Ураджай вучэбным не бывае

Арцём Качанаў, Генадзій Кірмель, Яўгеній Курылік. Жніво ў каледжы ўжо завершана

Як і аўтамабіль, трактар, сады, майстэрні, фермы – хлебнае поле можа быць вучэбным. У адрозненне ад выпеставанага на ім ураджаю. Малы ці вялікі, ён заўсёды сапраўдны, паліты потам, здабыты працай не аднаго спецыяліста-аграрыя. І, як у нашым выпадку, не без удзелу будучых спецыялістаў галіны. Загадчык лабараторыі “Вучэбнае поле” Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Арцём Качанаў, які ў адказе за раслінаводчы сектар навучальнай установы, агучыў некаторыя падрабязнасці. У прыватнасці, той факт, што збожжавы і зернебабовы клін навучальнай установы займаў сёлета 105 гектараў. Вырасцілі многае: азімае жыта, тры-цікале, пшаніцу, яравы ячмень і авёс, зернебабовыя міксы. Хоць і патроху, з галоўнай мэтай узбагаціць-разнастаіць  і адначасова зрабіць больш танным кармавы стол “вучэбнага” статка.

Уборка ў каледжы фактычна завершана, і можна ўжо азірнуцца. Напрыклад, на  ўраджайнасць, якая выйшла ў сярэднім на 34 цэнтнеры з адзінкі плошчы.

– З азімых гектараў пшанічны аказаўся найбольш прадукцыйным. Сярод яравых культур лідарства за аўсом, – гаворыць Арцём Качанаў.

На фініш жніва каледж выйшаў адным з першых у раёне. Уборку правялі сваімі сіламі і сродкамі. Умелы і вопытны экіпаж у складзе Яўгенія Курыліка і Генадзія Кірмеля роўна і без недарэчных выпадковасцяў правёў свой камбайн па жніўным палетку. Заўсёды аказваліся ў патрэбным месцы  і ў вызначаны час адвозчыкі зерня. Бесперабойным працаўніком паказала сябе і размешчаная ў Зубелевічах устаноўка актыўнага вентыліравання і першаснай ачысткі зерня. Не ЗСК, канешне, але функцыянальна набліжаны да яе агрэгат-зернедапрацоўшчык.

Збожжаўборачны ланцуг агракаледжа паказаў сябе трывалай вытворчай адзінкай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *