Восенню ўсё здараецца

Для начальніка УБП «ПМК-13» ААТ «Пінсксаўгасбуд» Міхаіла Шэйды восень і наш невялікі і ўтульны райцэнтр — час года і месца на геаграфічнай карце вызначальныя і ў працы, і ў жыцці. Восенню нарадзіўся, у першы дзень восені ў якасці студэнта пера-ступіў парог Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. А праз 5 гадоў зноў жа восенню і зноў у Ляхавічах ён выйшаў на сваё першае працоўнае месца на пасаду старшага інжынера мясцовай сельгастэхнікі.
Час імкліва рухаўся наперад. Сталеў, мужнеў, набіраўся працоўнага і жыццёвага вопыту, удасканальваўся ў прафесіі малады, мэтанакіраваны спецыяліст.

А восень працягвала прыносіць усё новыя падзеі. У кастрычніку 1996 года калектыву Ляхавіцкай ПМК-13 прадставілі начальніка — Міхаіла Шэйду. І вось ужо 25 гадоў ён нязменны кіраўнік адной з лепшых будаўнічых арганізацый Брэстчыны. Высокі прафесіяналізм, добрыя традыцыі, адказнасць кожнага на сваім участку — вызначальныя рысы прадпрыемства, працаўнікі якога сталі «аўтарамі» многіх аб’ектаў па ўсёй краіне. ПМК-13 мае ліцэнзіі на ўсе віды будаўнічых работ, акрамя таго — мантажныя, тэхнічныя, аддзелачныя і інш. Зладжаная работа ўсяго калектыву, добрыя вытворчыя паказчыкі і, як вынік, тысячы квадратных метраў у новабудоўлях. І гэта — у немалой ступені дзякуючы прадбачлівасці, ініцыятыўнасці і надзейнасці кіраўніка. А Міхаіл Шэйда па-сапраўднаму апантаны сваёй работай і прафесіяй, таму і мае аўтарытэт сярод калег і падначаленых.

Нягледзячы на тое, што Міхаіл Антонавіч вельмі строгі, патрабавальны і, магчыма, у некаторых сітуацыях, амбіцыёзны (што датычыць работы), то па жыцці ён вельмі чулы і добразычлівы чалавек. Да яго звяртаюцца людзі яшчэ і як да дэпутата раённага Савета дэпутатаў.
Зусім непрыкметна ляцелі-мільгалі гады, якія прыносілі Міхаілу Шэйду і ўдачы, і праблемы, і радасці, і засмучэнні. Жыццё — як жыццё. І вось — юбілейная дата.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ўшаноўвалі ў гэты дзень начальніка УБП «ПМК-13». Шмат цёплых слоў у адрас юбіляра гаварылі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук і старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, былыя калегі па будаўнічай галіне. Пад апладысменты прысутных Міхаілу Шэйду былі ўручаны ганаровыя граматы райвыканкама і райсавета. Віншаваў Міхаіла Антонавіча і яго калектыў, тыя людзі, з якімі ён настойліва і аддана штогод бярэ працоўныя вышыні, на якіх спа-дзяецца і якім давярае, як сабе. Напэўна, каб сабраць у адно цэлае ўсё, што пабудавала каманда Шэйды, то атрымаўся б вялікі горад. Няхай яшчэ ў будучым прыбавяцца да яго новыя кварталы — дабротныя, надзейныя, прыгожыя — почырк работы Шэйды.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *