Філосаф. Патрыёт. Наш першадрукар. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Дзень 6 жніўня 1517 года, дзякуючы нашаму славутаму земляку Францыску Скарыне, застаўся ў гісторыі на стагоддзі. З “Псалтыра”, выдадзенага палачанінам, пачалося беларускае кнігадрукаванне.

Напярэдадні жнівеньскага раённага педсавета, Дня ведаў, першых урокаў, прысвечаных вытокам нацыянальнай культуры, землякі-педагогі падзяліліся думкамі, што для іх значыць імя Францыска Скарыны.

Міхаіл КУРЛОВІЧ,  настаўнік гісторыі гімназіі:

–  У першых радках Евангелія ад Іаана сказана: “В начале было Слово…”. Доўгі час друкаваным словам валодалі толькі выбраныя. Слова нашага земляка дазволіла наблізіць кнігу да простага народа. На-друкаваныя Скарынам кнігі сталі арыенцірам, маяком, які асвятляў і рабіў жыццё больш асэнсаваным і зразумелым.

Мікалай РАСОХА, настаўнік рускай мовы і літаратуры  Падлескага ДС-БШ:

– Дзякуючы нашаму першадрукару, кніга стала даступнай вялікай колькасці насельніцтва. Палымяны патрыёт і чалавек універсальных ведаў, Францыск Скарына ад-

крыў сусвету Беларусь. Як у кроплі вады вясёлка расквечвае наваколле, так у дзейнасці першадрукара расквітнела наша нацыянальная культура.

Людміла ЛУЗЯНІНА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Конькаўскага ДС-СШ:

– Штодня трымаем у руках часопісы, газеты, кнігі. І нават не задумваемся, што такая магчымасць – спадчына Францыска Скарыны. Гэта гонар, што ён атрымаў вучоную ступень нават у той час, калі большасць насельніцтва краіны была ўвогуле непісьменнай. Скарына для мяне перш за ўсё патрыёт. Нягледзячы на сваё шляхецкае паходжанне, ён дбаў пра людзей простых, выдаючы Біблію, якая магла б

стаць і чытанкай для малых, і кнігай, дзе знойдуць адказы на свае пытанні людзі сталыя.

Сяргей СМАЛОНСКІ, настаўнік гісторыі  Падлескага ДС-БШ:

– У гісторыі кожнай дзяржавы ёсць асобы, пра якіх можна сказаць: яны штурхаюць наперад развіццё. І часам – не толькі сваёй краіны. Францыск Скарына – адна з такіх асоб у гісторыі славянскага свету. Роля нашага земляка як першадрукара ўсходніх славян неацэнная. Таму адносіны да яго асобы – глыбока паважлівыя і ўдзячныя.

Лілія ПЯТРОЎСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Малагарадзішчанскага ДС-СШ:

– Францыск Скарына – патрыёт i сын свайго народа. Ён разумеў важнасць роднай мовы як асновы, што аб’ядноўвае народ і вызначае яго самабытнасць. Трэба, каб дзеці змалку ведалі, што быў такі Скарына, наш суайчыннік, і што менавіта ён стаяў ля вытокаў беларускага кнігадрукавання.

Данута КАРДАШ, выхавальніца Русінавіцкага дзіцячага сада:

– Патрыёт, гуманіст, працы якога прасякнуты клопатам пра грамадства, чалавека. Скарына стаў бацькам беларускага кнігадрукавання.

Алена КАМКО, настаўніца  гісторыі СШ №1:

– Тытан беларускага Адраджэння, асветнік-гуманіст, філосаф, пісьменнік, грамадскі дзеяч, вучоны-медык – гэта ўсё пра нашага славутага Фран-цыска Скарыну. Ён вучыў любіць і паважаць сваю Айчыну, сваю мову, заклікаў спасцігаць веды, шанаваць кнігу.

Алена ГЕРУС, загадчыца Задворскага дзіцячага сада:

– Цікавасць да культуры свайго народа неабходна абуджаць з ранняга дзяцінства. Вялікая роля ў гэтым належыць кнізе. Мова, кніга – той скарб, які падарыў нам Францыск Скарына. Менавіта пра яго мы з гонарам гаворым – наш першадрукар. У дзіцячым садку ў Дзень ведаў абавязкова ўспомнім нашага земляка. Канешне, размова будзе ісці на беларускай мове.

Іван ШПАК, настаўнік беларускай і рускай мовы і літаратуры  Тальмінавіцкай СШ:

– Наш суайчыннік зрабіў вялікую справу – адкрыў, без перабольшання, Беларусь усяму свету. Лічу, што значнасць гэтага як мага раней павінны ўсвядоміць хлопчыкі і дзяўчынкі. Яго жыццё і дзейнасць – заклік для кожнага з нас: любіць сваю мову, месца, дзе нарадзіўся.

Гутарыла  Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *