Увага: на дарозе камбайны

Бяспека – пытанне нумар адзін на жніве. Яе забеспячэнне – прыярытэт не толькі для кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, але і для многіх службаў, у тым ліку дзяржаўтаінспекцыі. Супрацоўнікі АДАІ гэтымі днямі праводзяць актыўную работу па прафілактыцы ДТЗ з удзелам сельскагаспадарчай тэхнікі. Сумесна з інспекцыяй дзяржтэхнагляду праводзяцца праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў і самаходных машын арганізацый аграпрамысловага комплексу. Пры гэтым асаблівая ўвага надаецца стану светлавога абсталявання і выкананню правілаў перамяшчэння сельгастэхнікі па дарогах, у тым ліку рэспубліканскага значэння.
У жніўні да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення і без вадзіцельскага пасведчання прыцягнуты вадзіцель ЗАТ «Белпрампрыбор». А механізатар з КСУП «Ліпнянка» ўчыніў на камбайне ДТЗ – зачапіў слуп – і з’ехаў з месца здарэння. Як высветлілася, ён таксама не мае права кіравання транспартным сродкам.
У абодвух выпадках да адказнасці прыцягнуты і службовыя асобы, якія дапусцілі вадзіцеляў без  адпаведных пасведчанняў да ўдзелу ў дарожным руху.
Супрацоўнікі АДАІ нагадваюць усім пра неабходнасць няўхільнага выканання правілаў дарожнага руху. А пешаходам і веласіпедыстам – яшчэ адзін напамін пра тое, што ў цёмны час сутак пры руху па праезнай частцы неабходна выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы або камізэлькі. Майце на ўвазе, што летам на дарозе тэхніка, у тым ліку сельскагаспадарчая, актыўна перамяшчаецца і позна ўвечары.
Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,
старшы дзяржаўтаінспектар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *