«Ліпнянка» пачынала ў ліпені

Старшы камбайнер Аляксандр Салодкі.

Да Ліпска не блізка. І практычна на ўсім шляху за першым пасля райцэнтра паваротам назіраеш тое галоўнае, што адбываецца зараз у краіне. Убранаму полю ці яго частцы на змену прыходзіць яшчэ цэлы хлебны палетак. Крыху далей і нязначна воддаль ад дарогі заўважаеш – як не заўважыць – запакаваныя ў белы поліэтылен сянажныя рулоны. Апошняе да пытання корманарыхтовак, якія ні ў якім разе не становяцца на паўзу. Яшчэ адно назіранне: дажджы, якія, безумоўна, не з’яўляюцца для жніва спадарожным фактарам, прыйшліся даспадобы кукурузе. У камбінацыі з гарачынёй, што надарылася апошнім часам, яны вельмі істотна «запусцілі» рост каралевы палёў.

Падарожныя назіранні па-цвярджае і галоўны аграном   КСУП «Ліпнянка» Яўгеній Праневіч:
– Літаральна за тры дні кукуруза рэзка пайшла ў рост. Вільгаць, цяпло – самае тое, што патрэбна для гэтай культуры. 170 гектараў складаюць пасевы кукурузы ў нашай гаспадарцы. Вырошчваем на сілас, каб папоўніць, дапоўніць, разнастаіць кармавы стол. Пра кармавы стол можна сказаць і наступнае: дзякуючы ў тым ліку ўжо названым фактарам, у добрым стане знаходзіцца і паша.
І вось мы на жніўным – ячменным – полі. У хаатычнасці, здавалася б, шляхоў і адрэзкаў, па якіх рухаецца тэхніка, чытаецца сістэма і тэхналагічная схема. На ўсякі пажарны выпадак у «Ліпнянцы» адаптавалі свой агрэгат. Абсталяваная помпавым прыстасаваннем бочка пастаўлена ў агрэгацыю з трактарам МТЗ. У звычайныя дні яе функцыянал таксама запатрабаваны, напрык-лад, для жывёлы, падвозкі вады на пашу. Зараз жа яе прысутнасць акцэнтавана на «прыкрыцці» ўборачнай тэхнікі.
Поле, на якім працягвалася ўборка, той яшчэ зямельны рэсурс. Пад 60 гектараў тэрыторыі, якая яшчэ ў мінулым годзе служыла «соткамі» для мясцовых жыхароў. Не ўсе з іх, растлумачылі суразмоўцы, працягвалі эксплуатаваць свае надзелы, былі акуратнымі і паслядоўнымі ў іх апрацоўцы. У выніку – «паласатасць», пра якую можна здагадацца і зараз.
Вакол 30 цэнтнераў з гектара вагаецца ў гэтым годзе ўраджайнасць хлебных злакаў у гаспадарцы. Як растлумачыў галоўны аграном, у адрозненне ад стартавага этапу ўборкі, калі з палёў зерне паступала вільготнасцю за 20 працэнтаў, гарачыня апошніх дзён зрабіла сваю добрую справу.
– Сёння паказчык вільготнасці ячменю складае прыкладна 14 адзінак, а на высокіх участках поля нават і менш. Патрэбнасць у сушцы практычна адпала. Па-сутнасці, ЗСК працуюць    толькі на ачыстку. Зелле «адбілі» – і на  гэтым усё, можна складзіраваць.
Тым часам караван з чатырох камбайнаў выконваў сваю работу. Адным з КЗСаў кіраваў экіпаж у складзе Аляксандра Салодкага і     Сяргея Гачко – лідар  па намалоце сярод камбайнавых экіпажаў гаспадаркі. На ўчарашні дзень праз бункер іх камбайна прайшло больш за 300 тон збожжа (без уліку рапсу, на якім механізатары таксама як належыць папрацавалі).
Другі экіпаж сямейны – бацька і сын Дзяміды. Старэйшы і старшы ў тандэме Аляксандр. Сяргей, які ў яго памочнікам, на час уборкі «злез» з трактара, якім кіруе ў пазахлебаўборачны перыяд. Аляксандр Васільевіч былы вадзіцель аўтамабіля, прысвяціў гаспадарцы нямала часу, наматаў на колы свайго грузавіка не адну тысячу вёрст. Вось ужо некалькі гадоў на час жніва вяртаецца на хлебнае поле, займае месца за штурвалам збожжаўборачнага карабля. Круг за кругам – не адстаюць, як здаецца, гледзячы з боку, і два іншыя экіпажы.
Адвозкай зерня з поля на зерняток заняты два аўтамабілі. МАЗы рознай грузапад’ёмнасці, адпаведна, прытрымліваюцца і рознай схемы адбору зерня ў камбайнаў. Паспяваюць з запасам, як сказаў пра іх работу Яўгеній Праневіч.
Уборачныя плошчы КСУП «Ліпнянка» першачаргова і без уліку цеплалюбівых культур складалі амаль 930 гектараў – ужо названыя рапс, ячмень, жыта, трыцікале, авёс… Дзве апошнімі ў гэтым пераліку культуры гаспадарка, збожжаўборка ў якой пачыналася 25 ліпеня, ужо ўбрала. Завіхаліся на ячмені, пасля якога прыйшла чарга жыта.
Сінхронна з палявымі клопатамі, работай зернетакоў гаспадарнікі «Ліпнянкі» пачалі ўжо і адгрузку ўраджаю ў засекі дзяржавы. З дзяржзаказам па аўсе ўжо справіліся. На  чарзе – жыта.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Яшчэ адзін экіпаж складаюць Генадзій і Віталій Івашкі – бацька і сын.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *