Верасень без нас засумаваў

Гімназія прызнана ў раёне лепшай установай адукацыі па выніках 2016/2017 навучальнага года.

У гэтыя дні тэма № 1, без перабольшання, – адукацыйная. У цэнтры ўвагі –  сістэма ацэнак, распрацоўка і выданне новых падручнікаў, укараненне аўтарскіх методык навучання і выхавання. Пра гэта і многае іншае ішла размова на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педагагічнага савета, што прайшоў на мінулым тыдні ў сталіцы. Сярод больш як 800  яго ўдзельнікаў і  нашы землякі – начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская і намеснік дырэктара СШ №2 Таццяна Доруш. На раённым педагагічным форуме, што сабраў у панядзелак у гарадскім Доме культуры прадстаўнікоў усіх навучальных устаноў Ляхавіччыны, яны падзяліліся з калегамі  сваімі ўражаннямі і меркаваннямі.

Але спачатку былі віншаванні. Кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч адрасаваў іх усім  настаўнікам. Падкрэсліў важнасць прафесіі і адзначыў, што ў іх руках – будучае раёна, вобласці і краіны. А адна  з галоўных задач настаўнікаў – выхаваць сваіх вучняў сапраўднымі патрыётамі.
Старшыня райвыканкама выказаў словы шчырай  падзякі дырэктарам устаноў, якія ўпэўнена і плённа  на працягу многіх гадоў вялі наперад калектывы Дараўскай,  Ліпскай СШ, Ураджайнінскага  дзіцячага сада – Але Бубен, Аляксандру Гатоўчыцу, Ганне Сяргей.
Вячаслаў Лукіч уручыў лепшым педагогам раёна ўзнагароды райвыканкама і райсавета. Граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь удастоена намеснік дырэктара гімназіі Святлана Ермаковіч. Дарэчы, на форуме шэрагу  педагогаў  былі ўручаны граматы ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прафсаюза.
Героі свята – 22 маладыя спецыялісты, якія ў Дзень ведаў правядуць свой першы ўрок у статусе педагога. Ім – кветкі, сувеніры і пажаданні ад калегі – настаўніцы Падлескага дзіцячага сада – базавай школы Анастасіі Шахмуць – пераможцы раённага конкурсу  «Педагагічны дэбют» у намінацыі  «Лепшы малады педагагічны работнік».
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама  Святлана Якубоўская гаварыла пра актуальныя напрамкі развіцця сістэмы адукацыі  раёна, пра тое, што  ўстановам адукацыі неабходна даваць падрастаючаму пакаленню жыццёвы трамплін і базавыя гарантыі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.  Дамашняе заданне на сёння – знайсці ўласную мадэль развіцця, максімальна адпавядаючы запытам на адукацыйныя паслугі. Святлана Канстанцінаўна падкрэсліла, што школы, якія проста функцыянуюць, сёння ўжо не патрэбны – патрэбны ўстановы, якія актыўна развіваюцца.
Прэзідэнт на Рэспубліканскім педсавеце гаварыў і пра тое,  што кожнае дзіця адоранае, а задача дарослых – раскрыць і развіць яго здольнасці і талент.
Прыемна, што нашы школьнікі пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў збіраюць шчодры ўраджай узнагарод у разнастайных конкурсах, спаборніцтвах, творчых іспытах. Вялікая доля ў ім ляхавіцкіх спартсменаў.
Адметна, што ў Год навукі 5 устаноў адукацыі стануць пляцоўкай для інавацыйных праектаў. Будзе прадоўжана  рэалізацыя праектаў у яслях-садзе №1, СШ №1, Крывошынскай СШ. Уключаны на 2017/2018 вучэбны год  у  эксперыментальную дзейнасць гімназія і Жарабковіцкая СШ.
Вынікам інавацыі ў  СШ № 2 стала цеснае супрацоўніцтва з БарДУ і Беларускім дзяржаўным педуніверсітэтам імя Максіма Танка, а самае галоўнае –павелічэнне колькасці выпускнікоў, якія паступілі на педспецыяльнасці.  Аддзел адукацыі ставіць перад школамі задачу арганізаваць сумесную  работу з сярэднімі спецыяльнымі і прафесіянальна-тэхнічнымі навучальнымі ўстановамі.
Дае добрыя парасткі профільнае навучанне. Выпускніца СШ№2 Анастасія Сокал была  ўдастоена дыплома   абласнога конкурсу для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці (кіраўнік Наталля Ланкуць), а 11-класнік з гэтай жа школы Сямён Кулагін  ўзнагароджаны дыпломам I ступені на XIII міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых даследчыкаў. Прыемна, што 17 нашых юных землякоў на ЦТ атрымалі  ад 86 да 100 балаў.  Традыцыйна выдатныя вынікі  паказваюць на тэсціраванні  гімназісты, а ўстанова на працягу апошніх пяці гадоў лідзіруе ў раённым рэйтынгу.
Якасць адукацыі неаддзельная ад падрыхтаванасці педагогаў, якія нястомна адточваюць  свой прафесійны ўзровень. 92 працэнты з іх у нашым раёне маюць вышэйшую адукацыю, 26 – вышэйшую катэгорыю,  павялічваецца колькасць сертыфікаваных карыстальнікаў камп’ютараў. Настаўнік-метадыст СШ №1 Сяргей Абярган стаў пераможцам завочнага этапу XII рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», а сайт школы, адміністратарам якога ён з’яўляецца, прызнаны лепшым у абласным спаборніцтве.
Штогод умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база школ, дзіцячых садоў, падтрымліваюцца бяспечныя   ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу.
Урачысты момант – уручэнне сертыфікатаў пераможцам  раённага конкурсу на лепшую ўстанову адукацыі. Сёлета імі сталі гімназія і яслі-сад №3.  У розных намінацыях былі адзначаны Навасёлкаўскі дзіцячы сад, СШ №2, яслі-сад №1,  Крывошынская, Жарабковіцкая  школы. У конкурсе па добраўпарадкаванні  і азеляненні тэрыторыі ўстаноў адукацыі ў 2016/2017 годзе вызначаны тры прызавыя месцы,  на першым – Начаўскі дзіцячы сад. Лідарам круглагадовай спартакіяды школьнікаў стала СШ №2.
Падарункам удзельнікам форуму ад рабят з СШ №1, настаўнікаў гімназіі, а таксама самадзейных артыстаў  раёна сталі яркія канцэртныя нумары. Выстаўкі-прэзентацыі інавацыйных праектаў, стэнды з графікамі дасягненняў  устаноў адукацыі,  кветкавыя кампазіцыі расквецілі традыцыйную педагагічную жнівеньскую сустрэчу, дазволілі   прадэманстраваць важкія напрацоўкі школ і дзіцячых садоў.
… Сонечна палаюць аксаміткі – веснікі восені, кружыцца адзінокі ліст. Паслязаўтра  – 1 верасня, Дзень ведаў. Са святам!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
З узнагародай!

Граматай Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме спецыяльнай адукацыі, мэтанакіраваную работу над стварэннем і падтрыманнем неабходных умоў для фізічнага, разумовага і асобаснага развіцця выхаванцаў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўзнагароджана дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна Наталля МАСЛОЎСКАЯ.
Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме адукацыі, мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу і развіцці творчых здольнасцяў вучняў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўзнагароджаны настаўнік фізікі Востраўскай СШ Іван ВАЙЦЕШЫК.
За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме дашкольнай адукацыі, мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу і развіцці творчых здольнасцей выхаванцаў, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Падзячным пісьмом Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта адзначана музычны кіраўнік  ясляў-сада № 3 г. Ляхавічы Таццяна ЦІТКО,  Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў – загадчыца Тухавіцкага дзіцячага сада Зінаіда ГУНЬКО.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч падчас педагагічнага форуму ацаніў выставы ўстаноў адукацыі.

Калі ласка, у школу, маладыя настаўнікі!

Да ведаў - гатовыя!


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *