Стабільнае «выдатна»

– Цяпер я студэнтка! Нават  не верыцца, што 1 верасня пераступлю парог універсітэта, – дзеліцца радасцю Аліна Зубік. Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання: па рускай мове – 96 балаў, па англійскай – 99, па гісторыі Беларусі – 98. З сярэднім балам атэстата атрымалася 390!
Наўрад ці гэта можна назваць шанцаваннем. Хутчэй вынікам мэтанакіраванасці, падмацаванай сістэматычнымі заняткамі і граматным планаваннем часу, дзякуючы чаму веды ў дзяўчыны трывалыя.
Сёлетняя выпускніца гімназіі, дарэчы, медалістка, яшчэ ў 7 класе цвёрда вырашыла звязаць жыццё з замежнымі мовамі, таму і выбрала філалагічны профіль навучання. Англійская мова паддавалася, жаданне авалодаць ёю дасканала мацнела – у выніку Аліна стала пераможцай раённай алімпіяды. А паколькі веданнем замежнай мовы сёння нікога не здзівіш, цяпер ужо студэнтка Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта вырашыла пашырыць сферу дзейнасці.  Выбрала спецыяльнасць «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый знешнеэканамічныя сувязі». Прыемная заўвага: сярод тых, хто паступаў на агульных умовах, наша зямлячка першая ў спісе залічаных.
– Апошні навучальны год быў складаны. Хацелася ўсюды і ўсё паспець, а гэта значыць выдзеліць час на школьную праграму  і  падрыхтоўку да ЦТ, грамадскую работу (Аліна ўзначальвала савет старшакласнікаў) і, канешне, на адпачынак. А добрыя вынікі тэсціравання – гэта, у тым ліку, заслуга настаўнікаў, бацькоўская падтрымка і асабістае жаданне стаць студэнткай.
Зараз усе думкі пра студэнцтва: лекцыі, семінары, сесіі, знаёмства з аднакурснікамі, жыццё ў інтэрнаце, іншым горадзе – набліжаецца час перамен, якія можна падагуліць словам “самастойнасць”.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *