«Чайка»: ні дня без трэніроўкі. Аздараўленчы лагер закрывае сезон спартыўнай зменай

Выязджаем з Ляхавіч, мінаем Задвор’е, Альхоўцы, затым Шчэрбава, па правым баку прамільгнулі Галаўнінцы – значыць, хутка будзем на месцы. А вось і дарожны знак “Лагер “Чайка” прапаноўвае павярнуць на такую знаёмую з дзяцінства дарогу. Час ідзе, а тут, здаецца, нічога не мяняецца – адпачываючых і гасцей летніка сустракаюць багатыя на чарніцы лясы, хваёвае паветра, ад якога з непрывычкі пачынае кружыцца галава. Ужо ля варот даносяцца звонкія галасы чайкаўцаў, якія пасля пад’ёму, ранішніх працэдур і зарадкі рыхтуюцца да сняданку.

15 жніўня “Чайка” прыняла чарговую – пятую – змену.  Як і падчас першай,  яе навасельцамі сталі юныя спартсмены, якія настроены не толькі на добры адпачынак, але і сістэмныя трэніроўкі.
Тое, што для спартсменаў сняданак – надзвычай важны момант, повары летніка ведаюць, таму і стараюцца зрабіць яго спажыўным і па-дамашняму смачным.
Пасля прыёму ежы паўгадзіны на ўборку карпусоў і тэрыторыі – абавязковыя. Падтрыманне чысціні – адзін з галоўных законаў у летніку.
На гадзінніку 11.00, на трэніроў-ку выходзяць дзюдаісты. Некалькі практыкаванняў для размінкі, затым адпрацоўка прыёмаў. Будучыя чэмпіёны з увагай слухаюць выхавальніка атрада “Здаравяк” Віктара Богуша, пад яго кіраўніцтвам адточваюць навыкі барацьбы.
Побач тэхніку выканання кідкоў, перадачу мяча рознымі спосабамі адпрацоўваюць пада-печныя выхавальнікаў атрада “Оба-на” Аксаны Лойка і Дзмітрыя Дударава. Хутка да спартсменаў далучыліся лёгкаатлеты, якія толькі завяршылі прабежку і працягваюць трэніроўку пад кіраўніцтвам Андрэя Іванюценкі і Аляксея Буйкевіча.
– Рэгулярныя вучэбна-трэніровачныя заняткі на свежым паветры і пад энергічнае музычнае суправаджэнне спрыяюць агульнаму фізічнаму развіццю, такое аздараўленне ўдвая эфектыўней. Тым больш удалечыні ад камп’ютараў і іншых гаджэтаў, – расказвае старшы выхавальнік лагера Валянціна Ганчар.
Здароўе дзяцей пад кантролем кваліфікаваных медработнікаў – урача Кацярыны Фірусь і медсястры Валянціны Мажэйка.
Штораніцу дзеці ў прадчуванні цікавага: акрамя аздараўлення і фізічнага ўдасканалення, кожны дзень насычаны рознымі конкурсамі і спаборніцтвамі. Нядаўна выбіралі “Міс “Чайка”, якой стала Дар’я Бабарэка. Званне “Прынцэсы” лагера атрымала Яна Ганчар, “Міс папулярнасцю” стала Алена Чарэйка, а “Міс зачараваннем” – Ганна Гараховіч. А сёння прайсці шэраг выпрабаванняў на званне “Містар “Чайка” давядзецца самым актыўным хлапчукам, якія ўжо зранку пачалі рыхтавацца, заручыўшыся падтрымкай жыльцоў сваіх карпусоў.
Дарэчы, яшчэ адна важная мэта, да якой імкнуцца зборныя каманды кожнага з атрадаў, – перамога ў футбольным  першынстве. Пра высокую канкурэнцыю  рэч нават і не ідзе: вядома, што ў каманды на змене са спартыўным ухілам трапяць самыя моцныя, хуткія і спрытныя. Таму адбор строгі, з улікам усіх асабістых спартыўных паказчыкаў.
Дыскатэка, як і заўсёды, – самы чаканы час для чайкаўцаў: адпачынак ад насычанага падзеямі дня, хоць і рухомы. Тым больш, калі яна не звычайная, а тэматычная, з гульнямі і конкурсамі.
– Кожная змена розная, збірае актыўных, таленавітых і ініцыятыўных рабят. Яны не чакаюць, калі ім прапануюць у чым-небудзь прыняць удзел.
Іх неверагодныя задумкі, ідэі, жаданні – арыенціры пры арганізацыі адпачынку. А з такім выдатным педагагічным складам любая мэта дасягальная. Для нас самае галоўнае пачуць у канцы змены ад рабят, што яны хочуць вярнуцца ў летнік  зноў,  –  прызнаецца начальнік “Чайкі” Людміла Лешык.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *