжо дарослыя, самастойныя. Калі былі дзецьмі, бацька браў іх у поле, каб ведалі цяжкі шлях хлеба на стол.

А тым часам на ўчастку № 1 разгружаецца чарговы бункер. Начальнік участка Аляксандр Рамейка ўключае секундамер: 2,5 мінуты – і 5 тон камбайн перасыпаў у кузаў аўтамабіля. Не да любавання ўдзельнікам жніва, у тым ліку і вадзіцелю з 30-гадовым стажам Уладзіміру Грыцкевічу, – дарагая кожная хвіліна. Яго задача – без страт і хутка даставіць новы ўраджай на ЗСК.

Сушы зерне

Прыпынак і – сапраўдная скарбніца: залатыя хлебныя горы. На зернесушыльным комплексе ў Навасёлках вытворчы працэс не спыняецца. Вопытны аператар Мікалай Правалаў пільным вокам аглядае прыбыўшую партыю і не хавае задаволенасці: добрае зерне, чыстае, без смецця, трэба толькі крыху дасушыць.

– У сярэднім за суткі пера-працоўваем каля 200 тон сухой збажыны ці 80 тон вільгот-най, – расказвае Мікалай Рыгоравіч. На ўборачную ён з аўтаэлектрыка каторы год перакваліфікоўваецца ў аператара. У 2006 годзе стаяў ля вытокаў запуску гэтага ЗСК. Ды і зменшчык Васілій Суднік таксама асоба ў сельскагаспадарчым асяроддзі вядомая. Яны на кожнай жніўнай кампаніі ў ліку раённых лідараў сярод аператараў зернесушыльных комплексаў. А ў 2013 годзе прадстаўлялі Ляхавіччыну на рэспубліканскіх дажынках у Жлобіне.

Сёлетняе жніво – чарговы экзамен на хлебаробскую вартасць.

Вадзіцель Юрый Тарабеш.

Галіна КАНЬКО.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *