Зялёнае святло навасельцаў у Ляхавічах

Яшчэ нядаўна тут шчыравалі будаўнікі, а цяпер камісіі адна за другой правяраюць ступень гатоўнасці, каб нарэшце вынесці канчатковы вердыкт: прынята!  На гэтым тыдні аб’ектам павышанай увагі правяраючых стаў   рэканструяваны будынак па  адрасе вуліца Леніна, 54 у райцэнтры. Тут па суседстве размесцяцца 35 кватэр і аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пакуль яшчэ невядомыя  шчаслівыя  арандатары 14 аднапакаёвых, столькіх жа двухпакаёвых і  7 трохпакаёвых кватэр, аднак патэнцыяльным навасельцам можна па-добраму пазайздросціць. Будаўнікі (рэканструкцыяй былога каледжскага інтэрната займалася ПМК-13) зрабілі ў памяшканнях сучасны рамонт.  Столь навясная, на падлозе –  ламінат, сцены паклеены дабротнымі шпалерамі, устаноўлены новая сантэхніка і газавыя пліты, вокны пластыкавыя. Абноўлены і інжынерныя сістэмы – вода-, электра-, газа -, цеплазабеспячэння.  Атрымлівай ключы ад кватэры, завозь мэблю па сваім гусце – і жыві на здароўе. Кватэры  будуць прадастаўляцца ў арэнду тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама  маладым спецыялістам, якія прыехалі  на Ляхавіччыну па размеркаванні.

На першым паверсе аднаго з двух пад’ездаў створаны выдатныя ўмовы для адпачынку, работы разнастайных гурткоў па інтарэсах для людзей сталага ўзросту.

Добраўпарадкавана і тэрыторыя вакол шматпавярховіка.

Увогуле, арэндны дом абышоўся абласному бюджэту ў 1800 тысяч  рублёў, а сацыяльны аб’ект раённаму бюджэту – у  250 тысяч рублёў.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Адказныя службы правяраюць гатоўнасць памяшкання аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *