Паспей злавіць момант

Жнівень. Тэрмометр фіксуе  +25, а то і болей. Здаецца, апошні месяц вырашыў аддаць гарачы доўг за не вельмі цёплы дажджлівы пачатак  лета. Ад таго ж і спяшаюцца заняць лепшае месца на мясцовым пляжы ляхавічане. Навошта абмяжоўваць сябе чатырма сценамі і тэлевізарам?

Ёсць лепшы варыянт, складнікі якога – вясёлая кампанія, нясумны настрой, добрае надвор’е і, галоўнае, «правільнае» месца для адпачынку. У дачыненні да апошняга галоўныя патрабаванні: чысціня пляжа і вады. І, канешне, патрабаванне да сябе, адпачываючага, памятаць, што цывілізаваны чалавек з павагай і ашчаднасцю ставіцца да іншых, да навакольнага свету.

У  раёне налічваецца тры афіцыйныя зоны адпачынку: пляжы на рацэ Ведзьма ў райцэнтры і на Шчары ў аграгарадку Дарава замацаваны за  КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», яшчэ адна ў аздараўленчым лагеры   «Чайка» – на балансе аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яна прызначаецца толькі для адпачываючых лагера.

З 11 гадзін гарадскі пляж пачынае запаўняцца тымі, хто ля вады шукае выратаванне ад спякоты.  Ідуць сем’ямі, кампаніямі, многа моладзі, асабліва студэнтаў, якія прыехалі дадому на канікулы.

Час пік наплыву адпачываючых па буднях – пасля   17 гадзін, у выхадныя каля 15 гадзін: здаецца, тады ў вадзе людзей больш, чым тых, хто загарае. Для мам тут увогуле ідэальнае месца для адпачынку: тэрыторыя пляжа вялікая, раздолле для маленькіх гарэз, тым больш апрацавана ад кляшчоў. Можна і сонечныя ванны прымаць, і водныя, і нават пясочныя – пляж падсыпаны чыстым пяском.

– Адпачываю тут амаль кожны дзень, калі надвор’е дазваляе, – расказвае маладая жанчына, якая вучыць плаваць дачку. – Атрымліваю асалоду ад рачнога пейзажу, адпачываю ад дамашніх спраў. Для мяне важная акалічнасць – чысціня.  Ды і маёй дзяўчынцы тут вельмі падабаецца.

Стан вады пад кантролем райЦГіЭ: кожныя дзесяць дзён праверка на ўтрыманне кішэчнай палачкі. З пачатку сезона было ўзята 36 проб вады. Дарэчы, усе адпавядалі гігіенічным нарматывам, пра гэта паведаміла памочнік урача-гігіеніста Данута Багдановіч.

Кожную раніцу супрацоўнікі камунгаса ўбіраюць тэрыторыю пляжа, на працягу дня сочаць за чысцінёй і работнікі выратавальнага паста, смецце вывозіцца тройчы на ты-дзень, трава скошваецца па меры неабходнасці. Што датычыць адпачываючых, то не ўсе клапоцяцца пра чысціню, хаця большасць – людзі сумленныя.

– Увогуле, культура адпачынку стала вышэй, што радуе, – сцвярджае старшыня раённай арганізацыі Асвода Марыя Цітко.

За парадкам на вадзе сочыць матрос-выратавальнік Віктар Высоцкі: дзяжурыць з 9 да 21 гадзіны. На пляжы ёсць усё неабходнае, каб забяспечыць бяспеку: выратавальны круг, лодка, гучнагаварыцель. Тэмпература паветра і вады вымяраецца тройчы на дзень, даныя заносяцца на інфармацыйную дошку. Дарэчы, у мінулую суботу тэмпературны расклад наступны: паветра  +33, вада +24.

У такія гарачыя дні часта прыходзіцца нагадваць упартым экстрэмалам, да чаго можа прывесці купанне за буйкамі або скачкі з дамбы (яна, між іншым, не знаходзіцца ў зоне кантролю выратавальнага паста). З такімі адпачываючымі складана: звычайныя папярэджанні іх не спыняюць, заўвагі ігнаруюцца.

– Не раз даводзілася запрашаць да стэнда, дзе размешчаны правілы паводзінаў на вадзе, каб азнаёміліся. Калі і гэта не дзейнічае, на дапамогу прыходзіць служба  102, – расказвае Віктар Уладзіміравіч.

Сочаць за парадкам і супрацоўнікі РАНС. На жаль, бываюць на пляжы выпадкі «нецвярозых паводзінаў» – яны становяцца перашкодай для спакойнага адпачынку іншых. Такім грамадзянам прапаноўваецца пакінуць тэрыторыю пляжа.

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *