За здароўем да міністра

У мінулы аўторак з рабочым візітам наведаў Ляхавічы міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васілій Жарко. Спачатку  Васілій Іванавіч правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. На прыёме таксама прысутнічалі  начальнік упраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама Ігар Ласіцкі, старшыня  райвыканкама Дзмітрый Бурдук.  Магчымасцю атрымаць адказ на хвалюючыя пытанні непасрэдна ад міністра скарысталіся 12 жыхароў горада і раёна.

Грамадзяне  ўздымалі самыя разнастайныя пытанні, якія датычылі не толькі ўласнага здароўя, але і  ўзроўню медыцынскага абслугоўвання, магчымасці  пракансультавацца ў абласных і рэспубліканскіх медыцынскіх установах, атрымання групы інва-ліднасці і права на тыя ці іншыя льготы.

Інвалід ІІ групы з вёскі Меляхі мае цэлы букет хвароб, а апошні раз абследаваўся ў мясцовых медыкаў у 2007 годзе. З таго часу ў шпіталізацыі яму адмаўлялі, маўляў, няма пэўных паказанняў для лячэння ў стацыянары. Галоўнаму ўрачу райбальніцы дадзена даручэнне шпіталізаваць пацыента і правесці неабходнае  абследаванне, а пасля – лячэнне.

Са сваёй бядой да Васілія Жарко прыйшла і пенсіянерка з Мазурак. У жанчыны праблемы са слыхам, яна амаль не чуе, а слыхавы апарат згубіла, да таго ж у вяскоўкі баляць ногі, і ёй неабходны спецыяльны абутак, на набыццё якога грошай няма.  Міністр запэўніў, што жанчыне даставяць новы слыхавы апарат. А што датычыць сродкаў для  набыцця артапедычнага абутку, то Дзмітрый Бурдук прапанаваў  жанчыне звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама за атрыманнем адраснай сацыяльнай дапамогі.

Зубелевічанка шмат гадоў хварэе на цукровы дыябет, апошнім часам стала адчуваць сябе горш. Уладзіміру Усцюшкову было дадзена заданне на транспарце райбальніцы даставіць пацыентку на лячэнне ў абласную бальніцу.

На прыёме, акрамя таго, уздымаліся пытанні прызначэння групы інваліднасці, замены імпартных лекаў айчыннымі, пераразмеркавання маладых спецыялістаў-медыкаў. Васілій Жарко па кожным пытанні даў канкрэтны адказ.

Непасрэдна на прыёме міністр вырашыў праблему жыхаркі  Куршынавічаў, якая працяглы час пакутуе ад боляў, а дакладны дыягназ пакуль не ўстаноўлены. Уважліва выслухаўшы жанчыну, Васілій Жарко  выпісаў ёй накіраванне на абследаванне ў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі. Ігару Ласіцкаму дадзена даручэнне ўладкаваць на абследаванне туды ж і  жыхарку вёскі Навасёлкі.

У гэты ж дзень міністр аховы здароўя наведаў раённую паліклініку і аддзяленні райбальніцы.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *