«…Людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць»

6 жніўня 1517 года ў Празе  выйшла ў свет Біблія на старажытнабеларускай мове – «Псалтыр», якую выдаў Францыск Скарына з Полацка. Менавіта гэта дата лічыцца днём нараджэння беларускага кнігадрукавання, 500-годдзе якога мы адзначаем у гэтым годзе.

Біблія Францыска Скарыны стала першай друкаванай кнігай для ўсходніх славян. Яна выйшла раней, чым англійскі і французскі пераклады, амаль на 50 гадоў апярэдзіла «Апостал», выдадзены ў маскоўскай друкарні. Гэта быў навуковы, духоўны і адукацыйны прарыў.

Францыск Скарына пакінуў нашчадкам перакладзеныя на блізкую да народнай мовы біблейскія кнігі. Ён таксама адным з першых вывеў беларускую мову на ўзровень літаратурнай нормы: «Немногим учителям бывати, но более умети язык свой справовати». Ён заўсёды вучыў памятаць свой абавязак перад радзімай, падкрэсліваючы, што абавязак чалавека працаваць на карысць радзімы, не шкадаваць «всякого тружения и скарбов для… отчизны своея». «Як ад нараджэння звяры, што хо-дзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятагоць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць», – пісаў у прадмове да адной са сваіх кніг асветнік.

Біблія ў выданні доктара Скарыны – гэта не царкоўнае і не чыста акадэмічнае выданне для навуковых мэт, гэта – першае выданне Свяшчэннага Пісання для дамашняга чытання. Асаблівасці перакладу, структура выдання, яго мастацкае афармленне – усё падпарадкавана мэтам асветы. Для даступнасці і правільнасці разумення простым народам біблейскіх кніг Скарына ўносіць шмат новага ў характар выдання, захоўваючы пры гэтым вернасць перакладу біблейскім тэкстам арыгінала.

Пасля выхаду «Псалтыра» амаль кожны месяц выдаваліся ўсё новыя і новыя тамы Бібліі: Кніга Іова, Прытчы Саламона, Еклесіяст. На працягу 1517-1519 гадоў у Празе Францыск Скарына выпусціў у свет звыш 20 ілюстраваных біблейскіх кніг, перакладзеных ім на зразумелую шырокаму чытачу мову. Кожную з кніг выдавец забяспечыў прадмовай і пасляслоўем, якія адлюстроўваюць канфесійныя, філасофскія і асветніцкія погляды Скарыны.

Таксама Францыск Скарына ўпрыгожыў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць жыццё беларусаў тых гадоў – побыт, адзенне, тэхніку будаўніцтва. Смела адступаючы ад канонаў, Скарына прадставіў у «Бібліі» ўласны партрэт.

Дзейнасць Францыска Скарыны аказала вялікі ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Беларусі, ва ўсім Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах. Яго кнігі дабратворна паўплывалі на развіццё беларускай літаратурнай мовы. Скарына ўвайшоў у гісторыю як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Багацце асобы Францыска Скарыны ставіць яго ў адзін рад з такімі выдатнымі людзьмі эпохі Адра-джэння, як Леанарда да Вінчы, Ян Амос Каменскі, Рафаэль, а беларускую культуру, на ніве якой ён працаваў, у адзін рад з культурай еўрапейскай. Кнігі Францыска Скарыны аказалі ўплыў не толькі на развіццё духоўнай культуры Беларусі, але стымулявалі ўзнікненне кнігадрукавання ў Маскоўскай дзяржаве, распаўсюджваліся ў шматлікіх рукапісных копіях.Беларусі і ва ўсім свеце шануюць памяць вялікага першадрукара. 1990-ы год быў аб’яўлены ЮНЕСКА годам Францыска Скарыны. 2017-ы год, аб’яўлены ў Беларусі Годам навукі, праходзіць яшчэ і пад знакам Францыска Скарыны.

У 2017 годзе выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» выпусціла кнігу «Францыск Скарына. Чалавек свету». Кніга расказвае пра шматграннасць таленту першадрукара. Да 500-годдзя беларус-кага кнігадрукавання выдадзена «Кніжная спадчына Францыска  Скарыны» ў 20 тамах, над афармленнем шматтомнага выдання працаваў вядомы мастак-графік Канстанцін Вашчанка. «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» стала візітнай карткай Бела-русі, прадстаўляючы яе ўсяму свету як краіну са старажытнай гісторыяй і багатай культурай. У 2017 годзе (дзякуючы фінансавай падтрымцы Белгазпрамбанка) у Беларусь вярнулася «Малая падарожная кніжыца» Францыска Скарыны.

У 2017 годзе ў пракат выйшаў новы фільм беларускіх дакументалістаў «Першадрук» вытворчасці Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Карціна здымалася на тэрыторыі чатырох краін: у Беларусі (Мінск, Полацк, Вілейка), Польшчы (Кракаў), Чэхіі (Прага) і Расіі (Санкт-Пецярбург). Фільм паказвае жыццёвы шлях беларускага першадрукара, прапануе прайсці яго дарогамі. Аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз і рэжысёр Ігар Чышчэня раскрываюць асобу вялікага першадрукара ў кантэксце сучаснасці. Апошні фільм пра Скарыну, прызначаны для кінапракату, быў зняты на студыі «Летапіс» у 1989 годзе.

Дата 500-годдзя беларускага кнігадрукавання мае сусветную значнасць і ўнесена ў каляндар памятных дат ЮНЕСКА. У Мінску 14-15 верасня 2017 года пад эгідай ЮНЕСКА пройдзе Міжнародны кангрэс «500 гадоў беларускага кнігадрукавання».

Імя Скарыны носяць навучальныя ўстановы і вуліцы, бібліятэкі і грамадскія аб’яднанні. У яго гонар названы вышэйшыя ўзнагароды Беларусі: ордэн і медаль. Помнікі Скарыну ўстаноўлены ў Мінску, Полацку, Лідзе, а таксама ў Калінінградзе, Вільнюсе і Празе. У лістападзе 2017 года помнік Францыску Скарыну бу-дзе ўстаноўлены ў малдаўскай сталіцы Кішынёве.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *