Прынята!

Жарабковіцкая СШ да прыёмкі гатова.

Яшчэ тыдзень – і восень залівістым званком абвясціць свой прыход і пачатак новага  2017/2018 навучальнага года. А пакуль на календары жнівень, і адно з галоўных пытанняў парадку дня – падрыхтоўка  дзіцячых садкоў, школ, пазашкольных устаноў да 1 верасня. Традыцыйны фініш летняй рамонтнай пары – атрыманне пашпарта гатоўнасці.

На мінулым тыдні камісіі ў складзе спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі правялі прыёмку школ, дзіцячых садкоў, цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
– Усё  правяралася і аглядалася дасканала, грунтоўна, уважліва, каб дзеці і настаўнікі пасля не адчувалі нейкіх бытавых нязручнасцяў, вучыліся і адпачывалі ў бяспечных умовах, – зазначыла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па прыёмцы ўстаноў адукацыі  Дзіяна Трысцень.
Адзін дзень з камісіяй правёў і карэспандэнт «ЛВ».
Тэрыторыя Начаўскай сярэдняй школы большая за 6 гектараў, пры гэтым – дагледжаная, падкошаная, дарожкі заасфальтаваны. Святлана Ксёнжык – загадчык гаспадаркі з 37-гадовым стажам – паказвае, што зроблена гэтым летам. Блішчаць свежапафарбаваныя падлога  ў класах,  на калідорах, лесвічныя пляцоўкі, сцены. У які кабінет ні зойдзеш, адразу відаць:  тут нядаўна завершаны касметычны рамонт.  У камп’ютарным класе гаспадарыць настаўнік інфарматыкі Сяргей Падгурскі. Расказвае, што камп’ютарны камплект «5+1», які школа атрымала 3 гады назад, правераны і  гатовы да ўрокаў.
Асаблівую ўвагу ўрач-гігіеніст райЦГіЭ  Валянцін Скарына надае стану вентыляцыйных каналаў.  Тлумачыць: здараецца, што ў час рамонту рашоткі проста заклейваюцца – гэта недапушчальна. У Начаўскай СШ даручана прачысціць некаторыя каналы – усё дзеля бяспекі.
Яшчэ адзін аб’ект для ўсебаковай праверкі – харчаблок.  Высвятляецца, у якіх умовах, з выкарыстаннем якога абсталявання і посуду будуць гатавацца школьныя стравы. Напрыклад, тэмпература вады для мыцця посуду павінна быць не ніжэй за 65 градусаў –  каб знішчыць большасць шкодных бактэрый.
Начаўскі дзіцячы сад у добрым сэнсе не перастае здзіўляць   падыходам да афармлення  тэрыторыі, гульнявых і спальных пакояў, спартыўнай пляцоўкі і актавай залы. Дарэчы, установа працавала і летам. Хлопчыкі і дзяўчынкі ветліва вітаюцца з гасцямі і працягваюць займацца сваёй важнай справай – гульнёй. У двары, што называецца, самаробныя малыя архітэктурныя формы. Увагу прыцягвае міні-клумба  з самых звычайных красовак, у якіх… растуць браткі.  І такіх знаходак  тут шмат: адна ярчэй за другую. Нібы па зялёным полі з белымі рамонкамі, крочыш па  садаўскай лесвіцы. Ва ўтульных спальнях (у садку дзве групы) – модныя «пасткі» для сноў. Загадчыца дашкольнай установы  Алена Валах расказвае, што сёлета значна абнавілі  садаўскую спартыўную базу. Што датычыцца касметычнага  рамонту, то справіліся сваімі сіламі – не ўпершыню, а фарбу і іншыя матэрыялы выдзеліў аддзел адукацыі, спорту і турызму.
Каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, 3 дашкольныя групы і першы клас – такі «састаў» Жарабковіцкага  дзіцячага садка на 1 верасня.  На тэрыторыі кветкавы рай, невялікае возера з лебедзямі,  вясковая агароджа са сланечнікам, архідэі ў вазонах на вокнах –  штучнае, але такое прыгожае!
– Касметычны рамонт зроблены ў гульнявых, спальнях, калідорах, фае. Многія будаўнічыя спецыяльнасці паспяхова асвоілі нашы тэхработнікі. Выконваюць работы якасна. Канешне, не абыходзіцца без дапамогі педагогаў. На любую просьбу адгукаецца і ААТ «Жарабковічы». Асабліва задаволены, што, у рэшце рэшт, дзеткам цёпла было    зімой, – расказвае загадчыца        дашкольнай установы Святлана Селяйковіч.
Вердыкт урача-гігіеніста:усё зроблена грунтоўна, тут можна праводзіць любы семінар па абмене вопытам.
«Пойдзеш проста па дарозе, у царства ведаў трапіш ты» – адзін з трох указальнікаў,  якія чакаюць кожнага, хто зайшоў у  двор  Жарабковіцкай СШ. Тутэйшай добраўпарадкаванасці і чысціні пазайздросціць любы. У фае – гарадок-выстава з работ вучняў. У кожнага кабінета свая  адметнасць. Напрыклад, біялогіі – патанае ў кветках, пачатковых класаў – прываблівае маляўніча аформленымі стэндамі, замежных моў –  арыгінальнымі шпалерамі. У сталоўцы ўвесь посуд і абсталяванне начышчаны да бляску, спартыўная зала – таксама на зайздрасць.
– Парадак, чысціня і прыгажосць – складнікі выхавання. Калі ўсё робіцца з душой, то і вынік атрымліваецца выдатны, – упэўнена дырэктар Жарабковіцкай СШ Вольга Бурак. Кіраўнік  яна энергічны, і такая ж у яе зацікаўленая і ініцыятыўная каманда.  Праўда, без дапамогі спонсараў – ААТ «Жарабковічы» і індывідуальнага прадпрымальніка Зінаіды Буевіч – не абышлося.
Апошні пункт на гэтым  маршруце камісіі – дзіцячы сад № 3. Загадчыца ўстановы Людміла Мяжуева правяла па месцах, дзе яшчэ нядаўна кіпелі падрыхтоўчыя работы. Тэрыторыя – вялікая казачная планета. Кветкавы горад з разметкай, па якой можна вывучаць правілы дарожнага руху,  размаляваныя гульнявыя веранды з абноўленымі навесамі   (падарунак ад прадпрыемства   «Цвірко і К»),  драўляныя звяры і казачныя персанажы са спадручных матэрыялаў – усяго не пералічыць на тутэйшых пляцоўках. Падфарбавана, дзе была неабходнасць, пераклеены шпалеры, у актавай зале і на кухні чысціня, парадак, нават не чуваць паху фарбы, усё астатняе таксама ў ажуры. Адна справа – проста паклеіць шпалеры ці пафарбаваць падлогу, а зусім іншая – зрабіць гэта па-мастацку і з душой. Менавіта так і атрымалася ў садку. Дапамаглі і бацькі выхаванцаў. Словы асаблівай удзячнасці ад  работнікаў і выхаванцаў – аддзелу адукацыі, спорту і турызму за адрамантаваныя санвузлы ў дзвюх групах садка.
Камісія правярае, а тым часам  у дзіцячым садку соладка спяць хлопчыкі і дзяўчынкі – ціхая гадзіна. Для  выхаванцаў  рамонт прайшоў амаль непрыкметна. Цяпер ім яшчэ ўтульней у адрамантаваных пакоях.
– Літаральна поўнасцю знята праблема асвятлення. Ва ўсіх школах укамплектаваны сучасным абсталяваннем, мэбляй кабінеты інфарматыкі. Санвузлы,  дзе неабходна, заменены. Ёсць пэўныя зрухі з устаноўкай жалюзі на вокнах, – расказвае Валянцін Скарына.
У зоне першачарговай увагі –   бяспека. Таму супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, энерганагляду зараней праверылі ўсе аб’екты на выкананне правілаў  бяспекі.
Пашпарты гатоўнасці атрымалі ўсе правераныя навучальныя ўстановы.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *