І павіншавалі, і праверылі

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Чура з выпускнікамі ЛДАКа (сваімі былымі вучнямі), цяпер аграномам КСУП "Тальмінавічы" Яўгеніем Ратомскім і механізатарам Паўлам Грачыхой

У такую гарачую пару, як жніво, прафсаюзы побач з аграрыямі. Здаецца, зусім нядаўна ўшаноўвалі першага вадзіцеля-тысячніка Аляксандра Азарчыка з  “БелДана”. Падзея сапраўды прыемная і запамінальная: прама ў полі перадавік атрымаў падарункі ад раённай улады, райкама БРСМ, пісьмо падзякі ад райкама прафсаюза, сувеніры.  Шмат цёплых слоў віншавання не толькі ад галіновага, але і раённага аб’яднання прафсаюзаў, тутэйшай прафсаюзнай пярвічкі было  адрасавана і першым тысячнікам па намалоце збожжа – экіпажу ААТ “Жарабковічы” ў складзе старшага камбайнера Андрэя Дзянішчыка і камбайнера Паўла Булатага. Не засталіся без увагі і іншыя ўдзельнікі жніва.

Яшчэ задоўга да ўборачнай  у кожным сельгаспрадпрыемстве прафсаюзы разам з наймальнікамі распрацавалі ўмовы спаборніцтва, дзе ў абавязковым парадку прадугледжваліся маральнае і матэрыяльнае стымуляванне за паспяховую работу. На так званых экранах паспяховасці ў кожным прадпрыемстве штодзённа размяшчаецца інфармацыя: хто і колькі  намалаціў-перавёз-перапрацаваў.

У зоне асаблівай увагі прафсаюзаў тэхніка бяспекі.  Грамадскія інспектары кантралююць выкананне правілаў і нормаў аховы працы, праводзяць інструктажы, сочаць, каб  камбайны і аўтамабілі былі абсталяваны сродкамі індывідуальнай аховы. Пільная ўвага надаецца арганізацыі гарачага харчавання ў полі. Хочацца адзначыць, што паўсюдна паклапаціліся пра гэту важкую акалічнасць: усе ўдзельнікі жніва  атрымліваюць абеды і падвячоркі. Паўсюдна вырашана і гігіенічнае пытанне: у гаспадарках ёсць душавыя, каб механізатары пасля напружанага рабочага дня змаглі памыцца. Не застаюцца па-за ўвагай пытанні забеспячэння спецадзеннем.

Маніторынг –  гэта, канешне, важна. Але прафсаюзныя выезды ў поле не абыходзяцца без душэўнай размовы з працаўнікамі. Цікавіліся,  як ідзе   ўборка, якія праблемы хвалююць яе ўдзельнікаў, ці задавальняе аплата працы і іншымі жніўнымі аспектамі.

Словы ўдзячнасці – прафсаюзным пярвічкам сельгасарганізацый. Малайцы ўсе: незалежна ад фінансавых магчымасцей стараюцца  падтрымаць   тых, хто заняты на жніве.

Ірына ЧУРА,

старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *