Мацней за баранку трымайся, шафёр!

Прафесія вадзіцеля аўтамабіля вабіць многіх, трывала знаходзіцца ў верхняй частцы рэйтынгу папулярнасці. Аднак жа, і з немалымі патрабаваннямі да тых, хто вырашыў авалодаць ёю на сапраўдным – не аматарскім – узроўні. Патрэбны шырокія веды, уменні і навыкі. Неабходнымі якасцямі з’яўляюцца самадысцыпліна і дысцыпліна паводзін, гатоўнасць да ўзаемадапамогі і многае іншае.

Раённы конкурс маладых вадзіцеляў пад назвай “Мацней за баранку трымайся, шафёр!” адказаў на пытанне, хто з прадстаўнікоў гэтага пакалення шафёрскага “цэха” Ляхавіччыны парадніўся з прафесіяй у найбольшай ступені. Ідэя не новая: падобнае спаборніцтва ўпершыню адбылося ў 2007 годзе. Прайшло і забылася, пакуль у сярэдзіне мінулага тыдня несумненна цікавае, мерапрыемства было адноўлена. Ініцыятарам вы-ступіў Ляхавіцкі РК ГА БРСМ, праходзіў конкурс на базе і пры фінансавай падтрымцы РАС ДТСААФ, з удзелам АДАІ РАУС.

Уласна, сустрэча ці, дакладней, гутарка ў фармаце “пытанне–адказ” з начальнікам аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Юрыем Малевічам і папярэднічала правядзенню непасрэдна конкурсных выпрабаванняў. У прыватнасці, была звернута ўвага на тое, што восеньская і зімовая дарога патрабуе ад удзельнікаў дарожнага руху максімальнай увагі і асаблівай пільнасці. Ранняе наступленне і позняе “адступленне” цёмнага часу сутак, магчымыя ўжо хутка галалёдзіца, выпадзенне снегу значна ўскладняюць шафёрскую працу, абавязваюць пры-трымлівацца выключна “мяккага” стылю кіравання аўтамабілем. Заслугоўвае ўвагі агучаны начальнікам АДАІ факт: за 3 апошнія гады на тэрыторыі раёна не адбылося ні аднаго ДТЗ з  удзелам маладых – вадзіцельскі стаж да 2 гадоў – вадзіцеляў.

Конкурсныя выпрабаванні праходзілі ў 2 этапы: тэарэтычны (на веданне Правілаў дарожнага руху), і практычны, у ходзе якога ўдзельнікам належала прадэманстраваць навыкі ваджэння легкавога аўтамабіля. Пераможцам, згодна рэгламента спаборніцтва, станавіўся лепшы па суме выступленняў.

І вось, секундамер запушчаны. Роўнае веданне ПДР паказалі прадстаўнік КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Аляксандр Дубаў і Яўгеній Нікулін з УБП “Ляхавіцкая ПМК-13” Аднак, Аляксандр справіўся з заданнем крыху хутчэй, адпаведна, яму і было аддадзена першынство ў намінацыі. Трэцім жа тут стаў вадзіцель Ляхавіцкага РАНС Сяргей Івашка.

Практычны, за баранкай “Опеля”, экзамен у пэўнай ступені пацвердзіў невыпадковасць вынікаў першага этапу выпрабаванняў. Толькі Аляксандр і Яўгеній з першай спробы і без памылак справіліся з выкананнем усіх трох элементаў-практыкаванняў. Розніца ў тым, што для пераадолення дыстанцыі апошняму спатрэбілася на 30 секунд менш, чым апаненту. Гэта вывела Яўгенія Нікуліна не толькі ў пераможцы этапа, але і хапіла для таго, каб стаць пераможцам конкурсу ўвогуле.

За плячыма Яўгенія прыкладна 6 гадоў вадзіцельскага стажу.  Апошнім часам працуе не зусім, калі так можна сказаць, вадзіцелем – кіруе франтальным пагрузчыкам “Амкадор”.

Другім прызёрам раённага спаборніцтва маладых вадзіцеляў стаў Аляксандр Дубаў, а на трэцяе месца падняўся Юрый Сяргей з ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” – той самы, што з’яўляецца адным з сёлетніх пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня.

Кожны з тройкі лепшых канкурсантаў быў адзначаны граматай РК ГА БРСМ і РАС ДТСААФ, атрымаў падарунак.

У планах арганізатараў – зрабіць мерапрыемства штогадовым, а тэрміны яго правя-дзення прымеркаваць да прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў.

І нарэшце. Цікавы па задумцы, добра арганізаваны і праведзены конкурс меў, на жаль, не надта шырокае прадстаў-ніцтва. Акрамя чатырох ўжо названых арганізацый і устаноў раёна, ў спаборніцтвах удзельнічаў і нядрэнна выступіў Іван Мішкевіч з ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. А дзе ж многія іншыя прадпрыемствы раёна?

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *