Даўгунец – маладзец

Экіпажы насенненарыхтоўчых камбайнаў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» Сяргей Шпак і Юрый Шпак, Канстанцін Вайняк і Віктар Сауцін.

Іх поле – увесь раён: які накірунак Ляхавіччыны ні вазьмі, практычна ўсюды можна натрапіць на льняныя палеткі. Некаторыя такімі ўжо не з’яўляюцца – апусцелі. Застаўся хіба толькі след, адмысловыя адметнасці якога ўказваюць на яшчэ зусім нядаўнюю прысутнасць іменна даўгунцу. Некалькі дзясяткаў гектараў тут, сотня там, яшчэ прыкладна столькі ж – у іншым месцы. У суме гэта складзе 2 тысячы гектараў ільнопасеваў. Іменна на такой плошчы сёлета вырошчвала лён ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Геаграфічная разрозненасць участкаў – мера вымушаная. Лён не ўсяядная культура, і разлічваць на неблагі ўраджай варта толькі ў выпадку адпаведна падабранага кавалка глебы. Кавалка, вярнуцца на які тэхналогія дазваляе ці не праз пяцігодку.

Адзначаныя асаблівасці навукі і льнопрактыкі дапамаглі засвоіць спецыялісты завода, гарачая ўборачная пара для якіх працягваецца не першы тыдзень і без паніжэння градуса працоўнага напружання. Выцерабіць лён – уборка, сабраць і звезці трасту пад дах склада – уборка. А паміж гэтымі “краямі” заключана не адна агратэхналагічная аперацыя. Напрыклад, ачэсванне галовак заключаецца ў неабходнасці нарыхтоўкі льнянога насення. Канешне ж, з “племянной” мэтай, хоць, як ведаем, ёсць у зярнят і іншыя шляхі выкарыстання.
Вядучы аграном прадпрыемства Мікалай Герасімовіч у тэме даўно і глыбока, тлумачыць:
– У момант цераблення, а гэта вырваць-раскласці, насенне, як правіла, яшчэ не зусім спелае. У залежнасці ад надвор’я, але 5-6 дзён можна прыняць у якасці сярэдняга – столькі часу патрабуецца, каб зеленаватыя першапачаткова зярняткі набылі колер спеласці – шакаладны. Гэта знак, што прыйшоў час выпускаць у поле ачэсвальнікі.
На той момант па полі, якое, між іншым, адным бокам упіралася ў Мінскую вобласць, бегала 2 агрэгаты. І вымалочванне насення – не адзінае з таго, што яны ўмеюць. У якасці спадарожнай аперацыі, дадатковага бонуса ачэсвальнік пераварочвае сфарміраваную церабілкай стужку льну. Гэта аперацыя – неабходны элемент у доўгім працэсе трансфармацыі сырога льну ў ільнотрасту. Але адна эканоміка – выкарыстанне вузкаспецыялізаванай машыны і другая – камбінаванага агрэгата. Як і ў выпадку з зернеўборкай, ільнонасенненарыхтоўчым камбайнам кіруе экіпаж у складзе старшага камбайнера і камбайнера. Работа сезонная, таму кожны з занятых на насенненарыхтоўчых работах спецыялістаў мае і іншую штатную замацаванасць – вадзіцель аўтамабіля, трактарыст, іншае.
Круг за кругам, зернетка да зернетка, і бункер камбайна “просіцца” на выгрузку. Аўтамабіль-адвозчык заўсёды гатовы падставіцца – прастояў у рабоце з прычыны арганізацыйна-лагістычных нестыковак быць не павінна.
Нарыхтаванае насенне прамой дарогай адпраўляецца на дапрацоўку. Прынцыповая схема і задачы з’яўляюцца тымі ж, што і ў выпадку з зернем: дасушка да складскіх 8 працэнтаў вільготнасці, сепарацыя на “чыстую” фракцыю і шалупінне.
Пад будучую сяўбу льнозаводскім аграрыям неабходна назапасіць 350 тон насення. Падлічылі з запасам і з улікам магчымых непрадбачаных выпадкаў: ачасаць неабходна прыкладна 800 гектараў ільну. Больш як палова работ у гэтым накірунку ўжо выканана. На дзень нашага наведвання заводскага палетка, парадак лічбаў меў наступны выгляд: з 400  гектараў сабрана 180 тон насення. Сярэдні льногектар дае ў межах 4,5 цэнтнера насення. Лічбы выраслі, паколькі прайшлі выхадныя, якія для завадчан такімі не сталі.
І яшчэ – у якасці агульнай карціны. Усе свае 2 тысячы гектараў ільнозавод даўно выцерабіў. На плошчы ў 1,8 тысячы гектараў праведзена абарочванне, а з 710-гектарнага кліна траста ўжо ўбрана і займае сваё месца на сыравіннай базе прадпрыемства.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Вадзіцель МАЗа Васілій Скарадзіла заняты на адвозцы льнонасення.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *