Абавязак быць гаспадаром
Патрабаванне старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча па навядзенні парадку ў населеных пунктах канкрэтнае: неабходна штодзённая мэтанакіраваная, а не ад выпадку да выпадку, работа з насельніцтвам і больш цеснае ўзаемадзеянне сельвыканкамаў з участковымі інспектарамі міліцыі, выратавальнікамі і іншымі службамі.
Якія меры неабходна прыняць, каб было чыста і ўтульна не толькі на сельскіх падворках, але і на вуліцах аграгарадкоў і вёсак? Як эфектыўна ўплываць на асоб, якія парушаюць грамадскі парадак і не жадаюць падтрымліваць санітарны? Дзе і ў чым недапрацоўваюць зацікаўленыя службы? Пра гэта і многае іншае ішла размова ў мінулы панядзелак на апаратнай нарадзе ў кіраўніка раёна, дзе разглядалася пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў Востраўскага сельсавета. Справаздачу трымаў старшыня сельвыканкама Уладзімір Тадра.
Як прагучала, у сельсавеце праводзіцца актыўная работа па навядзенні парадку. Сёлета выдалены аварыйныя дрэвы ў Любейках, Рагачах, Тухавічах, Востраве, Траццякоўцах. Падчас месячніка па добраўпарадкаванні ліквідаваны несанкцыянаваныя сметнікі ў гаражных масівах на вуліцах Партызанскай і Заводскай у Тухавічах, а таксама каля вёскі Траццякоўцы. Прыбраны тэрыторыі, вывезена смецце з могілак. Завяршаецца высечка кустоўя на могілках у Востраве. Камунгас дадаткова ўстанавіў кантэйнеры для паасобнага збору другасных адходаў у Тухавічах і Востраве. Дарэчы, з гаспадарамі
90 працэнтаў домаўладанняў сельсавета жылкамунгас заключыў дагавор на вываз смецця.
Прадаўжаецца работа па зносе пустуючых дамоў. Усяго на тэрыторыі сельсавета 129 такіх аб’ектаў, 81 з іх спадчыннікі плануюць эксплуатаваць далей. Тыя, хто не паклапаціўся пра належнае ўтрыманне прыдамавой тэрыторыі, атрымалі прадпісанні (накіраваны па 21 адрасе).
На знос двух дамоў у Любейках і аднаго ў Тухавічах не затрачана ні рубля бюджэтных сродкаў. Работы выкананы грамадзянамі, якія знаходзяцца на рэабілітацыі ў цэнтры місіі хрысціян веры евангельскай.
Зроблены ямачны рамонт асфальтавага пакрыцця дарогі Падлаззе – Тухавічы, вуліц Камсамольскай і Савецкай у Востраве.
Сёлета за першае паўгоддзе праведзена 15 сельскіх сходаў, сярод галоўных тэм на кожным было навядзенне парадку. Уладзімір Тадра прызнаў, што ўвядзенне ў севазварот земляў каля вёсак Тухавічы, Забер’е, часткова – Рагачоў пакуль недастаткова актыўнае.
Свае меркаванні па пытанні выказалі прадстаўнікі землеўпарадкавальнай і санітарнай службаў раёна.
Старшыня райвыканкама звярнуў увагу, што пачасціліся скаргі ад жыхароў Тухавічаў на «візіты» на падворкі няпрошаных лясных гасцей – дзікоў і ліс. Ветслужбе неабходна правесці маніторынг і трымаць сітуацыю пад кантролем, каб не дапусціць распаўсюджвання шаленства.
Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што зроблена нямала, але патрабуецца больш мэтанакіраваная работа сельвыканкама з насельніцтвам. Неабходна, каб кожны жыхар аграгарадка ці вёскі ўсвядоміў, што ў пытаннях навядзення і падтрымання парадку многае залежыць і асабіста ад яго. Дбайным гаспадаром трэба быць не толькі на ўласным падворку.
Галіна КАНЬКО.