Імя, знаёмае з дзяцінства. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Гэты год адзначаны вельмі важкай датай – 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Імя чалавека, які даў адлік дзён да гэтай падзеі, вядома кожнаму з маленства. Сёння нашы землякі дзеляцца, што для іх значыць імя Францыск Скарына.

Алена Чабатарэнка,  бібліятэкар аддзела абслугоўвання цэнтральнай  раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы:

– Першая асацыяцыя, канешне, кніга – невычэрпная крыніца ведаў. Бо менавіта праз яе, сцвярджаў беларускі асветнік, магчыма пашырыць кругагляд, знайсці выйсце са складаных сітуацый. Чытанне – дастойны адпачынак. А мы, работнікі бібліятэк, валодаючы бясцэнным скарбам, дапамагаем скарыстацца такой магчымасцю, зрабіць кнігу сябрам для кожнага. А ці не гэтага намагаўся першадрукар? Мэты ў нас падобныя.

Святлана Вайцяхоўская, выкладчык Ляхавіцкага  дзяржаўнага аграрнага каледжа:

– Ніхто не стане спрачацца, што гэта сапраўдны сімвал беларускай зямлі, увасабленне мудрасці і глыбіні розуму. Для мяне гэта ўзор патрыятызму: Скарына імкнуўся зрабіць кнігу зразумелай шырокаму колу чытачоў, а галоўнае – на роднай мове.

Кацярына Рабцэвіч,  выпускніца факультэта  фізічнага выхавання БДПУ імя Максіма Танка:

– Прыемна, што ў такой  важнай для чалавецтва справе, як кнігадрукаванне, імя земляка побач са словам першы. І кожны раз, калі наведваю Нацыянальную бібліятэку і іду ля помніка славутаму земляку, успамінаю яго наказ любіць і шанаваць роднае слова.

Марыя Плескацэвіч,  пенсіянерка, працавала  спецыялістам у райвыканкаме:

– Для мяне гэта імя асаблівае, па-першае, як і для кожнага беларуса, які ведае і шануе гісторыю краіны. А па-другое, лёс распарадзіўся так, што недзе дваццаць гадоў назад мы святкавалі наваселле ў доме менавіта па вуліцы Францыска Скарыны. І хоць яна невялікая, адносна маладая, гэта не перашкаджае жыхарам сціпла называць яе праспектам. Спадзяёмся, што хутка наша вуліца стане больш камфортнай.

Валянцін Скарына,  урач-гігіеніст райЦГіЭ:

– Ёсць некалькі рэчаў, якія заўсёды крочаць з чалавекам па жыцці.  Адна з іх прозвішча. Мне пашанцавала быць цёзкам па прозвішчы вядомай на ўвесь свет сваімі дасягненнямі асобы. Прыемная акалічнасць, якая натхняе на адказнае стаўленне да справы. А пры знаёмстве часта пытаюцца: ці не сваяк?

Гутарыла Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *