Са святам, гаспадары зямлі!

Фестывальную пляцоўку абласнога маштабу ўяўляў сабой у мінулую пятніцу аграгарадок Аснежыцы, што на Піншчыне. Ён быў абраны месцам правядзення святочных урачыстасцяў з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Цэнтральная сядзіба даўно вядомага сваёй паспяховасцю  сельгаспрадпрыемства «Аснежыцкага» выгляд мае вельмі грунтоўны. Нават не аграгарадскі, а здаецца невялічкім кампактным гарадком. У поўнай таму адпаведнасці і раённы Цэнтр культуры і вольнага часу, дзе ўсё непасрэдна ладзілася-адбывалася.

У адной з залаў Цэнтра ўдзельнікаў свята чакала выстава твораў розных накірункаў мастацтва: яркія ўзоры жывапісу, саломапляцення, вышыўкі, разьбы па дрэве і іншае.

Тым часам галоўная сцэна свята гатова была салютаваць лепшым па выніках  года хлебаробам і жывёлаводам Брэстчыны — пераможцам абласнога спаборніцтва ў розных намінацыях сельскагаспадарчай вытворчасці.

Звяртаючыся да працаўнікоў вёскі, ветэранаў галіны, гасцей свята старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар, у прыватнасці, адзначыў, што бягучы год выдаўся няпростым — як для сельскай гаспадаркі, так і для эканомікі ў цэлым.  Аднак, нягле-дзячы на ўсе складанасці, заўважыў кіраўнік вобласці, для свята ёсць нагода. Аграрыі Брэстчыны справіліся з заданнем па ўборцы зерня каласавых, як ніколі раней, нарыхтавана каля 900 тысяч тон цукровых буракоў. Ёсць поспехі ў вырошчванні кукурузы, захаваны пазіцыі адносна аб’ёмаў вытворчасці і паляпшэння ўмоў захоўвання бульбы. У гэтым сельскагаспадарчым годзе была нада-дзена дадатковая ўвага пытанням вырошчвання проса і асабліва грэчкі.

Некалькі менш паспяхова аграрыі вобласці спрацавалі ў плане вытворчасці насення рапсу і піваварнага ячменю. У пэўнай ступені прычынай таму сталі  неспрыяльныя ўмовы надвор’я. Аднак, заўважыў губернатар: «Дробязяў няма. Дзе ўсё было зроблена тэхналагічна — там і ўраджай».

Шмат увагі, пацвярджэннем чаму могуць служыць канкрэтныя вынікі, надавалася жывёлагадоўлі. Выраслі аб’ёмы, якасць. Так, калі ў 2010 годзе сортам экстра вобласць атрымлівала 8 працэнтаў малака, то за перыяд з пачатку года бягучага гэты паказчык узрос утрая.

Але тэндэнцыя часу ў тым, што сёння ўжо недастаткова толькі вырасціць прадукцыю — актуальныя пытанні арганізацыі яе перапрацоўкі і продажу. У значнай ступені гэта зараз і назіраецца. Перапрацоўчыя прадпрыемствы, па словах Канстанціна Сумара, своечасова зарыентаваліся ў сітуацыі, прыйшлі да свята з добрымі вынікамі. Некаторыя з іх часткова мадэрнізаваны пад новыя тэхналогіі і, адпаведна, выпуск больш якаснай прадукцыі. Іншая, было адзначана, рынку не патрэбна.

Ёсць чым ганарыцца і ў плане продажу прадукцыі АПК і прадуктаў яе перапрацоўкі. У тым ліку, і за межы краіны: па вобласці экспартная выручка за 10 месяцаў года склала прыкладна 600 мільёнаў долараў ЗША. У той ці іншай ступені аграрыі Брэстчыны «кормяць» жыхароў 23 краін свету. Аграрная галіна, — заўважыў губернатар, — становіцца адной з галоўных крыніц прыцягнення ў краіну валютных сродкаў.

Не ўсё, канешне, абсалютна выдатна ў функцыянаванні аграрнай галіны вобласці. Аднак жа — гэта не тэма святочнага апавядання. Сёння мы ўзгадваем сёлетнія поспехі, якія ў разрэзе ўжо наступнага сельскагаспадарчага года разглядаюцца толькі ў якасці стартавай пляцоўкі. І творцаў гэтых поспехаў  — сялян, прыгажэй за якіх, па выказванні Канстанціна Сумара, людзей няма.

З іх самым лепшым старшыня аблвыканкама ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Не аднойчы ва ўрачыста-святочнай зале гучала назва нашага раёна, прозвішчы асобных працаўнікоў АПК Ляхавіччыны. У тым ліку, як канчаткова высветлілася, СВК «Ляхавіцкі» стаў трэцім у вобласці па вытворчасці алейнага  насення рапсу, а аператар па адкорме свіней ЗАТ «Белпрампрыбор» Алег Бурчыц у сваёй намінацыі выйшаў пераможцам.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *