Абед з дастаўкай

Уборка ўборкай, а абед па раскладзе. Камбайнеры Сяргей і Аляксандр Дзяміды.

Сталовая на колах прыязджае на палявы стан строга па раскладзе, уборка не церпіць прамаруджвання, харчаванне ўдзельнікаў жніва – не выключэнне, такі расклад у СВК «Ляхавіцкі». На якім бы ўчастку ні шчыравалі  тутэйшыя працаўнікі, абеды і падвячоркі  сюды дастаўляюцца з полымя, з  жару.

За  22 гады  брыгадзір-повар  сталовай райпо ў аграгарадку Русінавічы  Нэлі Жук хоць і дасканала вывучыла апетыты і смакавыя прыхільнасці механізатараў,  але ўсё ж  абавязкова цікавіцца, што новенькага жадаюць пакаштаваць. Нэлі Фёдараўна і яе  калега  повар Таццяна Траяноўская гатуюць з любоўю, разумеюць, што ад ежы залежыць і сіла, і настрой удзельнікаў жніва.
Сталовая пад адкрытым небам у дзеянні: са спецыяльнага посуду  стравы хутка раскладаюцца па талерках, гучыць традыцыйна шчырае «Смачна есці!».  Гавораць, апетыт прыходзіць падчас яды. Асабліва, калі яна смачная. Тая, якую гатуюць Нэлі Жук і Таццяна Траяноўская, вельмі смачная.
Што ж у камбайнера з «Ляхавіцкага» на абед?  Калі ласка,  меню аднаго дня: халаднік, смажаніна, каўбаса, салат з агародніны, кампот з замарожаных клубніц, булачка, хлеб. Гэта абед, які  пачынаюць развозіць штодня з 11 гадзін. Ёсць і падвячорак, час яго «ад’езду» са сталовай – 16 гадзін.  У мінулы чацвер на ўра разышліся  каша рысавая і бефстроганаў, памідор, сок, булачка, хлеб. Дарэчы, гаспадарка  сама забяспечвае  сталовую мясам і бульбай, што змяншае кошт харчавання. Наведвальнікі сталовай пад адкрытым небам плацяць за харчаванне  ўсяго 5 працэнтаў ад кошту, асноўныя траты бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.
Акрамя «Ляхавіцкага» ў Русінавіцкай сталовай гатуюць і для працаўнікоў КСУП «Тальмінавічы». На дзве гаспадаркі каля сотні абедаў і  падвячоркаў.
– На мінулым тыдні, калі было вельмі спякотна, прасілі  дзяўчат, каб на першае прывозілі халаднікі і  пабольш салатаў з агародніны.  Яны стараюцца выконваць    просьбы і, увогуле, гатуюць смачна, – гаворыць вопытны камбайнер  Аляксандр Салодкі з КСУП «Ліпнянка».  Заказное меню для ўдзельнікаў жніва ў  сталовай, якая на балансе сельгаспрадпрыемства, практыкуецца не першы год.
Не менш, чым вытворчым момантам, арганізацыі харчавання ўдзяляецца ўвага і ў ААТ «Шлях новы». Штодзень дастаўляецца на жніўнае поле, зернетакі, у розныя кропкі раёна (гаспадарка займае значную плошчу і раскідана па некалькіх сельсаветах) у сярэднім 100 абедаў і 35  падвячоркаў  са сталовай таварыства. Абеды «едуць» на спецыяльна абсталяваных  аўтамабілях, аўтобусе прама ў поле. Захоўваюцца ўсе санітарныя патрабаванні: стравы – у тэрмасах, посуд у кантэйнерах, для мыцця    рук – вада ў бідонах, заўсёды чыстыя сурвэткі. Курыруе хлебаробскае меню загадчыца сталовай  Святлана Жук. Рабочы дзень у Святланы Іосіфаўны і яе поварскай каманды пачынаецца ў 6 гадзін раніцы: чысцяць, мыюць, вараць, смажаць, робяць нарыхтоўкі. І ў такім тэмпе ўсю змену, каб  добра накарміць сваіх падапечных. Ні разу ад удзельнікаў  уборачнай не паступала скаргаў на якасць харчавання, выключна словы ўдзячнасці. «Усё вельмі смачна!» – хорам рапартуюць механізатары.
Выязное харчаванне ў гаспадарцы  платнае. Праўда,  яно танней сабекошту: абед – рубель, падвячорак – 50 капеек (вылічваецца потым з зарплаты).
Работнікі сталовых стараюцца для ўдзельнікаў уборкі  гатаваць самыя смачныя абеды.  А культработнікі тым  часам ладзяць  прама на палявым стане канцэрты: песня жыць і працаваць дапамагае. Хоць на некалькі хвілін, але абавязкова на кожным участку, дзе ідзе жніво, пабываюць з міні-канцэртамі ўдзельнікі народнага клуба песні, гумару, гульні «Вечарніца» Навасёлкаўскага СДК. Першае выступленне ўжо адбылося ў мінулую нядзелю. Такія праграмы рыхтуюць і ў іншых установах культуры.
Па асобым рэжыме ў хлебную  пару працуюць  урачэбныя амбулаторыі і фельчарска-акушэрскія пункты.   Медыкі не лічацца з уласным часам,  яны  – частыя госці ў мехмайстэрнях, на палявых станах, зернетаках. Па першым званку мчыць і хуткая дапамога. Ранішняе абследаванне механізатараў, кантроль за медыкаментамі ў аптэчках, проста напамін пра перасцярогу – зусім не лішнія.
Яшчэ з 1 красавіка на летні рэжым работы перайшлі  сельскія магазіны райпо: на адну-дзве гадзіны падоўжылі графік. Так, у аграгарадку Дарава крама цяпер працуе да 21 гадзіны, у Жарабковічах – да 20 гадзін.  Як запэўнілі ў райспажыўсаюзе,  на паліцах магазінаў ёсць  усё для таго, каб не адцягваць увагу ўдзельнікаў жніва бытавымі праблемамі.
А пры раённым аб’яднанні прафсаюзаў створаны і дзейнічае штаб па каардынацыі дзеянняў прафсаюзаў на ўборачнай. Праводзяцца маніторынгі арганізацыі гарачага харчавання, забяспечанасці  пітной вадой, спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы, адсочваюцца пытанні аховы працы. І, канешне ж, ушаноўваюцца лепшыя. Маральнае стымуляванне таксама важкае.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Падзялiцца:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *