«З намі заўсёды цёпла!»

– Пах газу ў кватэры? Тэрмінова перакрыйце газ, адкрыйце вокны, праветрыце памяшканне, не карыстайцеся агнём і электрапрыборамі. І ні ў якім разе не курыце! Брыгада выязджае, – падрабязна  інструктуе па тэлефоне прыёмшчык заказаў усхваляванага абанента. Аварыйна-газавая  брыгада  ў складзе майстра, слесара, вадзіцеля прымае заяўку і спяшаецца па адрасе.
«Аварыйка» выязджае  не толькі ў выпадку няштатнай сітуацыі, але і для рамонтна-тэхнічнага абслугоўвання газавага абсталявання. За суткі аварыйна-дыспетчарская служба Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння прымае ў сярэднім да 100  тэлефанаванняў, у тым ліку і звароты  на дастаўку звадкаванага газу. Самы гарачы час – восень-зіма. Менавіта з пахаладаннем многія нашы  землякі часцей набіраюць  нумар 104 ці  2-15-04.
Ляхавіцкі раён  газазабеспячэння – структурнае падраздзяленне ВУ «Баранавічыгаз».Пасля  праведзенай  аптымізацыі  значна пашырыліся яго функцыі, прыбавілася і клопатаў. Тэрыторыя адказнасці арганізацыі – 221 кіламетр газавых сетак, з якіх 30 працэнтаў высокага ціску, 10 – сярэдняга і астатнія – нізкага ціску (тыя, што вядуць да кухонных пліт і калонак). Для іх надзейнай работы функцыянуюць 26 газарэгулятарных пунктаў. Яны абсталяваны сістэмай тэлеметрычнага кантролю, параметры якога адлюстроўваюцца на   маніторы  дыспетчара.
– Газазабяспечваючая  арганізацыя перш за ўсё  выконвае сацыяльную функцыю. Асноўная наша задача – надзейнае  і якаснае газазабеспячэнне спажыўцоў, безаварыйная і бесперабойная работа газавай сістэмы, – адзначае дырэктар ВУ «Баранавічыгаз» Уладзімір Столяр.
Ахова працы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне кваліфікацыі персаналу, стварэнне адпаведных умоў працы –  важныя моманты ў дзейнасці прадпрыемства. Інструктажы, навучанне і адшліфоўка спецведаў і навыкаў – справа сістэмная і пастаянная. На ўзбраенні ў работнікаў разумныя  прыборы-памочнікі – па вызначэнні цягі вентканалаў і дымаходаў, а таксама па выяўленні ўцечак газу на адлегласці да 30 метраў.
Без блакітнага агеньчыка  сёння цяжка ўявіць наша жыццё. Ён стаў неад’емным  складнікам камфорту і ўтульнасці. Але, калі не выконваць меры бяспекі і не сачыць за станам газавага абсталявання, газ  з сябра можа стаць ворагам. Пліты, калонкі, катлы, якія «пражылі» больш за  2 дзесяцігоддзі, падлягаюць абавязковай замене. У зоне адказнасці газавікоў і стан «начынкі» газаразмеркавальных і шафных рэгулятарных  пунктаў,  абслугоўванне  газавых ёмкасных установак, унутрыдамавых сістэм газазабеспячэння, абследаванне і сэрвіс абсталявання  і многае іншае. За год гаргаз рэалізуе больш за 20 мільёнаў кубаметраў прыроднага газу, палову якога спажывае насельніцтва.
Будаўніцтва новай газавай  артэрыі – значная падзея для населенага пункта.  Працягваецца газіфікацыя Вялікай Лотвы – сёлета сетка прырасце больш чым на 2 кіламетры, распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва газаправода ў аграгарадку Русінавічы.
Паспяховая дзейнасць прадпрыемства – заслуга зладжанай каманды з 48  прафесіяналаў.  Працуюць адказна, добрасумленна і якасна.  Быць адным з «гаргазаўцаў» – ганарова.
Дзесяцігоддзе на чале арганізацыі  кампетэнтны  і патрабавальны кіраўнік  Ігар Чвыр.    У раёне газазабеспячэння стаўку робяць на спалучэнне вопыту, маладосці і прафесіяналізму. Старшы майстар Вячаслаў Шчука,  акрамя прафесійных дасягненняў, плённа ўзначальвае і прафсаюзную пярвічку – умее згуртаваць і арганізаваць. Важны і складаны ўчастак працы па кантролі за эксплуатацыяй унутрыдамавога газавага абсталявання (а гэта больш за 20 тысяч устройстваў) знаходзіцца ў руках майстра Алега Кабельчука. Старшы майстар аварыйна-дыспетчарскай службы Вадзім Сотнікаў  штораз пацвярджае  класнасць не толькі тэарэтычна, але і практычна.  Вось і на нядаўнім  абласным конкурсе прафесійнага майстэрства сярод аварыйна-дыспетчарскіх службаў заняў чарговае прызавое  месца. Галоўны інжынер Юрый Разжалавец на пасадзе нядаўна, але за кароткі час паспеў увайсці ў курс справы, у мінулую пятніцу на базе падраздзялення паспяхова прайшоў абласны семінар галоўных інжынераў.
– Добрых слоў за адданую працу заслугоўваюць вадзіцель Сяргей Рокач, слесары Аляксандр Мелехавец, Ігар Дыдышка, Аляксандр Пінчук, Валерый Перапечка, Сяргей Войцік, – расказвае Уладзімір Столяр.
Сярод галасоў прыёмшчыкаў заказаў у тэлефоннай трубцы гучыць і прыемны тэмбр Таццяны Пятроўскай – кваліфікаванай  работніцы, актыўнай удзельніцы  грамадскіх спраў.  Больш за 3 дзесяцігоддзі аддала службе вядучы бухгалтар Святлана Счасная.
Сярод падраздзяленняў газавай гаспадаркі важнае  месца займае служба газу. Спецыялісты Ала Столяр і Сняжана Чарняўская не зводзяць выкананне сваіх абавязкаў да бюракратычнага «праверыў-запісаў». Трэба – пракансультуюць па газавых пытаннях, дапамогуць.
Развозчыкі звадкаванага газу Віктар Івановіч  і Сяргей Чалевіч – жаданыя  госці  ў  кожным доме, асабліва – калі блакітны агеньчык патрабуе дадатковага сілкавання.
Кожны работнік у раёне газазабеспячэння, кожная служба працуюць на адзін  вынік – несці цяпло людзям.
– Шчыра віншую з прафесійным святам калектыў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, нашых ветэранаў і  спажыўцоў. Лозунг галіны «З намі заўсёды цёпла!». Няхай цёпла будзе і ў вашых сем’ях, пануюць узаемаразуменне, дабрабыт, не падводзіць здароўе, – перадае святочныя  пажаданні дырэктар ВУ «Баранавічыгаз» Уладзімір Столяр.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
ДАРЭЧЫ

● Ляхавіцкі раён газазабеспячэння абслугоўвае больш за 20 тысяч адзінак газавыкарыстальнага  абсталявання.
● На  адно домаўладанне  ў  нашым раёне ў сярэднім у год  рэалізуецца каля 1239 кубаметраў газу.
● З пачатку года ў раёне абаненты замянілі больш за 750 адзінак старога газавага абсталявання на новае і бяспечнае.

Начальнік ВУ «Баранавічыгаз» Уладзімір Столяр (справа) і начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Ігар Чвыр.

Аварыйна-газавая брыгада да выезду гатова: старшы майстар Вадзім Сотнікаў, слесар Уладзімір Івановіч і вадзіцель Сяргей Рокач.

Аператар АГЗС Аляксандр Варановіч і вадзіцель газанапаўняльнай станцыі Уладзімір Амбражэйчык.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *