Клопаты спелай нівы

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Вашчук віншуе старшага камбайнера Аляксандра Русакевіча і камбайнера Леаніда Буйкевіча.

Для мяне, учарашняй выпускніцы інстытута журналістыкі БДУ, працоўная біяграфія пачалася са жніва. Час шчодры на падзеі: першы тысячнік-камбайнер у раёне, важкія намалоты маладзёжных і сямейных экіпажаў (і ў кожнага – свая гісторыя), шчырыя, часцей за ўсё вельмі сціплыя размовы з хлебаробамі, неверагодна прыгожыя краявіды, у якія хочацца ўглядацца зноў і зноў, хлебны водар над палямі… А чаго варта адчуць магутнасць камбайна, на хвіліну апынуцца побач з тым, хто цвёрда і ўпэўнена кіруе сучаснай тэхнікай! Зверху відаць усё: і бязмежныя жніўныя палеткі, і як падбірае кожны каласок ашчадная жатка. Я дакранаюся да жніва…

На поле ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» ля Малога Гарадзішча карэспандэнты «ЛВ» прыбылі ў другой палове дня, калі слупок тэрмометра пераваліў за адзнаку +30 і не спяшаўся спыняцца. Як і тыя, ад каго залежыць сёлетні намалот. Час для хлебаробаў – рэч каштоўная, марнаваць дарэмна не любяць і не практыкуюць. За аператыўнасцю і бесперабойнасцю вытворчасці на гэтым участку сочыць брыгадзір Кацярына Кулак – дзяўчына спрытная і бойкая. Жнівеньскія клопаты яе не палохаюць – не першы год у сельскай гаспадарцы, паспела разабрацца ў дэталях уборачнай. За гэта паважаюць і прыслухоўваюцца нават старэйшыя калегі.
– Знаёмцеся, нашы перадавікі. Аляксандр Русакевіч – галоўны за штурвалам збожжаўборачнай машыны, яго памочнік –  Леанід Буйкевіч, – прадстаўляе брыгадзір хлебаробаў, чый камбайн спыніўся на хвіліначку.
Уборачны тандэм на жніве адчувае сябе ўпэўнена. Да таго ж – аднавяскоўцы: абодва са Свяціцы. А зладжаная праца вопытных механі-затараў у лічбах склала больш за 627 тон зерня, намалочаных з 311 гектараў.  Ураджайнасць у райаграсэрвісе на фоне іншых гаспадарак вельмі сціплая, тым больш камбайнеры стараюцца сабраць усё вырашчанае як мага ашчадней. На спякоту ўвагі не звяртаюць, наадварот, рады, што надвор’е не супраць іх працоўнага настрою. Ды і гарачыня не перашкода, калі ў кабіне – кандыцыянер. Жартуюць, што і жонкам турбавацца няма чаго, абед у полі смачны,
каларыйны і заўсёды разнастайны.  І дадаюць:
– Дамашнія ўжо прывыклі, што ў жнівеньскі час мы з ранку да цямна ў полі. З разуменнем ставяцца, калі вяртаемся позна. Хлеб трэба сабраць хутка! Таму падтрымліваюць, заўсёды побач: хоць не ў полі, але ў думках абавязкова.
Ёсць у гаспадарцы і свой тысячнік – вадзіцель МАЗа Аляксандр Маляр.
На КЗС-1218 першы жніўны сезон шчыруе экіпаж у складзе  старшага камбайнера Алега Страмавуса і камбайнера Сяргея Мурашкевіча.
– Ці стамляемся? Канешне, але гэта прыемная стомленасць, ад якой хочацца яшчэ паскорыць тэмп. Разумеем, што з  кожным намалочаным бункерам павялічваем хлебны каравай раёна, – расказвае Сяргей Іванавіч, які падчас уборачнай змяніў прафесію вадзіцеля ПМК-13 на хлебароба.
Важнае звяно ў жніве  – зернесушыльныя комплексы. Пакуль хлебаробы запаўняюць бункеры, на ўчастку «Малое Гарадзішча» новы ўраджай сушыцца, ачышчаецца і хутка адправіцца на захоўванне або на продаж дзяржаве. У суткі праз зернесушылку праходзіць  у сярэднім 150 тон зерня, на рахунку комплексу – 3500 тон збожжа і 503 тоны рапсу.
– На ўборачнай я навічок, таму цікава ва ўсім ра-забрацца. ЗСК-30 дастаткова камп’ютарызаваны. Галоўнае, пастаянна сачыць за вытворчым працэсам. А калі ўзнікаюць пытанні, ёсць  да каго звярнуцца. Зменшчык Юрый Карповіч амаль 20 гадоў у сельскай гаспадарцы, ён добры настаўнік, – расказвае аператар Андрэй Арцёменка.
…Пару гадзін у полі, а колькі яркіх уражанняў, незабыўных момантаў падарыла жніво, колькі знаёмстваў з моцнымі, працавітымі, умелымі людзьмі.
Вяртаемся назад, абапал дарогі хлебныя палі, удалечыні, нібы пад лінейку, раскінуліся лясы, аддзяляючы залатыя абшары ад ідэальна блакітнага небасхілу. Зачароўвае… А камбайны рушаць наперад, пакідаючы за сабой валкі свежазжатай саломы.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Старшы камбайнер Алег Страмавус і камбайнер Сяргей Мурашкевіч.

Старшы камбайнер Васілій Якубец і камбайнер Віктар Лентнер.

Аператар Андрэй Арцёменка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *