Ад спрадвечных крыніц да сучасных акордаў

Здаецца, у гэты дзень супала ўсё.  Месца. Неверагоднай прыгажосці «лесвіца ў неба», поўныя таямніц муры былога маёнтка Рэйтанаў, алеі лістоўніц, якія вабяць незвычайнасцю формаў.
Людзі. Апантаныя гісторыяй роднай зямлі, неабыякавыя да фальклору, якія берагуць і прымнажаюць бясцэнны скарб народных традыцый.  Час. Сонечны жнівеньскі дзень падарыў удзельнікам XVI раённага свята фальклорнага мастацтва «З крыніц спрадвечных» незабыўную атмасферу. А яшчэ сёлетні фальклорны фэст супаў з Яблычным Спасам.
Кожны год такая адметная падзея ў культурным жыцці Ляхавіччыны  аб’ядноўвае аматараў вакальнага і інструментальнага мастацтва з розных раёнаў вобласці.  І кожны калектыў эксклюзіўны ва ўсім. Свая гісторыя, якая пачынаецца з матуліных калыханак, з першых прыпевак, якім вучыла бабуля, з абрадаў, якія некалі былі абавязковай часткай побыту. Касцюмы, яркія і самабытныя, у якія ўкладзена пэўнае значэнне, што адрознівае ад іншых. Мастацкая спадчына таксама ўнікальная.  І яшчэ адна немалаважная акалічнасць – паўсюль гучала жывая беларуская мова, чаго ў паўсядзённым жыцці так не хапае.

Паветра напоўнілася гукамі музычных інструментаў, спевамі ў фальклорным стылі –  і алея ажыла. Імпрэза пачалася з шэсця калектываў, якія рушылі пад ценем магутных дрэў да канцэртнай пляцоўкі, што размясцілася ля старога сядзібнага дома. У гэты дзень 12 самадзейных калектываў прыехалі паказаць свае мастацкія здабыткі, пазмагацца за права называцца лепшымі ў трох намінацыях, падзяліцца вопытам з калегамі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў свята звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, якая нагадала пра важнасць і каштоўнасць такіх праектаў, што даюць магчымасць захаваць і прымножыць беларускія традыцыі, падзякавала кожнаму, хто ў гэты дзень таксама дакрануўся да гісторыі і культурнай спадчыны.

Свае кулінарныя здольнасці дэманстравалі прадстаўнікі ўстаноў культуры нашага раёна. Для многіх гледачоў шырокі выбар страў беларускай кухні стаў адкрыццём.

– Пакаштуйце бабку, па ўласным рэцэпце, з грыбамі. А пончыкі проста аб’ядзенне! А хатні квас! Такога вы яшчэ не каштавалі, –  раіць дэгустатарам сямейная пара Карповічаў – дырэктар Малагарадзішчанскага СДК Міхаіл і мастацкі кіраўнік Валянціна. Яны не першы год радуюць гасцей свята, таму ведаюць, чым здзівіць нават самага патрабавальнага гурмана.

Майстры самых розных тэхнік і рамёстваў збіралі вакол сваіх вырабаў прыхільнікаў ручной работы. У гэтым годзе атрымалася гарманічнае спалучэнне самых традыцыйных беларускіх заняткаў, напрыклад, саломапляцення, вышывання  карцін, ікон, абрусаў, рушнікоў крыжыкам і гладдзю, вязання кручком, і сучасных творчых знаходак ляхавіцкіх майстроў: выклікалі інтарэс драўляныя магніты (між іншым, з выявамі Тадэвуша Рэйтана, капліцы і палаца), упрыгожанні з атласных стужачак, модныя скураныя рэчы (ад манетніц да жаночых сумак).

Колькі людзей зацікаўлена спыняліся ля выставы работ Марыі Пісаравай з аграгарадка Русінавічы. Дзівіліся не толькі вышытымі карцінамі, вязанымі рэчамі. Але і тым, як майстрыха з запалам расказвала пра справу жыцця, якой захапілася яшчэ ў дзесяцігадовым узросце. Сама таксама апранулася ў адзенне, як кажуць, уласнай вытворчасці. А як ператварыць непатрэбныя, на першы погляд, рэчы ў цікавыя элементы дэкору, прапанавала Наталля Пражога з Навасёлак.  Багатая на таленты наша ляхавіцкая зямля,  выстава мясцовых умельцаў – таму пацвярджэнне.

Пра тэхналогію вырабу можна было не толькі спытаць, нават прайсці майстар-клас. А многія на памяць пра фальклорнае свята ў Грушаўцы набылі сувеніры.

Пафестывалілі ад душы: удзельнікі і госці фэсту падтрымлівалі канкурсантаў, падпявалі, дарылі шчырыя апладысменты, а многія не змаглі ўседзець на месцы, кінуліся танчыць і запалілі энергіяй іншых.

У намінацыі «Абрад» перамаглі госці з Піншчыны: народны фальклорна-этнаграфічны калектыў «Дударыхі» Валішчанскага СДК перанёс  гледачоў у вясковую хату з вясельнай атмасферай, калі жанчыны збіраліся замешваць і выпякаць каравай. Таленавіты калектыў атрымаў грамату І ступені  і ў намінацыі «Фальклорная песня».  А самымі яркімі, жартоўнымі, жыццёвымі сталі прыпеўкі фальклорнага гурта «Грымата» Дабраслаўскага СДК (таксама з Пінскага раёна).

Крыніцай натхнення, сапраўд-най майстэрняй для мастакоў на адкрытай пляцоўцы сталі ваколіцы рэйтанаўскага маёнтка. Грушаўскія краявіды –палац, рэшткі бровара, стайні, флігель, сажалка, якую аблюбавалі лебедзі, – ажывалі ў акварэлях мастакоў з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя   А.С. Пушкіна.

Працягнуў святочную праграму «Кірмаш гумару па-ляхавіцку».

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *